110 гадоў Дабрынскай школе

Сёння Дабрынская сярэдняя школа Ельскага раёна — рэсурсны, метадычны, інфармацыйны, сацыякультурны цэнтр. На яе базе праводзяцца раённыя, абласныя семінары і адкрытыя ўрокі, майстар-класы, ваенна-патрыятычная гульняЗарніца. Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзеці паспяхова спасцігалі навукі, вучыліся думаць, любіць і берагчы родную зямлю. Аляксандр Пазняк узначальвае педагагічны калектыў з 2007 года. Дырэктар гаворыць, што традыцыі тут шануюць і перадаюць нашчадкам.

— Гісторыя нашай школы пачалася ў першай палове мінулага стагоддзя. У справаздачы па народнай адукацыі ў Мазырскім павеце запісана, што 11 снежня 1910 года было адкрыта Дабрынскае аднакласнае народнае вучылішча. На гэта насельніцтва сабрала 40 рублёў. На працягу сваёй гісторыі школа працавала як пачатковая, сямігадовая, сярэдняя.

Вядома, што першай настаўніцай чатырохкласнай школы ў пачатку 1917 года была Раіса Савіч. У 1929 годзе ў Дабрыні быў створаны калгас “Прагрэс”. У вёску пачалі з’язджацца хутаране. Старшынёй калгаса прызначылі Сцепаніду Анішчанка. Яна разумела, што людзей трэба вучыць. Не без яе ўдзелу пабудавалі новую школу з двума класнымі пакоямі і кватэрай для настаўніка. Пры ёй пачала працаваць вячэрняя школа для непісьменных жыхароў вёскі. А ў сваёй хаце старшыня калгаса часова размясціла дзіцячы садок.

Першы выпуск сямігодкі адбыўся ў 1939/1940 навучальным годзе. Да вайны дырэктарам школы працаваў Андрэй Хрушчоў, завучам быў Яўхім Шматаў, настаўнікамі — Пананайка, Фяськоў, Мазурэнка (на жаль, іх імёны не захаваліся). Усе яны абаранялі нашу Радзіму і загінулі на фронце.

У гады вайны дзеці ў вёсцы не вучыліся, а ў школе размяшчалася нямецкая канюшня. У студзені 1944 года Дабрынь была вызвалена. І ўжо ў сакавіку ўзнавіла сваю работу школа. Яна размясцілася ў двух будынках, таму што жадаючых вучыцца было шмат. Настаўнікамі ў гэты час былі толькі жанчыны.

— Шмат выдатных педагогаў уклалі сваю душу ў вучняў, — адзначае Аляксандр Аляксандравіч. — Іх імёны з цеплынёй згадваюць у сценах гэтай навучальнай установы і за яе межамі. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, умелыя арганізатары, працавітыя, чулыя, сардэчныя і прынцыповыя людзі. Прыемна ўсведамляць, што абсалютная большасць выпускнікоў школы дастойна яе рэпутацыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.