100 ідэй: стань лепшым

Больш за 70 праектаў у дзесяці намінацыях было прадстаўлена на занальных этапах Рэспубліканскага конкурсу Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “100 ідэй для Беларусі” ў Гродзенскай вобласці. Пяць праектаў адабраны для фіналу, які адбудзецца 27 лютага ў Мінску.

— Распрацоўкі школьнікаў, студэнтаў і маладых навукоўцаў закранаюць аграрную, прамысловую, сацыяльную сферы, а таксама энергазберажэнне, біяіндустрыю, хімічныя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Ацэньваў праекты экспертны савет, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый горада, бізнес-супольнасцей. Сярод членаў савета — дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Глуткін, пераможца конкурсу “100 ідэй для Беларусі” мінулага года ў намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка”. Яго распрацоўка сучаснага антытраўматычнага пакрыцця з іонамі серабра для лячэння ран зараз выкарыстоўваецца ў медыцынскай практыцы, — расказала загадчык аддзела праектнай дзейнасці Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Наталля Станюкевіч.

Паспрыяць развіццю турыстычнай галіны Гродзеншчыны дапаможа электронны даведнік па гістарычных аб’ектах Гродна GrodnoBot у фармаце чат-бота ў месэнджары Telegram. Яго распрацавалі студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юлія Бекіш, Артур Лявахін, Людміла Сцельмашэнка і Дзяніс Чэберачка. Гэты праект, а таксама праект навучэнкі Свіслацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Кацярыны Васільевай “Мой падарожнік па Гродзеншчыне: культавае дойлідства. Даведнік для малых” адзначаны ў спецыяльнай намінацыі “Мая ініцыятыва на карысць Гродзеншчыны”.

А прадстаўляць вобласць у фінале конкурсу будуць пяць праектаў. “Дыстанцыйны  вучэбны курс MiniBoss” па фінансавай дасведчанасці, які стварылі навучэнцы гімназіі Зэльвы Кірыл Драцэвіч, Павел Марцута і Ліяна Бурко. Крыніцу току на п’езаэлементах і яго выкарыстанне прадставіць навучэнец сярэдняй школы № 1 Скі­дзеля Іван Сільвановіч, а выкарыстанне вугляроднай стужкі як награвальнага элемента — навучэнка сярэдняй школы № 8 Слоніма Паліна Жак. Інавацыйны спосаб аднаўлення цэласнасці барабаннай перапонкі прапанавала выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Іаанна Івашка. Валанцёрскі праект стварэння тактыльных кніг “Цёплыя кнігі” будзе прадстаўляць яго ініцыятар педагог-арганізатар сярэдняй школы № 35 Гродна Настасся Ханько.

Прэзентацыя праектаў адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Рэктар Вітольд Песціс, звярнуўшыся да ўдзель­нікаў конкурсу, пажадаў ім заўсёды мець свой арыгінальны падыход да вырашэння надзённых пытанняў і стаць у далейшым высокапрафесійнымі вучонымі, інжынерамі, кіраўнікамі.

Вельмі актыўна штогод удзельнічаюць у конкурсе навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў. Так, навучэнцы сярэдняй школы № 1 Ліды прапанавалі выкарыстоўваць сінтэзаваны палімер для ачысткі вады ад ртуці, а навучэнцы астравецкай гімназіі — новы спосаб барацьбы з карозіяй металаў. Навучэнцы сярэдняй школы № 12 Гродна прыдумалі абаграваць цяпліцы сонечнымі батарэямі, стварылі мабільны дадатак, які можа кіраваць працэсамі на адлегласці, і ўжо выкарысталі яго ва ўласнай цяпліцы.

Тры праекты на абласным этапе прадставілі навучэнцы Ашмян. Адны з самых юных удзельнікаў, вучні сярэдняй школы № 1 Ашмян, прадэманстравалі свае распрацоўкі ў галіне робататэхнікі і экалогіі. Дзяніс Кляпацкі стварыў мадэль аўтаномнай прылады выяўлення і тушэння лакальных ачагоў узгарання. Данііл Ганусевіч, Арцём Лукашэвіч і Дзмітрый Мішчановіч стварылі робатызаваную мадэль аўтаматызаванага сартавання і транспарціроўкі грузаў. Навучэнец сярэдняй школы № 3 Ашмян Дзмітрый Буйвід па-новаму разгледзеў квадрат Піфагора і прапанаваў праводзіць аналіз прыроджаных характарыстык чалавека праз адпаведную праграму на яго аснове.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.