100 радкоў пра калегу. Наталля Есьман не толькі цудоўны настаўнік для вучняў, яна актыўна перадае свой вопыт калегам

- 16:36Образование

Ёсць людзі, якія прыходзяць у прафесію па поклічы сэрца. Вернасць выбранай справе яны праносяць праз усё жыццё, укладваючы ў яе велізарныя сілы і аддаючы часцінку сваёй душы. Адным з такіх людзей з’яўляецца Наталля Есьман, настаўніца фізікі і матэматыкі Красненскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна.

Нарадзілася Наталля Канстанцінаўна ў вёсцы Куневічы. Скончыла Варанчанскую сярэднюю школу і паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Гор­кага. У школе яе любімым прадметам была матэматыка, а на выбар прафесіі моцны ўплыў аказаў настаўнік фізікі Міхаіл Паўлавіч Байко. У любімым настаўніку яе захапляла ўсё: шчырасць, гумар, патрабавальнасць, уменне растлумачыць складаны матэрыял і захапіць сваім прадметам. Хацелася быць падобнай на яго, мець такую ж павагу сярод калег і вучняў, дасягнуць высокага ўзроўню майстэрства. Вось так любімы прадмет і любімы настаўнік вызначылі выбар прафесійнага шляху даўжынёй у 41 год.

Пасля заканчэння інстытута Наталля Канстанцінаўна была накіравана ў Астухоўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна. Далей была работа ў Запольскай базавай школе, у Красненскай сярэдняй школе, дзе яна займала пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, а затым доўгі час узначальвала ўстанову адукацыі. Да гэтага часу Наталля Канстанцінаўна прадаўжае педагагічную дзейнасць, захапляючы школьнікаў сваім прадметам і перадаючы ім свае веды і вопыт.

Расказваючы аб працоўным жыцці, педагог успамінае самыя яркія моманты. Наталля Канстанцінаўна актыўна займалася грамадскай дзейнасцю: была старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь”, удзельнікам ІІІ Усебеларускага народнага сходу, больш за 10 гадоў узначальвала ўчастковую выбарчую камісію. За ўклад у развіццё адукацыі адзначана граматамі раённага і абласнога ўзроўняў, за дасягнутыя высокія паказчыкі імя педагога было занесена на раённую Дошку гонару.

Хапала часу на ўсё: сям’ю, работу і актыўны адпачынак. Неаднаразова педагог удзельнічала ў раённых спаборніцтвах сярод работнікаў адукацыі, пра што сведчаць дыпломы за прызавыя месцы па настольным тэнісе, стральбе, лыжных гонках. У Наталлі Канстанцінаўны ёсць выдатны вопыт работы ў інавацыйным праекце па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў.

Нягледзячы на адданасць фізіцы, Наталля Есьман вельмі любіць паэзію. Яна распрацавала сістэму ўрокаў фізікі, у якія ўкаранёны спосаб прымянення паэтычных тэкстаў, што ў значнай ступені аблягчае вывучэнне складаных тэм.

Наталля Канстанцінаўна, як калісьці і яе любімы настаўнік, стала прыкладам для сваіх вучняў і дзяцей. Двое выпускнікоў працуюць настаўнікамі фізікі ў школах раёна, дзве дачкі таксама атрымалі педагагічную адукацыю, натхніўшыся прафесійнай дзейнасцю матулі.

Мне вельмі пашанцавала праца­ваць з такім чалавекам. У Наталлі Канстанцінаўны я бяру ўрокі жыцця. Яна дае той бясцэнны прафесійны вопыт, які нельга атрымаць у сценах універсітэта або на старонках кніг.

Юлія СКВАРАДА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Красненскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна
Фота аўтара