100 млн еўра на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі

Паміж нашай краінай і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця падпісана Пагадненне аб пазыцы (праект “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь”). Афіцыйнае падпісанне адбылося ў анлайн-фармаце.

Ад нашай краіны пагадненне падпісаў міністр адукацыі Ігар Карпенка, ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця — кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмер.

Згодна з пагадненнем, МБРР у 2020—2025 гадах дае нашай краіне пазыку ў памеры 100 млн еўра. Грошы будуць скіраваны на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі, у тым ліку на фарміраванне ва ўніверсітэтах сучаснага адукацыйнага асяроддзя, укараненне інавацыйных падыходаў, тэхналогій навучання і выкладання, а таксама пераўтварэнні ў сферы кіравання і забеспячэння якасці адукацыі.

У рамках пагаднення плануецца стварэнне міждысцыплінарнага вучэбна-даследчага цэнтра на базе БДУ (будзе ўключаць 37 вучэбных лабараторый і 9 цэнтраў калектыўнага карыстання), мадэрнізацыя больш як 60 вучэбна-даследчых лабараторый, капітальны рамонт і рэканструкцыя вучэбных карпусоў і іншае.

— Рэалізацыя праекта дазволіць арганізаваць у беларускіх універсітэтах навучанне па шэрагу перспектыўных спецыяльнасцей (біяінжынерыя, нанатэхналогіі, сінтэтычная і сістэмная біялогія і інш.), забяспечыць развіццё сеткавай формы ўзаемадзеяння, будзе спрыяць павышэнню экспарту адукацыйных паслуг, — канкрэтызаваў Ігар Карпенка. — Сучасная інфраструктура забяспечыць правядзенне новых міждысцыплінарных навукаёмістых распрацовак, іх камерцыялізацыю, а таксама стварэнне на базе беларускіх універсітэтаў інавацыйных кампаній і іх рэгістрацыю ў якасці рэзідэнтаў тэхнапаркаў. Акрамя таго, у рамках праекта будзе створана Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі.

Мерапрыемствы пагаднення будуць рэалізоўвацца ў 18 установах вышэйшай адукацыі (у тым ліку 10 рэгіянальных), падначаленых Міністэрству адукацыі, Міністэрству транспарту і камунікацый, Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання і Міністэрству аховы здароўя.

— Аднак гэта не значыць, што іншыя ўстановы адукацыі не змогуць далучыцца да праекта, — заў­важыў міністр. — Будзе створана інавацыйная інфраструктура, якая праз сеткавае ўзаемадзеянне можа выкарыстоўвацца для навучання студэнтаў іншых універсітэтаў, у тым ліку з рэгіёнаў.

Дарэчы, гэта не першае пагадненне, якое Міністэрства адукацыі рэалізуе сумесна з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Раней наша краіна атрымала пазыку ў памеры 90 млн еўра для мадэрнізацыі школ у малых гарадах і вёсках.

Як паведаміў Ігар Карпенка, зараз Міністэрства адукацыі пачынае перамовы з МБРР аб магчымасці рэалізацыі ўжо трэцяга праекта. Ён будзе скіраваны на мадэрнізацыю сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Наша краіна ўступіла ў міжнародны рух WorldSkills International, і гэта дазваляе нам аналізаваць сучасныя тэхналогіі, што выкарыстоўваюцца пры выкананні работ, асабліва на ўзроўні рабочых прафесій, — адзначыў міністр. — Мы маем намер і далей супрацоўнічаць з МБРР, каб правесці маштабную мадэрнізацыю тых рэсурсных цэнтраў, устаноў адукацыі, якія задзейнічаны ў падрыхтоўцы кадраў для нацыянальнай эканомікі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.