100 шчаслівых дзіцячых усмешак

- 11:33Адукацыйная прастора

Абласную акцыю “Сто шчаслівых усмешак” правялі на Магілёўшчыне напярэдадні міжнароднага Дня абароны дзяцей. Арганізатарам выступіў абласны сацыяльна-педагагічны цэнтр.

— Сутнасць акцыі ў тым, каб размясціць у сацыяльнай сетцы Instagram фатаграфію дзіцяці, якое ўсміхаецца. Абавязковая ўмова — на здымку павінны таксама прысутнічаць браты, сёстры, сябры, бацькі, сваякі, настаўнікі, выхавальнікі, любыя людзі, якіх дзіця лічыць сваімі абаронцамі, — расказала дырэктар Магілёў­скага абласнога СПЦ Святлана Нікіціна.

Паводле яе слоў, галоўная мэта акцыі — павышэнне ў грамадстве прэстыжу інстытута сям’і, прапаганда станоўчага вобраза дзяцінства, любові і добрага стаўлення да дзяцей. У­дзельнікамі акцыі сталі прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці. Усяго за час акцыі ў сетцы Instagram з’явілася больш за 160 фотаздымкаў з хэштэгам #сто_шчаслівых_усмешак.

— Усмешкі дзяцей — гэта самае лепшае, што можа радаваць вока. Дзіцячых усмешак многа не бывае. Спадзяёмся, што наша акцыя матывуе дарослых штодня рабіць жыццё сваіх дзяцей лепшым і больш бяспечным, — адзначыла Святлана Нікіціна.

Паглядзець фатаграфіі, якія ўдзельнічалі ў акцыі, можна па спасылцы www.instagram.com/leto2021_100smiles/.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.