100 гадоў разам

Чырвоныя значкі на лацканах, маладзёжны запал у мудрых вачах і быццам вернутае юнацтва… У Беларусі камсамольскі тыдзень завяршыўся святочным канцэртам “Камсамолу — 100: эстафета пакаленняў”, які прайшоў у Палацы Рэспублікі. Свята стала нагодай сотням людзей старэйшага ўзросту з усёй краіны сустрэцца, убачыць і абняць старых сяброў, успомніць моманты студатрадаўскага жыцця, зрабіць для параўнання новае фота на памяць. Для моладзі ж свята стала магчымасцю натхніцца на справы, каб некалі гэтак жа іх успамінаць, сустрэўшыся са сваімі сённяшнімі, а ў будучыні ўжо пасталелымі сябрамі.

Фота да матэрыяла: 100 гадоў разам.Сярод гасцей была і Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яна цеплынёй успамінае сваё камсамольскае юнацтва:

— У свой час я таксама была камсамолкай і вельмі ганарылася гэтым. У мяне засталіся самыя яркія ўспаміны пра той перыяд майго жыцця, таму што гэта юнацтва, маладосць, імкненне зрабіць нешта значнае для сваёй краіны. Тады ўсе імкнуліся ва УЛКСМ, прымалі ў яго з 14 гадоў, а я была малодшай за ўсіх у класе і вельмі перажывала, што аднакласнікі ўжо ўступілі ў камсамол, а я яшчэ не. Вельмі рада таму, што ў нашай краіне ёсць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, што нашы юнакі і дзяўчаты з’ядналіся ў яго радах, каб рабіць шмат добрага і значнага для свайго народа, сваёй краіны. У гэты святочны дзень я шчыра віншую былых камсамольцаў і сучасную моладзь. Вельмі спадзяюся, што слаўныя традыцыі будуць працягнуты не толькі цяперашнім маладым пакаленнем, але і наступнымі.

Фота да матэрыяла: 100 гадоў разам.На ўрачыстым сходзе Наталля Іванаўна зачытала прывітальнае слова ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: “Камсамольскі маладзёжны рух, які аб’яднаў мільёны юнакоў і дзяўчат, стаў сімвалам эпохі. Ён натхняў на працоўныя здзяйсненні і барацьбу за свае ідэалы. Падымаў баявы дух у бітвах з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Надаваў смеласці і адвагі ў хвіліны прыняцця апошняга рашэння — аддаць жыццё за Радзіму. Дапамагаў аднаўляць гарады і вёскі пасля ваеннай разрухі і абуджаў жаданне жыць, тварыць, ствараць лепшую будучыню для новых пакаленняў. Гісторыя УЛКСМ — гэта гісторыя нашага народа. Народа сумленнага, мэтанакіраванага і працавітага. Гэта наша гісторыя. Мы захавалі яе і будзем працягваць сваімі годнымі здзяйсненнямі на карысць Беларусі. Берагчы мір на сваёй зямлі, незалежнасць роднай краіны і наша адзінства”.

Каб успаміны і ўяўленні былі больш яркімі, гасцям, якім ледзь хапіла 2,7 тысячы месцаў у глядзельнай зале палаца, арганізатары канцэрта прапанавалі здзейсніць падарожжа ў часе. Згодна з вядомым прынцыпам “нам песня будаваць і жыць дапамагае”, векавы маладзёжны шлях быў прадстаўлены песнямі, якія ў розныя гады станавіліся хітамі. Іх героямі ва ўсе часы была моладзь — гэта і першыя камсамольцы, якія падымалі сельскую гаспадарку, заводы, фабрыкі; дабравольцы, якія пакідалі свае ціхія родныя мясціны і ішлі на вайну; тыя, хто падымаў краіну з попелу, працаваў на важнейшых будоўлях стагоддзя, хто пракладваў БАМ і ўзворваў цаліну, пакараў космас, будаваў маладыя беларускія гарады, і, канечне, сённяшнія героі, якія зараз дапамагаюць будаваць фундамент ужо энергетычнай незалежнасці дзяржавы, бо ад дабрачыннасці і будатрадаў моладзь ва ўнісон з часам перайшла і да высокіх тэхналогій, а з актыўных, ініцыятыўных вырастае эліта краіны. У сучаснай гісторыі Беларусі справам моладзі таксама адведзена ўжо нямала старонак.

На тэме эстафеты пакаленняў — ад першых камсамольцаў да іх пераемнікаў, сённяшніх актывістаў саюза моладзі — была пабудавана і праграма святочнага канцэрта. Гісторыя і сучаснасць, персанажы з папулярных фільмаў і агітацыйных эстрадных тэатральных калектываў, расказы пра дасягненні актывістаў БРСМ, любімыя песні і артысты, якім падпявала зала. Асновай тэатралізаванага паказу, гала-канцэрта стала песенная класіка і сучасныя музычныя кампазіцыі. Эфект караоке дазволіў гледачам у зале разам з выканаўцамі на сцэне спяваць любімыя песні.

Як адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк, на гэтым свяце і моладзь, і прадстаўнікоў старэйшага пакалення аб’яднаў юнацкі запал, камсамольская энергія і дух часу:

— Стагоддзе Усесаюзнага камсамола — наша агульнае свята, якое ўвасабляе маладосць, сардэчнасць і сапраўдную дружбу. Мы цэнім пажаданні старэйшых настаўнікаў, якія прайшлі камсамольскую школу, іх парады заўсёды будуць служыць на карысць росквіту маладзёжнага саюза, які з’яўляецца пераемнікам лепшых камсамольскіх традыцый. Сёння жыве студатрадаўскі рух, актыўныя нашы валанцёры, хутка яны будуць задзейнічаны на дзіцячым “Еўрабачанні”, II Еўрапейскіх гульнях. Мы працягваем цімураўскі рух, падтрымліваем адораную і таленавітую моладзь у межах конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і інш. Мы і далей будзем развіваць гэтыя і іншыя кірункі. Наша галоўная задача — не падвесці старэйшае пакаленне, нашых бацькоў, для якіх камсамол стаў часткай жыцця, і пражыць маладосць сваю так, каб праз гады і нам было што ўспомніць з настальгіяй.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА і Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *