Усё пачынаецца з цікавасці

- 19:46Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

У аснове педагагічнай філасофіі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы в.Тамашоўка Брэсцкага раёна Таццяны Пархац ляжаць адносіны да вучняў: кожны з іх перш за ўсё асоба, якая мае права на свой светапогляд, свае інтарэсы і памылкі.

У творчым пошуку

Таццяна Віктараўна аддае перавагу асобасна арыентаванаму падыходу ў навучанні. Заклікаючы да сумеснага пошуку, улічваючы асаблівасці псіхалогіі вучняў, педагог дае магчымасць самарэалізавацца кожнаму з іх як творцу. Усім вучням на занятках і дома знаходзіцца работа па іх здольнасцях.  

Сістэма работы педагога ўяўляе сабой сінтэз элементаў розных адукацыйных тэхналогій: інфармацыйных, праблемнага навучання, тэхналогіі ўзроўневай дыферэнцыяцыі і развіцця крытычнага мыслення, якая дапамагае вучням самастойна вызначаць напрамак у вывучэнні тэмы і выра­шаць праблемы, што ўзнікаюць. Увогуле, настаўніца ўсвядомлена стварае на ўроках такую сітуацыю ці ставіць такое праблемнае пытанне, каб выклікаць у школьнікаў неабходнасць выказаць сваю думку, адстаяць яе пераканаўчай аргумента­цыяй, але пры гэтым кожнае дзіця вучыцца выслухоўваць і разумець іншых, цярпліва адносіцца да чужога меркавання.

Таццяна Віктараўна выкладае эмацыя­нальна, натхнёна, з любоўю, і гэтая ўлюбёнасць у прадмет перадаецца яе выхаванцам. Так, вучні Т.В.Пархац ведаюць, што менавіта літаратура дапаможа ў любой жыццёвай сітуацыі, падкажа, як дзейнічаць. А вывучэнне мовы для іх — гэта найперш спасціжэнне яе законаў, такіх жа складаных і таямнічых, як і законы фізікі. Настаўніца вучыць цаніць беларускую мову, як прыгожы дар, які ва ўмелых руках здольны рабіць цуды. 

На думку педагога, перадумова поспеху на любых занятках — пабудаваць іх так, каб школьнікі самі шукалі патрэбную інфармацыю, самастойна здабывалі веды. А для гэтага неабходна зацікавіць іх, выклікаць жаданне вывучаць прадмет. На дапамогу прыходзяць гульнявыя тэхналогіі. 

— Індывідуальная гульня або гульня ў камандзе не ўспрымаецца вучнем як праца, таму што дае перамогу над няведаннем, над непадатлівым граматычным матэрыялам, моўнымі загадкамі i слоўнымі парадоксамі, над стомленасцю і нервовай перагрузкай, над сабой, абыякавасцю i душэўнай лянотай, няўпэўненасцю, над сваімі таварышамі ў конкурсе: умовы для ўcix роўныя, усё залежыць толькі ад цябе, i зусім натуральным з’яўляецца жаданне быць калі не першым, то не ў ліку апошніх — здабыць ачкі камандзе i ра­дасць сабе, — адзначае настаўніца.

Дыдактычныя ­гульні Т.В.Пархац накіраваны на ўдасканаленне фанематычна-моўнага слыху, выпрацоўку артыкуляцыйнай дасканаласці, развіццё арфаграфічнай пільнасці, замацаванне графічных навыкаў, узбагачэнне слоўнікавага запасу, актывізацыю выкарыстання розных моўных сродкаў.

Сродкамі візуалізацыі

— Імклівая інфарматызацыя грамадства прывяла да карэнных змяненняў у разнастайных сферах дзейнасці чалавека, у тым ліку паспрыяла фарміраванню ў малодшага пакалення новага тыпу мыслення — кліпавага, — заўважае Таццяна Віктараўна. — Так, дзеці, якія выраслі ў эпоху высокіх тэхналогій, па-іншаму глядзяць на свет. Іх успрыманне не паслядоўнае і не тэкставае — яны бачаць малюнак у цэлым і ўспрымаюць інфармацыю па прынцыпе кліпа. У выніку пры арганізацыі заняткаў існуе неабходнасць візуалізацыі інфармацыі. Прымяненне разнастайных сродкаў і прыёмаў нагляднасці робіць урок больш эфектыўным, бо дазваляе задзейнічаць розныя каналы ўспрымання інфармацыі. 

Прыёмы візуалізацыі, як традыцыйныя (схемы, апорныя канспекты, табліцы), так і новыя (воблака слоў, інфаграфіка, кросенс), настаўніца падбірае з улікам канкрэтных вучэбных задач на розных этапах урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні, абагульненні і сістэматызацыі ведаў і інш. Так, воблакі слоў выкарыстоўваюцца педагогам як дыдактычны матэрыял (у электронным выглядзе ці раздрукаваныя на прынтары), для стварэння яскравых, запамінальных прадуктаў (прэзентацый, буклетаў), для акцэнтавання ўвагі на ключавых момантах, у якасці візуа­лізацыі крытэрыяў ацэньвання чаго-небудзь.

На ўроках беларускай мовы Таццяна Віктараўна прымяняе воблака слоў як дыдактычны матэрыял для ўвядзення, паўтарэння і замацавання лінгвістычных тэрмінаў і паняццяў: на этапе паведамлення тэмы ўрока для павышэння матывацыі і цікавасці школьнікаў воблака ўтрымлівае яскравую і арыгінальна аформленую назву тэмы; на этапе замацавання ці кантролю ведаў яно змяшчае асноўныя паняцці па гэтай тэме (вучні раскрываюць прадстаўленыя паняцці). Для паўтарэння вывучанага матэрыялу, пераключэння ўвагі, у якасці размінкі вучням даецца заданне “Знайдзі лішняе слова”.

У 6 класе настаўніца прадстаўляе дзецям воблака слоў па тэме “Назоўнік” і прапануе ім узнавіць прапушчаную інфармацыю. Такі прыём карысны для развіцця ўмення будаваць аргументаванае выказванне, граматычных навыкаў. Часта вучням даецца заданне самастойна скласці воблака слоў па пэўнай тэме. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Якасныя, адносныя і прыналежныя прыметнікі, іх роля ў маўленні” вучні склада­юць воблака слоў, вусна тлума­чаць кожнае паняцце і прыво­дзяць прыклады. 

Яшчэ адзін сродак візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, які выкарыстоўваецца Т.В.Пархац, — кросенс. Ён уяўляе сабой асацыятыўны ланцужок, замкнёны ў полі з 9 квадратаў, у якіх змешчаны выявы. Кожная выява звязана з папярэдняй і наступнай па сэнсе. Задача — растлума­чыць кросенс. Для гэтага настаўніку трэба арганізаваць абмен думкамі на ўроку па прапанаваных выявах, вучням — скласці выказванне па ўзаема­звязаных малюнках. Так, на ўроку беларускай літаратуры ў 8 класе педагог прапануе вучням кросенс па сюжэце паэмы Я.Купалы “Магіла льва”. Ён дазваляе сфармуляваць рознаўзроўневыя вучэбныя задачы і рухацца ад аднаго ўзроўню да другога. Напрыклад, на першай ступені вучні вызначаюць тэму, пераказваюць змест твора, на другой — складаюць цытатны план, рашаюць кросенс, знаходзячы асацыяцыі паміж суседнімі выявамі, на трэцяй — вызначаюць асацыяцыю, якая аб’ядноўвае ўсе вобразы, на чацвёртай — ствараюць свой кросенс. Такім чынам ствараюцца ўмовы для рэалізацыі здольнасцей школьнікаў і самастойнага творчага пошуку.  

Выкарыстоўвае Таццяна Пархац і іншыя тэхнікі візуалізацыі, такія як стужка часу (таймлайн), інтэлект-карты, скрайбінг. Стужка часу прымяняецца пры рабоце з біяграфіямі ці творчасцю таго ці іншага пісьменніка, пры фарміраванні ў дзяцей сістэмнага погляду на гістарычныя пра­цэсы. У праектнай дзейнасці таймлайн дапамагае вучням адзначаць і бачыць этапы рэалізацыі праекта, тэрміны яго заканчэння. Прыёмы візуалізацыі дазваляюць выпрацоўваць уменне аналізу і разумення тэксту, абагульнення аб’ёмнай інфармацыі, спрыяюць паспяховай сацыялізацыі вучняў. 

З радасцю і без прымусу

Маўленчая практыка выхаванцаў Т.В.Пархац знаходзіць лагічны працяг у пазакласнай дзейнасці. Педагог лічыць, што вучням трэба даць такую лінгвістычную адукацыю, якая дапаможа ім не толькі граматычна правільна ствараць і афарм­ляць свае вусныя і пісьмовыя паведамленні, але і выбіраць з багатага арсенала выяўленчых моўных сродкаў самыя трапныя, дасканалыя і пераканаўчыя. 

— У аснове пазакласных заняткаў ляжыць самадзейнасць вучняў. Таму тут ярка выяўляюцца асоба школьніка, яго інтарэсы, схільнасці, унутраны свет, маральныя і эстэтычныя ідэалы. На занятках гуртка, на экскурсіі ці ў паходзе, пры падрыхтоўцы вечарыны, канферэнцыі, дыспуту ствараюцца новыя своеасаблівыя калектывы, якія аб’ядноўваюць вучняў розных класаў адной ці некалькіх паралелей на аснове агульных інтарэсаў, — адзначае Таццяна Віктараўна. — Рухаючай сілай пазакласнай работы выступае цікавасць. Яна падразумявае добраахвот­насць удзелу, свабоду выбару лінгвістычнага матэрыялу, форм зносін з мастацтвам слова, спосабаў творчага самавыяўлення. Іншымі словамі, вучні атрымліваюць магчымасць рабіць тое, што яны хочуць і могуць: спрабуюць сябе ў ролі ка­рэспандэнта, аратара, навукоўца, экскурсавода і інш. Многія вучні з задавальненнем наведва­юць пазакласныя мерапрыемствы па прадмеце, таму што падтрымліваюць зносіны, у тым ліку і з настаўнікамі, у нестандартных абставінах, не атрымліваюць адзнак, а віды дзейнасці на гэтых мерапрыемствах адрозніваюцца ад тых, што прымяняюцца на ўроках. 

Літаратурныя гасцёўні, вечарыны, віктарыны, конкурсы, гульні, дзе вучні мо­гуць пака­заць свой узровень агульнамоўнай адукацыі, хуткую арыен­тацыю, уменне дакладна фармуля­ваць свае думкі, — далёка не поўны пералік форм работы, якія прымяняюцца настаўніцай. Вучні выступаюць у якасці навукоўцаў, самі збіра­юць матэрыял, класіфікуюць яго, выступаюць у ролі чытальнікаў мастацкіх твораў. Пры гэтым у іх развіваюцца пошукавы падыход да атрымання ведаў, навык выразнага чытання на памяць, адбываецца асэнсаванне ролі літаратуры ў жыцці чалавека. Даспадобы выхаванцам настаўніцы інсцэніроўкі твораў беларускай літаратуры. ­Удзел у такой дзейнасці дазваляе вучням раскрыць свой творчы патэн­цыял, пашырыць кола аднадумцаў. 

Пры арганізацыі і правя­дзенні экскурсій у музей, па гістарычных мясцінах, на радзіму вядомых дзеячаў мастацтва і літаратуры Таццяна Віктараўна прапануе вучням самастойна падрыхта­ваць паведамленне па тэме экскурсіі, пры гэтым дае ім магчымасць паспрабаваць свае сілы ў якасці экскурсавода. У Тамашоўскай школе такая форма пазакласнай работы вельмі актуальная. Вучні рэгулярна праводзяць літаратурныя экскурсіі на беларускай мове ў школьным музеі касманаўтыкі. Такім чынам вырашаецца задача выхавання моўнай культуры вучняў, пераадолення аўдыторнага шоку, што дазваляе адчуваць сябе камфортна ў любой моўнай сітуацыі. 

Урокі Т.В.Пархац заўсёды розныя. Вучэбны працэс арганізаваны так, што на працягу заняткаў працуе ўвесь клас, абстрагавацца, расслабіцца немагчыма, ды і не хочацца: нават, здавалася б, сумныя тэарэтычныя звесткі падаюцца жыва і цікава. Школьнікі ўважліва сочаць за адказамі, дапаўняюць, папраўляюць адно аднаго.

З мэтай пашырэння ведаў па літаратуры, развіцця творчых здольнасцей і цікавасці да філалагічнай навукі Т.В.Пархац арганізавала літаратурны гурток. Вынікам яго работы стаў выпуск літаратурнага альманаха “Проба пяра”, у які ўвайшлі творы, самастойна напісаныя вучнямі. Паказчыкам эффектыўнай работы гуртка, дасканалага валодання родным словам таксама з’яўляюцца шматлікія дыпломы, пахвальныя водгукі раённага і абласнога ўзроўню за удзел вучняў у літаратурных конкурсах. 

Практыка сведчыць, што пазакласная дзейнасць спрыяе фарміраванню ў вучняў эстэтычнага густу і навыкаў самастойнага аналізу літаратурнага твора, а таксама развіццю вуснага і пісьмовага маўлення. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.