100 веласіпедаў у гонар 100-годдзя

- 11:10Апошнія запісы, Рознае, Спартыўныя падзеі

Пазаўчора стартаваў сумесны праект айчыннай фірмы-вытворцы веласіпедаў AIST і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка “Будучыя педагогі — за здаровы лад жыцця”. Сто лепшых студэнтаў атрымалі сто веласіпедаў у падарунак. Незвычайны праект прысвечаны 100-годдзю дзейнасці вядучай педагагічнай установы вышэйшай адукацыі краіны і Дню горада Мінска. Мэта мерапрыемства — папулярызацыя велакультуры сярод моладзі, далучэнне яе да сучаснага еўрапейскага разумення велакультуры.

Перад пачаткам святочнай цырымоніі ў галоўным корпусе педуніверсітэта была праведзена прэс-канферэнцыя. На ёй разглядаліся пытанні, якія тычацца жыцця студэнтаў, папулярызацыі сярод іх здаровага ладу жыцця. Удзельнікі дамовіліся на далейшае супрацоўніцтва і выказалі пажаданні падтрымліваць адносіны. Сапраўды, настаўнік павінен быць не толькі добра падрыхтаваным тэарэтычна і практычна, але яшчэ і мець добрае фізічнае здароўе.
Акрамя кіраўніцтва ўніверсітэта на чале з рэктарам Аляксандрам Іванавічам Жуком, на ўрачыстым старце праекта прысутнічалі кіраўнік ААТ “Мотавела” А.А.Мураўёў і прадстаўнік брэнда AIST С.А.Грэчка. Таксама на свята завіталі васьміразовая чэмпіёнка свету па веласпорце Наталля Цылінская і пераможца ХХІ летніх Алімпійскіх гульняў у Манрэалі Уладзімір Камінскі.
Пасля ўступнага слова рэктара, віншаванняў ад кіраўнікоў праекта і вядомых спартсменаў каля галоўнага ўвахода ва ўніверсітэт адбылася цырымонія ўручэння лепшым студэнтам веласіпедаў. Трэба адзначыць, што жаночай палове былі падораны белыя веласіпеды, юнакам — карычневыя. Сярод шчасліўчыкаў і дзесяць першакурснікаў.
Аляксандр Іванавіч выказаў надзею, што студэнты будуць выкарыстоўваць падарункі для таго, каб дабірацца да месца вучобы ці да інтэрната, або для карыснага правядзення вольнага часу, і паабяцаў, што хутка каля ўніверсітэта і інтэрната размесцяцца спецыяльныя паркоўкі для веласіпедаў. Але гэта яшчэ не ўсе падарункі: студэнты атрымалі майкі і кепкі з надпісам “Сто гадоў БДПУ”, дзяўчаты жоўтага колеру, хлопцы — сіняга. Пасля адбыўся сімвалічны велапрабег па запланаваным маршруце ад галоўнага корпуса ўніверсітэта да інтэрната навучальнай установы. У пачатку калоны ехаў рэктар, пасля шаноўныя госці і студэнты за рулём сваіх падарункаў.
Працягам праекта стане мноства акцый, адна з якіх “Сто кіламетраў да стагоддзя БДПУ”. Тыя, каму ўдасца праехаць сто кіламетраў, атрымаюць прызы ад рэктарата, а хто адолее дзвесце кіламетраў — атрымае ў падарунак веласіпед. Акцыя будзе дзейнічаць на працягу двух месяцаў, кожную суботу.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.