10 дзён чараўніцтва і магіі

Неверагодныя прыгоды, ахутаныя чараўніцтвам і магіяй, чакалі юных актывістаў Ганцавіччыны ў раённым лагеры “Лідар”, які пяты раз гасцінна сустрэў мэтанакіраваных і ініцыятыўных хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёлета да іх у рамках міжнароднага супрацоўніцтва далучыліся равеснікі з Малдовы.

Арганізатарам змены давялося шмат папрацаваць, каб знайсці ідэю, здольную аб’яднаць дзяцей рознага ўзросту, розных інтарэсаў і нават нацыянальнасцей. Вынікам нястомнага творчага пошуку стаў сацыяльна-педагагічны праект “Лідар-Хогвартс, ці Пасланне Альбуса Дамблдора”. Гісторыя юнага чараўніка Гары Потэра і яго сяброў, герояў кнігі Д.Роўлінг, даўно пакарыла сэрцы дзяцей і дарослых, таму рэалізацыя праекта не выклікала асаблівых цяжкасцей і дазволіла адразу акунуцца ў свет магічных падзей. Чароўныя заклінанні, незвычайныя заданні і захапляльныя экскурсіі штодзень набліжалі вучняў школы “Лідар-Хогвартс” да выканання паслання Дамблдора — вызвалення школы ад чорных чараўнікоў. Найбольш значныя падзеі лагернай змены асвятляліся на старонках газеты “Хогвартс-Тime”. Нежартоўная барацьба за лідарскія пазіцыі нікому не дазволіла застацца ўбаку.

Першы дзень сабраў удзельнікаў змены на імправізаванай платформе 93\4. Гульнявы квест “Пасланне Дамблдора” дапамог успомніць галоўных герояў гісторыі пра Гары Потэра, азнаёміцца з традыцыямі лагера, выпрацаваць камандную тактыку і вызначыць лідараў. Напрыканцы гульні ўсе атрады былі перайменаваны ў факультэты: “Грыфіндор”, “Пуфендуй”, “Слізэрын”, “Захавальнікі філасофскага каменя”, “Ордэн Фенікса” і інш.

Цэнтральным мерапрыемствам другога дня стала ўрачыстае адкрыццё змены. Юныя чараўнікі вельмі хваляваліся, выконваючы першае заклінанне, пры дапамозе якога “Лідар-Хогвартс” змог наведаць прафесар Альбус Дамблдор. Конкурс факультэцкіх візітовак “Усё таемнае становіцца яўным” здзівіў прафесарска-выкладчыцкі склад незвычайным мысленнем і творчым падыходам дзяцей. Прыемным завяршэннем святочных мерапрыемстваў стаў касцёр дружбы, распалены пры дапамозе магічнага абраду.

Выдатную эрудыцыю і логіку каманды паказалі падчас інтэлект-шоу “Турнір 6 чараўнікоў”.

Адным з самых захапляльных мерапрыемстваў стаў гульнявы квест “Падарожжа на станцыю Хогсміт”. Свежае паветра і сонечнае надвор’е спрыялі добраму настрою юных чараўнікоў, якія з лёгкасцю пераадолелі перашкоды на турыстычнай алеі і прыпынку надзвычайных здарэнняў, зладжана перайшлі скрыжаванне “Бяспечны веласіпед”, весела прабегліся па бульвары інтэлектуалаў, дружна наведалі вуліцу першай медыцынскай дапамогі і спартыўны завулак, добра падсілкаваліся на плошчы прыемнага апетыту.

Выкарыстоўваючы машыну часу, выкладчыкі “Лідар-Хогвартс” перанеслі дзяцей на сапраўдны калядны баль, дзе іх чакалі яркія агні, элегантныя ўборы, вясёлыя танцы, вызначэнне караля і каралевы. Які баль без чараўніцтва? Напрыканцы яго з’явіўся магістр белай магіі і паказаў неверагодныя цуды. Вечарам машына часу перанесла ўсіх на запальную танцавальную праграму “Наперад у мінулае!”.

Атмасфера спартыўнага азарту панавала на гульнявым полі падчас спаборніцтваў па квідычы. У фінальнай гульні ўдзельнічала каманда прафесарска-выкладчыцкага складу, што яшчэ больш актывізавала балельшчыкаў.

Конкурс праектаў “Запрашаем на Ганцавіччыну”, праграма “Гульні мінулых стагоддзяў” і дыскатэка “Беларускія замалёўкі” нагадалі школьнікам, што ў аснове выхавання сапраўдных чараўнікоў — любоў і павага да сваёй радзімы.

Напярэдадні конкурсна-гульнявой праграмы “Караоке-шоу” харызматычныя і творчыя чараўнікі падрыхтавалі гумарыстычныя відэакліпы на вядомыя кампазіцыі, а падчас праграмы паказалі вакальныя даныя і логіку пры вырашэнні нестандартных сітуацый. Сапраўдны ажыятаж выклікала заданне дня “Касплэй-студыя”. Натхніўшыся прыкладамі з інтэрнэту, юныя чараўнікі падрыхтавалі арыгінальныя работы.

Выпускны баль юных чараўнікоў засведчыў паспяховае выкананне паслання Дамблдора. Па выніках навучання ў школе “Лідар-Хогвартс” 6 яе выхаванцаў сталі магістрамі магіі і 47 — бакалаўрамі. Лепшым факультэтам прызнаны “Грыфіндор”, які набраў амаль 3,5 тысячы балаў.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.