100 дзён выхавання ў школе, або “Мамін” урок на 10 балаў

- 17:36Рознае, Якасць адукацыі

Для таго каб супрацоўніцтва настаўніка з бацькамі прыносіла карысць сям’і, у якой выхоўваецца дзіця, педагогу даводзіцца шмат працаваць. Безумоўна, дасягнуць паразумення з бацькамі зможа толькі той настаўнік, які стане сям’і сябрам.

Пра сямейную гармонію, выхаванне і ўрокі для бацькоў

Вядома, што ў працэсе станаўлення асобы кожнага дзіцяці вялікую ролю адыгрывае сямейная атмасфера. Педагог павінен адчуць, чым жыве сям’я, і, калі трэба, прыйсці першым на дапамогу. Кожную раніцу, увайшоўшы ў клас, трэба паспрабаваць разгледзець у дзіцячых вачах радасць або засмучэнне, клопаты і перажыванні. Толькі цеснае супрацоўніцтва з мамамі, татамі і іх дзіцем дапаможа быць у курсе ўсіх падзей. Безумоўна, сяброўства настаўніка з бацькамі адновіць і ўмацуе ўнутраны патэнцыял вучня, а таксама сарыентуе педагога, падкажа, што рабіць, каб вырашыць праблемы, якія існуюць у сям’і.
Маё цеснае супрацоўніцтва з бацькамі і дзецьмі пачынаецца задоўга да першага верасня і накіравана на гарманізацыю ўнутрысямейных адносін, фарміраванне адэкватнай самаацэнкі як дарослых, так і дзяцей. Вялікая ўвага ўдзяляецца навучанню раўнапраўных узаемаадносін у маленькай ячэйцы грамадства — сям’і. Я хачу падзяліцца сваімі формамі работы, якія даюць станоўчыя вынікі па названых напрамках.
У маім класе паспяхова прыжылася схема “настаўнік — дзіця — бацькі”. Дзякуючы гэтаму, бацькі прымаюць актыўны ўдзел у жыцці класа. Так, у пачатку навучальнага года разам з бацькамі праводжу першы ўрок. Для таго каб 1 верасня новага навучальнага года дзецям надоўга запомнілася, бацькі арганізоўваюць конкурсы, рыхтуюць пераможцам прызы. Акрамя таго, бацькі дапамагаюць праводзіць экскурсіі, самі прапануюць маршрут. Экскурсіі праходзяць, як правіла, у першыя дні верасня.
Дзеці разам з бацькамі задоўга да пачатку новага навучальнага года рыхтуюць папку “Мае дасягненні”. У яе паступова ўкладваюцца ўзоры па каліграфіі, апавяданні, прыдуманыя маленькімі пісьменнікамі, першыя рашэнні задач, геаметрычныя чарцяжы і малюнкі. У сваю чаргу я пастаянна ацэньваю кожную работу і даю поўную характарыстыку. У ёй падрабязна апісваю поспехі і дасягненні, адзначаю недахопы і недапрацоўкі і адначасова рэкамендую мамам і татам, над чым варта папрацаваць з дзіцем. Такім чынам, практычна незаўважна ўводжу ў вучэбны працэс як дзяцей, так і бацькоў. Ланцужок нашага супрацоўніцтва ўтвараецца незаўважна, але тым не менш у выніку можна назіраць, наколькі цеснай і згуртаванай з’яўляецца ўзаемасувязь паміж бацькамі і вучнямі.
Вынікі праведзенага і дасягнутага падводжу на бацькоўскіх сходах. Дарэчы, наведвальнасць на такіх мерапрыемствах у нашым класе стапрацэнтная. Думаю, немалаважную ролю ў гэтым адыгрывае індывідуальны падыход да кожнага з бацькоў. Перад сходам я абавязкова рассылаю запрашэнні з пазначэннем дакладнага часу, месца правядзення і пытанняў, якія планую абмеркаваць. На сходзе расказваю, як ідзе развіццё і выхаванне дзяцей і класнага калектыву ў цэлым. Разам мы абмяркоўваем усе праблемы класа і кожнага вучня асобна. Бацькам стаўлю пэўныя задачы ў сферы выхавання, рэкамендую, пры дапамозе якіх сродкаў і методык можна пераадолець усе цяжкасці. Раю не абмяжоўвацца толькі слоўнымі метадамі, а часцей у працэсе выхавання выкарыстоўваць розныя практычныя практыкаванні. Дарэчы, у форме гульні знаёмлю мам на бацькоўскіх сходах з практыкаваннямі, якія можна выкарыстоўваць дома. Заўважана, што бацькі падчас сходаў з задавальненнем абменьваюцца думкамі, расказваюць пра свае метады выхавання. Тыя, у каго ёсць старэйшыя дзеці, дзеляцца вопытам з маладымі бацькамі. Дарэчы, на ўсе пытанні бацькоў стараюся даць поўныя адказы. Пры неабходнасці праводжу індывідуальныя гутаркі.

Якімі бываюць 100 школьных дзён?

Для таго каб бацькі праяўлялі ініцыятыву і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці школы, запрашаю іх на ўсе пазашкольныя мерапрыемствы. Добра паказала сябе такая нетрадыцыйная форма работы, як удзел бацькоў у правядзенні ўрокаў. Такая арганізацыя вучэбнага працэсу карысная як для дзяцей, так і для бацькоў, педагога. Вельмі цікава праходзілі ўрокі матэматыкі, чытання, фізічнай культуры і здароўя, фізкультхвілінкі.
Каб не падвесці сваё дзіця, бацькі з вялікай адказнасцю рыхтуюцца да такіх заняткаў. Акрамя гэтага, працуючы побач з педагогам, пераконваюцца ў тым, што настаўніку патрэбна іх дапамога і падтрымка як у працэсе выхавання, так і ў адукацыйным плане. Дзеці ў сваю чаргу ганарацца, што іх мамы і таты прымаюць удзел у правядзенні ўрокаў, і імкнуцца праявіць сябе толькі са станоўчага боку, бо так не хочацца сарваць “мамін” урок! Дарэчы, у сваім класе я арганізоўваю “бацькоўскія” ўрокі на святах “Мы школьнікамі сталі”, “100 дзён у школе”. Наогул будзе ідэальна, калі ў першым класе ўрокі пад кіраўніцтвам бацькоў будуць арганізоўвацца хаця б раз на тыдзень.
Што да свята “Мы школьнікамі сталі”, то яго праводжу пасля курса “Уводзіны ў школьнае жыццё”. Дзеці разам са мной паказваюць бацькам, чаму яны навучыліся за першы месяц вучобы ў школе. А бацькі ў сваю чаргу праводзяць урокі, якія мы разам папярэдне распрацавалі.
Дарэчы, да свята “100 дзён у школе” мы рыхтуемся роўна 100 дзён. Для таго каб дзеці маглі арыентавацца, колькі дзён засталося да незвычайнага мерапрыемства, павесілі на сцяну самаробны каляндар. Кожны праведзены дзень у школе дзеці замалёўваюць пэўным колерам. Права замаляваць дзень атрымліваюць лепшыя вучні дня. Мая задача як педагога заключаецца ў тым, каб кожны з вучняў замаляваў хаця б некалькі дзён. А для гэтага, як вядома, неабходна знайсці, за што кожнага з дзяцей пахваліць.
За тыдзень да свята дзеці прыносяць вырабы, створаныя сваімі рукамі з дапамогай бацькоў. Прычым вырабы павінны быць выкананы са 100 любых прадметаў (гузікі, фасоля і г.д.). На аснове творчых работ арганізуецца выстава.
Бацькі маіх вучняў — частыя госці на пазакласных мерапрыемствах. З іх непасрэдным удзелам праводзяцца спартыўныя святы “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Агеньчыкі”, класныя гадзіны, а таксама канцэрты мастацкай самадзейнасці. Гэтыя маленькія святы дазваляюць бацькам лепш пазнаць сваіх дзяцей, адкрыць яшчэ невядомыя іх боку захапленні, інтарэсы, нераскрытыя таленты.
Пасля завяршэння свят, якія дапамагаюць арганізоўваць бацькі, на стэндзе змяшчаю падзякі ці ўручаю іх на апошняй класнай гадзіне пад назвай “Развітанне з… класам”.

Пра парады бабуль і “Канферэнцыю бацькаў”

За доўгі час работы ў школе я пераканалася, што нішто так не збліжае бацькоў і дзяцей, як сумесныя забавы. Менавіта таму ў маім класе збіраюцца таты, дзядулі і нават браты хлопчыкаў і дзяўчынак. Прыемна, калі на запрашэнне, напрыклад, адсвяткаваць 23 лютага, адгукаюцца мамы і бабулі. І, наадварот, калі таты і дзядулі прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да 8 Сакавіка. Вучні з задавальненнем знаёмяць са сваімі бацькамі, рыхтуюць прэзентацыі і відэаролікі. Прыжыліся ў нашым класе “Канферэнцыі бацькаў”, “Парады бабуль і дзядуляў”, “Урокі ў гонар мамы”, якія мы праводзім 23 лютага і 8 Сакавіка, а таксама ў Дзень састарэлых людзей і Дзень сям’і. У гэтыя дні мы не толькі вітаем нашых родных, але і просім іх падзяліцца сваім вопытам, расказаць пра свае школьныя гады. Бацькі прыносяць свае падручнікі, мамы чытаюць вершы бабулям. Такая сумесная форма работы дапамагае згуртаваць калектыў, перадаць вопыт і ў выхаванні, і ў некаторых адукацыйных момантах ад пакалення да пакалення. Дарэчы, вельмі цікава праходзіць “Канферэнцыя бацькаў”, куды 23 лютага запрашаюцца таты выхаванцаў. Прыемна, што на запрашэнне адгукаюцца і дзядулі, і браты вучняў. У пачатку мерапрыемства кожны вучань знаёміць са сваім татам, расказвае пра яго якасці. Некаторыя дзеці рыхтуюць відэаролікі “Мой тата”. Самае цікавае для мужчын — сачыненні дзяцей аб татах і выстава іх партрэтаў.
Пасля асноўнай часткі мы разам праводзім конкурсы, а потым таты атрымліваюць рэкамендацыі па выхаванні дзяцей. Часцей за ўсё пытаннямі выхавання ў сям’і займаецца мама, але тата таксама павінен ведаць, як выхоўваць дзіця і што лепш зрабіць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі.

Сакрэты поспеху

Падчас сумесных сустрэч з вучнямі і бацькамі я заўсёды падзяляю бацькоў і дзяцей на мікракалектывы (“экіпажы”), якія ўдзельнічаюць ва ўсіх справах не толькі класа, але і школы. Дзеці і бацькі сустракаюцца на агульных зборах, займаюцца арганізацыяй сумесных традыцыйных свят, разам рыхтуюць сямейную газету.
Здараецца, што ў працэсе работы ўзнікаюць сітуацыі, калі неабходна звярнуцца да парад бацькоў, пачуць іх меркаванне, выпрацаваць агульную лінію дзеянняў. Пошуку правільнага шляху ў вырашэнні некаторых пытанняў навучання і выхавання спрыяюць пасяджанні “Сямейнага клуба”. Разам мы не толькі цікава праводзім вольны час, але і вучымся выхоўваць і гадаваць дзяцей. У выніку гуртуецца бацькоўска-вучнёўскі калектыў, знаходзяцца шляхі вырашэння многіх праблем.
Настаўніку абавязкова трэба ведаць унутрысямейнае становішча, у якім знаходзіцца яго вучань. Толькі наведванне дзіцяці дома спрыяе знаёмству з умовамі яго жыцця. Размаўляючы з бацькамі, настаўнік мае магчымасць больш даведацца аб характары, інтарэсах і схільнасцях дзіцяці, яго стаўленні да блізкіх, школы. Я адкрыта магу праінфармаваць бацькоў пра поспехі вучня, даць парады па арганізацыі выканання дамашніх заданняў.
Безумоўна, у кожнага настаўніка з гадамі выпрацоўваецца свая методыка работы з дзецьмі, а таксама супрацоўніцтва з бацькамі. Таму, дзелячыся невялікімі напрацоўкамі, мы вучымся і адначасова дапамагаем адно аднаму.

 

Эла БЯРНЕЙ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Зэльвы.