100 радкоў пра калегу. Вадзім Шпетны: педагог павінен карыстацца бясспрэчным аўтарытэтам у вучняў

- 16:30Образование

Вадзім Шпетны — асоба, вядомая не толькі на Маларытчыне і Брэстчыне, але і ў краіне: пераможца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года — 2001”, выдатнік адукацыі Беларусі, тройчы дэпутат абласнога Савета дэпутатаў.

Так склалася, што праз 9 гадоў на пасадзе намесніка старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім Шпетны, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, зноў вярнуўся ў сістэму адукацыі. Спачатку ў сярэднюю школу № 2 Маларыты, а потым у Маларыцкую раённую гімназію, дзе сёння выкладае геа­графію.

— Па рабоце ў школе сумаваў увесь час чыноўніцкай дзейнасці, — прызнаецца Вадзім Шпетны. — Не раз зноў хацелася ўвайсці ў клас як настаўнік, пастаяць ля карты з указкай ці крэйдай ля дошкі, даць звычайны ўрок. А яшчэ — паглядзець у вочы дзяцей, адказаць на іх пытанні і проста шчыра пагава­рыць пра ўсё на свеце. У душы, напэўна, я назаўсёды застануся настаўнікам, бо з прафесіяй звязаны вельмі моцна. Ведаў, што яна мяне так лёгка не адпусціць. Гэта мая стыхія. Кажуць, двойчы ў адну раку не ўвойдзеш, але мне давялося. За плячыма быў вопыт, стаж работы, настаўніцкая сям’я… Вярнуўся ў клас, нібы пасля чарговага летняга адпачынку.

Жыццёвае крэда Вадзіма Шпетнага: хочаш навучыць іншых — умей спачатку зрабіць гэта сам. Педагог — удзельнік розных мерапрыемстваў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, у рамках якога не раз даваў адкрытыя ўрокі і праводзіў майстар-класы ў Беларусі.

Вялікую ўвагу Вадзім Шпетны ўдзяляе самаадукацыі, актыўна ўдзельнічае ў розных адукацыйных праектах. Скончыў аспірантуру БДПУ, праходзіў павышэнне кваліфікацыі ў Зямельным інстытуце школы і перападрыхтоўкі кадраў (Германія, Паўночны Рэйн-Вестфалія), дыстанцыйнае навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі педагагічнага ўніверсітэта “Першага верасня” і факультэта педагагічнай адукацыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава па адукацыйнай праграме “Урокі разумення карты (асновы прасторавага аналізу)”.

Вадзім Шпетны — лаўрэат Усеагульнай завочнай алімпіяды па геаграфіі (Расія) і Міжнароднага фестывалю педагагічнага майстэрства краін СНД (Душанбэ). Ён удзельнічаў у рабоце VI з’езда Беларускага геаграфічнага таварыства і II з’езда настаўнікаў Беларусі, з’яўляўся стыпендыятам спецыяльнага прэзідэнцкага фонду. Вадзім Паўлавіч — чалавек рознабаковых захапленняў: у 2006 годзе ўдзельнічаў у зімовай фінальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” (Расія).

Сваім багатым педагагічным вопытам Вадзім Шпетны не раз дзяліўся на старонках прадметных часопісаў. Педагог — адзін з аўтараў дапаможніка “Геаграфія. У ІІ частках. Частка І. Фізічная геаграфія” і навукова-папулярнай манаграфіі “Брэсцкая вобласць: прырода, насельніцтва, гаспадарка”, прымеркаванай да 85-годдзя з дня ўтварэння Брэстчыны.

— Што ў педагагічнай працы больш важнае: тэорыя, методыка ці практыка? — цікаўлюся ў Вадзіма Паўлавіча.

— Усё павінна быць цесна ўзаемазвязана, — адказвае ён. — Тэорыя і практыка — як два крылы ў птушкі. Яны важныя, без іх немагчымы педагагічны палёт. Але ў настаўніцкай працы не абысціся без методыкі, якая дазваляе рацыянальна арганізаваць вывучэнне, напрыклад, геаграфіі як прадмета, паспяхова вырашыць задачы выхавання і развіцця асобы.

Вадзім Шпетны лічыць, што педагог павінен карыстацца бясспрэчным аўтарытэтам у вучняў. Яны з’яўляюцца своеасаблівым каталізатарам прафесіяналізму любога педагога.

Вадзіма Паўлавіча заўсёды цікавілі новыя і нестандартныя падыходы да выкладання. Невыпадкова яго вучні 6 разоў уваходзілі ў лік пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.

 Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара