11 дзён, каб паказаць сябе

У горадзе над Бугам стартавалі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2021. Урачыстая цырымонія адкрыцця шматдзённага марафону праходзіла на базе Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту “Вікторыя” імя А.П.Мяшкова з удзелам намесніка міністра адукацыі Беларусі А.У.Кадлубая, начальнікаў галоўнага ўпраўлення па адукацыі і ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкага і М.М.Глушэні, дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, старшыні Беларускай асацыяцыі школьнага спорту В.М.Стрыгельскага.

Cпартыўнае свята пачалося з марш-парада каманд спартсменаў з усіх рэгіёнаў краіны і завяршылася канцэртам артыстаў, дзіцячых і маладзёжных творчых калектываў. У складзе дэлегацыі Віцебшчыны — лепшыя спартсмены па скачках на батуце. Каманда па боксе — бронзавы прызёр Рэспубліканскай юнацкай лігі. Далёка за межамі рэгіёна вядомы віцебскія школы спартыўнай гімнастыкі, лёгкай і цяжкай атлетыкі, грэка-рымскай барацьбы, бокса і скачкоў на батуце, якімі займаюцца больш за 13 тысяч навучэнцаў.

На Гомельшчыне функцыянуюць 74 спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы і адно вучылішча алімпійскага рэзерву, культывуюцца 50 відаў спорту, з якіх 36 — па алімпійскай праграме. Спартыўнай дзейнасцю займаюцца больш за 28 тысяч дзяцей і падлеткаў. Летась 66 прадстаўнікоў Гомельшчыны сталі майстрамі спорту Беларусі.

Маладыя людзі Гродзеншчыны неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў і першынстваў Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў па грэка-рымскай і вольнай барацьбе, лёгкай і цяжкай атлетыцы, кулявой стральбе, мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, скачках на батуце, веславанні на байдарках і каноэ. У складзе дэлегацыі — прадстаўнікі 51 спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установы, 6 заслужаных трэнераў Беларусі, 10 майстроў спорту, 35 кандыдатаў у майстры спорту, 62 спартсмены першага разраду.

На Магілёўшчыне спартсменаў рыхтуюць у 52 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах і двух вучылішчах спартыўнага рэзерву, дзе займаюцца больш за 30 тысяч навучэнцаў. Каманды вобласці паспяхова выступаюць у біятлоне і лыжных гонках, вольнай барацьбе, боксе і спартыўнай гімнастыцы.

У складзе дэлегацыі Міншчыны — заслужаныя трэнеры Беларусі, кандыдаты ў майстры спорту і майстры спорту. У рэгіёне спартыўную падрыхтоўку праходзяць больш за 26 тысяч навучэнцаў.

У Мінску дзейнічаюць 67 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, дзе займаюцца больш за 25 тысяч навучэнцаў. Сталічныя спартсмены паспяхова выступаюць на еўрапейскіх і сусветных першынствах і чэмпіянатах у мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, шашках, веласіпедным спорце, плаванні, кулявой стральбе, баскетболе, валейболе, футболе і гандболе. На працягу апошніх гадоў каманды Мінска з’яўляюцца абсалютнымі пераможцамі Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па мастацкай гімнастыцы, плаванні, баскетболе, футболе сярод юнакоў і кулявой стральбе.

У 68 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах і вучылішчы алімпійскага рэзерву Брэстчыны рыхтуюць больш за 25 тысяч спартсменаў па 39 відах спорту. Найбольш паспяхова прадстаўнікі вобласці выступаюць у лёгкай атлетыцы, акадэмічным веславанні, фехтаванні, кулявой стральбе і веласіпедным спорце. 12 спартсменаў Брэстчыны будуць удзельнічаць у 32-х летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў спартакіяды, намеснік міністра адукацыі А.У.Кадлубай пажадаў ім поспехаў і нагадаў, што гэтае мерапрыемства — пераемнік Усесаюзнай спартакіяды. Добрая спартыўная традыцыя была адноўлена ў 2006 годзе па рашэнні прэзідэнта. Інфраструктура рэгіёна дазваляе праводзіць маштабныя спаборніцтвы на высокім узроўні.

— Моладзь сабралася на гераічнай зямлі, каб у сумленнай барацьбе паказаць не толькі лепшыя фізічныя, але і маральныя якасці, набыць новых сяброў, — адзначыў А.У.Кадлубай. — Высокія дасягненні айчынных спартсменаў вызначаюць прэстыж Беларусі на міжнароднай арэне, фарміруюць алімпійскую гісторыю краіны, якая ўзгадавала 76 прызёраў Алімпійскіх гульняў. Мы ганарымся суайчыннікамі, чые імёны, дзякуючы спартыўным дасягненням, вядомы ўсяму свету. Упэўнены, яркія спартыўныя дасягненні школьнікаў увойдуць неўзабаве ў агульную скарбонку перамог нашай краіны.

Спаборніцтвы па летніх відах спорту будуць праходзіць на працягу 11 дзён на базе 14 спартыўных аб’ектаў вобласці — у Брэсце, Баранавічах, Пінску і Пружанах, а таксама на базе Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Спартакіяда праводзіцца ў 3 этапы. У першым этапе паўдзельнічалі каля 250 тысяч школьнікаў ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў. У фінальным удзел прымаюць больш за 2,5 тысячы юных спартсменаў у 21 відзе спорту, у тым ліку ў 19 алімпійскіх і 2 неалімпійскіх (шашках і шахматах). Галоўную судзейскую калегію ўзначальвае майстар спорту міжнароднага класа сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1980 года па стральбе з лука Б.В.Ісачанка.

Вынікі спартакіяды будуць падведзены 22 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Нагадаем, што пераможцай зімовага этапу спартакіяды стала каманда Мінска, сярэбраным прызёрам — каманда Гродзеншчыны, бронзавым — каманда Магілёўшчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.