100 ідэй на карысць краіны

- 11:27Якасць адукацыі

Моладзь Магілёўшчыны адрозніваецца сваёй актыўнасцю і ініцыятыўнасцю. Чарговай магчымасцю для моладзі агучыць свае інавацыйныя прапановы стала абласная выстава-прэзентацыя Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Конкурс, ініцыятарам якога выступае ГА “БРСМ”, аб’яднаў маладых людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, матываваных на стварэнне канкрэтных, перспектыўных праектаў.

— Гэты конкурс заўсёды аб’ядноўвае таленавітых, крэатыўных, ініцыятыўных маладых людзей. Вельмі прыемна, што такіх на Магілёўшчыне вельмі многа. Упэўнены, іх энтузіязм, энергія будуць спрыяць развіццю нашай краіны ў розных сферах, — адзначыў першы сакратар абкама ГА “БРСМ” Уладзімір Паўлоўскі. 

Усяго на абласны агляд было прадстаўлена звыш 30 інавацыйных навукова-тэхнічных і сацыяльных ідэй, кожная з якіх заслугоўвала ўвагі. Так, навучэнец Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Павел Шаўцоў прэзентаваў трэнажор па стварэнні гульняў для навучання дзяцей бяспечным паводзінам. Карысную прапанову для адукацыйнай галіны агучыў навучэнец сярэдняй школы № 18 Магілёва Яўген Сцефанкоў. Ён прэзентаваў праграму, якая зможа палегчыць жыццё ўсім настаўнікам. З дапамогай мабільнага дадатку педагог зможа правяраць кантрольныя работы ў выглядзе тэстаў, сканіруючы адказы тэлефонам. Дадатак распрацаваны так, што ён не толькі праверыць правільнасць выканання заданняў, але і адразу выставіць адзнакі. Былі прадстаўлены праекты па выкарыстанні васковых сурвэтак замест харчовай плёнкі і пластыкавых кантэйнераў, апарат для ажыццяўлення дыстанцыйнага кармлення хатніх жывёл, клей Le colle, у аснове якога другасная сыравіна. Прагучала і шмат іншых цікавых прапаноў.

Кожнаму ўдзельніку на прэзентацыю сваёй работы адводзілася ўсяго некалькі хвілін. За гэты час канкурсантам неабходна было прадставіць праект экспертнаму савету. Абарона праходзіла ў фармаце еlevator pitch. Гэта фармат прэзентацыі ва ўмовах абмежаванага часу. Яго асаблі­васць заключаецца ў тым, што ўдзельнік на працягу адной хвіліны павінен растлумачыць сутнасць сваёй ідэі, абгрунтаваць яе патрэб­насць і карысць.

Па-свойму цікавымі былі ўсе праекты. Аднак, па рашэнні журы, права выступіць у рэспубліканскім туры атрымалі навучэнец Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Павел Шаўцоў, навучэнка Бабруйскага дзяржаўнага аграэканамічнага каледжа Дзіяна Пачарняева, вучаніца сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага Аліна Пацягова, вучаніца Комсеніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна Паліна Кротава, студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Лібак, Павел Новікаў, Юлія Маскалькова, Марыя Дашкевіч, навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Максім Калачоў і Аляксандра Шамбалова, вучаніца сярэдняй школы № 2 Магілёва Вераніка Сафонава, навучэнец сярэдняй школы № 18 Магілёва Яўген Сцефанкоў, вучні сярэдняй школы № 4 Асіповіч Дзяніс Ерашэвіч і Дзмітрый Барысаў, студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Андрэй Шылаў, Сяргей Ямшчыкоў, Станіслаў Шампанаў, Паліна Іванова і Вячаслаў Смірноў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.