Стартавы капітал

- 11:38Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

VI абласны фестываль “Школа прадпрымальніцтва” на Міншчыне завяршыўся кірмашом-фестывалем вучнёўскіх бізнес-кампаній.

На святочным кірмашы юныя прадпрымальнікі больш чым з двух дзясяткаў школьных бізнес-кампаній прапанавалі сваю прадукцыю: расаду, дэкаратыўныя расліны, кветкі, пладовыя кусты, сувеніры з саломы, дрэва, паперы, дэкор з лазы і металу, сталярную прадукцыю і швейныя вырабы на любы густ.

Ужо 11 гадоў школьнікі цэнтральнага рэгіёна спасцігаюць асновы бізнесу і прадпрымальніцтва. Сёння на Міншчыне ў 102 установах адукацыі актыўна працуюць больш за тысячу юных бізнесменаў. Кожны год сфера іх дзейнасці пашыраецца, асвойваюцца новыя напрамкі. Што толькі ні спрабуюць вырабляць юныя прадпрымальнікі: гатуюць варэнне з дзьмухаўцоў, асвойва­юць пчалярства і апітэрапію, шыюць крэслы-грушы і крэслы-бананы, плашчы-трансформеры і курткі-барсеткі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко адзначыў, што пры знаёмстве з асновамі эканомікі і прадпрымальніцтва ў школьнікаў развіваюцца лідарскія якасці, выхоўваюцца варыятыўныя падыходы да бізнесу. Дзеці вучацца пралічваць магчымасці свайго мікракалектыву, ацэньваць рызыкі, разлічваць акупнасць праекта, прагназаваць прыбытак. А яшчэ вучацца атрымліваць грошы за ўкладзеную працу і прыходзяць да разумення таго, што ў бізнесе трэба зарабляць не на пасрэдніцтве, а на вытворчасці і рэалізацыі ўласнай прадукцыі.

— Важна, што ўдзельнікі школьных бізнес-кампаній могуць смела карыстацца правам на памылку і спрабаваць рызыкаваць. Школа — час магчымасцей, у тым ліку магчымасці паспрабаваць сябе ў бізнесе. Страты і памылкі ў школьным прадпрыемстве, дзе канкурэнтная барацьба адбываецца ў рамках педагогікі, менш адчувальныя, чым у сярэднім і вялікім бізнесе, калі прадпрымальнікі рызыкуюць страціць немалыя асабістыя ўкладанні, — дадаў Мікалай Мікалаевіч.

У ліку васьмі пераможцаў фестывалю 2 стартапы і 6 школьных бізнес-кампаній. У намінацыі “Якасны бізнес-план” журы пакарыла бізнес-ідэя калектыву “Эргана” Капыльскага дзяржаўнага каледжа. За 9 гадоў існавання кампанія развіла 9 напрамкаў бізнесу. Сярод іх вытворчасць і рамонт швейных вырабаў, выраб малых архітэктурных металаканструкцый, вытворчасць пешаходнай і абліцовачнай пліткі і бар­дзюраў, вырошчванне расады агародніны і кветак, распрацоўка і стварэнне запатэнтаваных інавацыйных вырабаў, такіх як напятачнік на абцас, плашч-трансформер і куртка-барсетка. Юныя прадпрымальнікі актыўна развіваюць яшчэ і сельскі турызм, прапаноўваючы адпачынак у экаасяроддзі на тэрыторыі створанай імі сядзібы “Мядовая заімка”. Тут вырабляецца прадукцыя пчалярства, а неўзабаве з’явіцца і музей мёду, ёсць кантактны заапарк, створана экалагічная сцежка. Сваім гасцям юныя прадпрымальнікі прапану­юць адпачынак, забавы, смачную ежу, удзел у этнасвятах і фестывалях, спартыўных мерапрыемствах і квестах, а яшчэ апітэрапію са сном на вуллях з пчоламі, што дапамагае нармалізаваць сон, апетыт і настрой, пазбавіцца стомы, раздражняльнасці і дэпрэсіі.

У намінацыі “Экалогія і бізнес” перамагла вучнёўская бізнес-кампанія DecorWood негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна, якая з 2016 года зай­маецца вырошчваннем дэкаратыўных раслін і кустоў, а таксама ландшафтным дызайнам. Вучні 8—9 класаў працуюць у тэхнічным аддзяленні і зай­маюцца развядзеннем і пасадкай расады, саджанцаў. Старшакласнікі працуюць у эканамічным аддзеле і зай­маюцца стварэннем бізнес-планаў, прайс-лістоў. Супрацоўнікі дызайнерскага аддзела распрацоўваюць дызайн ландшафтаў і прыдумляюць экалагічны дэкор для вазонаў. Ну а менеджары-дзесяцікласнікі займаюцца падборам новага персаналу, рынкамі збыту, маркетынгам. За гады вучобы ўдзельнікі бізнес-кампаній праходзяць розныя прыступкі кар’ернага росту, знаёмячыся з усімі бакамі школьнага бізнесу. Аднак, як і ў любой фірме, менеджарам і кіраўніком можа стаць той, у каго яскрава выяўлена прадпрымальніцкая жылка.

Аўтар лепшай бізнес-ідэі — бізнес-кампа­нія “Старт” сярэдняй школы № 14 Маладзечна, якая пачынала сваю работу тры гады назад з пашыву модных шопераў, а пасля наладзіла вытворчасць бескаркасных крэслаў-мяшкоў у форме грушы, банана, квадрата, мяча. Лепш за ўсіх здолелі прэзентаваць сваю бізнес-ідэю ўдзельнікі самай маладой бізнес-кампаніі “Поспех” сярэдняй школы № 1 вёскі Копішча Мінскага раёна, якія ў лютым гэтага года заняліся пашывам уніформы для работнікаў сталовай, сталовага тэкстылю, сучаснага жаночага адзення з элементамі традыцыйнага беларускага касцюма і ­адзення для творчых калектываў.

Лепшай вучнёўскай бізнес-кампаніяй ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі прызнана вучнёўская бізнес-кампанія “Пазітыў” маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы. Школьнікі вучацца праца­ваць у камандзе, развіваюць свае творчыя здольнасці і зарабляюць на кішэнныя расходы, займаючыся вытворчасцю плоскіх фігурных магнітаў-сувеніраў, магнітных фотарамак і паштовак, пазлаў, дыдактычных дапаможнікаў і развіццё­вых гульняў. У асартыменце таксама магнітныя візітоўкі, размалёўкі, запрашэнні і магніты-календары.

Сярод устаноў прафесійнай адукацыі лепшай бізнес-кампаніяй стала “Праф-Альянс” са Слуцкага дзяржаўнага каледжа, якая  пяты год удасканальваецца ў вытворчасці хлебабулачных вырабаў, малых архітэктурных форм для дома і саду, пашыве пакрывал, касцюмаў, пасцельнай бялізны, штор, рамонце швейных вырабаў. Дарэчы, на рахунку навучэнцаў Слуцкага дзяржаўнага каледжа тры дыпломы пераможцаў. Са сваімі стартапамі вызначыліся Дзяніс Максімаў, аўтар дадатку для смартфонаў Salute, і Аляксей Бурлакоў, распрацоўшчык сістэмы Medical Help Assistant, якая сама вымярае тэмпературу цела, пульс, сатурацыю пацыента і адпраўляе іх на камп’ютар ці смартфон супрацоўнікаў установы аховы здароўя. Юныя стартаперы ўпэўнены, што іх распрацоўкі палеп­шаць якасць жыцця многіх людзей не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.