“100 ідэй” і кожная — унікальная

Гродзенскі занальны этап рэспубліканскага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” прайшоў у абласным цэнтры. Сярод удзельнікаў былі школьнікі, навучэнцы і студэнты, працуючая моладзь.

Выстава-прэзентацыя ідэй і распрацовак была разгорнута ў Гродзенскім філіяле Беларускай універсальнай таварнай біржы. Свае работы ў дзесяці намінацыях прадставілі каля 30 даследчыкаў, рацыяналізатараў, вынаходнікаў, школьнікаў і студэнтаў. Удзельнікі конкурсу былі падзелены на дзве ўзроставыя групы: навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты і працуючая моладзь ад 14 да 31 года і маладыя навукоўцы да 35 гадоў. На выставе былі прадстаўлены праекты сацыяльнай сферы, энергаэфектыўнай накіраванасці, медыцыны, аграпрамысловыя, будаўнічыя і нават авіякасмічныя тэхналогіі. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Гродзенскі гарадскі камітэт ГА “БРСМ”.

— Традыцыйна гродзенцы прапаноўваюць цікавыя ідэі, пачынаючы з 2013 года многія былі пераможцамі на абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу, некаторыя іх ідэі ўжо знайшлі практычнае прымяненне, — падкрэсліў першы сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта ГА “БРСМ” Пётр Касіцкі. — Упэўнены, і ў гэтым годзе Гродна, як заўсёды, бу­дзе прадстаўляць вобласць на рэспуб­ліканскім этапе конкурсу.

Як дадаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Каваленка, “100 ідэй для Беларусі” — гэта не толькі месца, дзе могуць сустракацца маладыя людзі, гэта перш за ўсё пляцоўка, дзе нараджаюцца новыя ідэі, з’яўляюцца цікавыя, займальныя і часам незвычайныя прапановы. Задача органаў улады — пасадзейні­чаць таму, каб гэтыя праекты былі рэалізаваны.

Неўзабаве таленавітыя школьнікі, што з такім запалам прэзентавалі на выставе свае праекты гарадскому экспертнаму савету, члены якога ацэньвалі не толькі актуальнасць і навізну ідэі, але і яе практычную знач­насць, скончаць навучальныя ўстановы і выберуць свой шлях у жыцці. Магчыма, на гэты выбар паўплываюць тыя даследаванні, якія яны праводзілі ў школе, веды, атрыманыя ад кіраўнікоў іх праектаў.

Мадэль рухавіка Стырлінга прадставіў вучань сярэдняй школы № 40 Гродна Максім Лойка. Ён прадэманстраваў, як працуе сабраны ім рухавік, і расказаў, што яго можна прымяняць у цеплавых помпах у энергаэфектыўных дамах і нават у сістэ­ме ахаладжэння на атамнай электрастанцыі, а адходы дрэваапрацоўчай прамысловас­ці маглі б стаць для такога рухавіка добрым палівам. Рухавік Стырлінга, як расказаў юнак, вызначаецца экалагічнасцю і эканамічнасцю, а таксама простай канструкцыяй.

Адразу два праекты прадставілі вучні сярэдняй школы № 2 Гродна. Вучаніца 11 “Б” класа Настасся Крупенка расказала пра новую энергаэфектыўную тэхналогію “Кампакт УЗВ”, што дазваляе арганізаваць замкнёнае водазабеспячэнне для круглагадовага вырошчвання каштоўных відаў таварнай і дэкаратыўнай рыбы. Навізна праекта ў тым, што кампактная ўстаноўка можа быць размешчана, напрыклад, у санаторнай установе альбо дома, яна энергаэфектыўная.

Вучаніца 9 “Б” класа Софія Яўменава прэзентавала праект “Фотабіярэактар новага пакалення для вытворчасці суспензіі хларэлы”. Праекты вучняў сярэдняй школы № 2 былі распрацаваны ў рамках дзейнасці школьнай бізнес-кампаніі “Наша справа” ў супрацоўніцтве з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам.

Свой школьны праект прадставіла вучаніца 9 “В” класа гродзенскай сярэдняй школы № 11 імя генерала А.І.Антонава Паліна Хлань. Праект з прыгожай назвай “Я дапамагу табе ўбачыць гэты свет” пасадзейнічае стварэнню аўдыятэкі на беларус­кай мове для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, парушэннямі зроку. Вучні самі перакладаюць тэксты, запісваюць на дыскі і ствараюць вокладкі для тактыльных адчуванняў асаблівых дзетак.

Цікавасць выклікаў вучэбна-лабараторны стэнд “Праграмаванне аўтаматызаванага электрапрывода”, які сканструяваў і прадэманстраваў удзельнікам выставы майстар вытворчага навучання Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага Ілья Калеснік.

— Стэнд дазваляе наглядна прадэманстраваць навучэнцам прынцыпы настройкі, наладкі частотных пераўтваральнікаў, — расказаў Ілья Калеснік. — Мы рабілі яго на працягу года цэлай камандай пры дапамозе выкладчыкаў кале­джа. Ён ужо выкарыстоўваецца ў вучэбным працэсе. А ў мінулым годзе стэнд быў прызнаны лепшым тэхнічным сродкам навучання на Рэспубліканскім злёце вынаходнікаў і рацыяналізатараў — навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі.

Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прадставілі 7 праектаў. Другакурснік фізіка-тэхнічнага факультэта Багдан Бандарык прэзентаваў электронную скарбонку для збору дабрачынных узносаў, а студэнткі 3 курса педагагічнага факультэта Таццяна Шчарбач, Валерыя Літвіненкава і Яўге­нія Ральчэня — сацыяльны праект “РАС-свет”, накіраваны на сацыяльную рэабілітацыю і адаптацыю асаблівых дзяцей з дапамогай музычнай тэрапіі. Свой праект “Расходамер вады Aqua” прадставілі студэнты 4 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Аляксей Скрабец, Максім Ступакевіч і Антон Мядзведкін. Прапанаваны імі расходамер дазваляе праводзіць дакладны маніторынг расходаванай вады без удзелу чалавека.

Як падкрэсліў дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Алег Шыраеў, які быў запрошаны на выставу-прэзентацыю ў якасці эксперта, былі прадстаўлены вельмі цікавыя праекты. Прычым яны становяцца не зусім інфармацыйна-тэхналагічнымі, а тэхналагічнымі, накіраванымі на канкрэтнае вырашэнне пэўных праблем.

Вызначаны пераможцы, якія прадставяць Гродна на абласным этапе конкурсу.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.