Па добрай традыцыі

Намеснік прэм’ер-­міністра Ігар Петрышэнка расказаў аб планах па правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

— Да навагодніх свят мы право­дзім традыцыйную маштабную акцыю “Нашы дзеці”. Яе значнасць для грамадства складана пера­ацаніць, таму што яна прысвечана самаму дарагому, што ў нас ёсць, — дзецям. Гэтая доб­рая традыцыя будзе прадоўжана і ў гэтым годзе і пройдзе з 14 снежня па 14 сту­дзеня, — сказаў Ігар Петрышэнка.

Штогод вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі міністэрстваў, іншых дзяржорганаў і арганізацый, а таксама банкаў, грамадскіх аб’яднанняў і проста неабыякавыя грамадзяне ва ўсіх рэгіёнах Беларусі наведваюць у час акцыі сацыяльна значныя аб’екты і мерапрыемствы для выхаванцаў апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з мнагадзетных і няпоўных сем’яў.

— Колькасць людзей, якія ўдзельнічаюць у акцыі, з году ў год узрастае. У многіх дзяржорганаў, прыватных структур ужо склаліся шэфскія сувязі, якія падтрымліваюцца не толькі ў перыяд акцыі, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Традыцыйныя мерапрыемствы пройдуць у Мінску: Галоўная ёлка краіны, дабрачынныя святы ў Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці, баль для навучэнцаў і студэнтаў — пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў і алімпіяд. Для гэтага амаль 4500 дзяцей будуць запрошаны ў сталіцу, прычым усё будзе арганізавана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя па правядзенні санітарна-суп­рацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

— У гэтым годзе мы ўпершыню правядзём дабрачынны збор сродкаў для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, дзе знаходзяцца нашы дзеці. Спадзяюся, нашы грамадзяне з задавальненнем адгукнуцца на гэтую ініцыятыву і прымуць удзел у зборы грашовых сродкаў, — дадаў віцэ-прэм’ер.

Па матэрыялах БелТА падрыхтавала
 Кацярына РУМЯНЦАВА.