Педагагічны форум краін СНД у Мінску

З 30 верасня па 3 кастрычніка ў Мінску пройдзе III з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. Урачыстае адкрыццё педагагічнага форуму адбудзецца 1 кастрычніка ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У з’ездзе прымуць удзел прадстаўнікі сістэмы адукацыі краін Садружнасці, вядомыя грамадскія дзеячы, навукоўцы, настаўнікі школ, выкладчыкі ВНУ, метадысты, выдаўцы.

Трэці па ліку педагагічны форум краін Садружнасці павінен стаць працягам дзейнасці адукацыйных галін гэтых краін, накіраванай на далейшае развіццё і ўмацаванне адзінай адукацыйнай прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Менавіта на інтэграцыю краін СНД у сферы адукацыі, навукі і культуры былі накіраваны і папярэднія педагагічныя форумы. Першы з іх прайшоў у Астане (Казахстан), другі — у Ерэване (Арменія). На трэці форум педагагічнай грамадскасці краін Садружнасці, які адкрыецца ў сталіцы Беларусі Мінску, вынесена пытанне ўзаемадзеяння нацыянальных адукацыйных сістэм краін СНД як фактар павышэння якасці адукацыі. У рамках з’езда плануецца прадэманстраваць вопыт работы па развіцці сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншых краін — удзельніц педагагічнага форуму. Згодна з рэгламентам правядзення з’езда, 1 кастрычніка пройдзе пленарнае пасяджэнне, дзе будуць абмеркаваны канцэптуальныя падыходы далейшага супрацоўніцтва краін СНД у адукацыйнай сферы, а таксама будзе працаваць шэраг секцый па тэмах павышэння якасці агульнай сярэдняй адукацыі і сістэмы яе ацэньвання; укаранення эфектыўных адукацыйных тэхналогій; менеджменту ў адукацыі; росту прафесійнай кампетэнтнасці педагога; інавацый у адукацыі; павышэння якасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў; развіцця дашкольнай адукацыі; сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Плануецца таксама разгледзець пытанне мадэльнага адукацыйнага кодэкса для дзяржаў — удзельніц СНД.
У рамках педагагічнага форуму запланавана правесці пасяджэнне Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, канферэнцыю міністраў адукацыі (і навукі), пасяджэнне Савета рэктараў ВНУ педагагічнага профілю.
Традыцыйна ў час з’езда будзе арганізавана выстава “Адукацыя СНД — супрацоўніцтва без межаў”, на якой будуць прадэманстраваны дасягненні ў выдавецтве нашай краіны, а таксама новыя кніжныя выданні і вучэбна-метадычныя дапаможнікі краін Садружнасці.

Ала КЛЮЙКО.