У агульнаадукацыйных ліцэях краіны пачалася ўступная кампанія

- 14:49Адукацыйная прастора
На прыступках Мінскага абласнога ліцэя яшчэ задоўга да пачатку першага экзамену пачалі збірацца навучэнцы і іх група падтрымкі — бацькі і сябры. Сёлета на ўдзел ва ўступных выпрабаваннях у гэты ліцэй было пададзена 326 заяў, а залічаны будуць 144 навучэнцы.

Штогод ва ўступных экзаменах у Мінскі абласны ліцэй удзельнічаюць прадстаўнікі розных рэгіёнаў Мінскай вобласці, акрамя Клецкага раёна. У гэтым раёне дзейнічае свой ліцэй. Наогул у Мінскай вобласці функцыянуюць тры ліцэі — у Барысаве, Клецку і абласны ў сталіцы. Традыцыйна сярод паступаючых у абласны ліцей 40—45% — гэта дзеці з сельскай мясцовасці і 55—65% — гараджане. Жыхары сталіцы таксама лічаць Мінскі абласны ліцэй прывабным для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, хаця ў сталіцы працуюць яшчэ два гарадскія ліцэі, а таксама Ліцэй БДУ і Ліцэй БНТУ. Па правілах, да 10 % мінчан могуць быць прыняты на вучобу ў ліцэй.
У апошнія пяць гадоў сярэдні конкурс па Мінскім абласным ліцэі трымаецца на ўзроўні 2,5 чалавека на месца. Крышку вышэйшы бывае на двух напрамках — фізіка-матэматычным і хіміка-біялагічным. Гэта адны з самых запатрабаваных кірункаў ліцэя. Усім вядома, што на алімпіядных спаборніцтвах па біялогіі і хіміі ў рэгіёне навучэнцам Мінскага абласнога ліцэя мала хто можа скласці канкурэнцыю. І што выпускнікі гэтых двух напрамкаў амаль усе паступаюць у БДУ, БНТУ, БДУІР, а таксама ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. У гэтым годзе, напрыклад, кожны пяты выпускнік ліцэя атрымаў медаль (20 залатых і 4 сярэбраных) пасля заканчэння ўстановы адукацыі.
Збіраючы з розных крыніц інфармацыю аб Мінскім абласным ліцэі, абітурыенты адзначаюць усё: і выкладчыцкі склад, і поспехі навучэнцаў, і ўмовы пражывання-навучання, і мікраклімат у калектыве. Абавязкова яшчэ знаёмяцца з сайтам установы. А сайт у абласнога ліцэя інфарматыўны і жывы, як адзначаюць паступаючыя. Праз фатаграфіі і аповеды пра асобныя справы ліцэістаў можна ўявіць, якое цікавае і разнастайнае тут жыццё. І пра адміністрацыю таксама можна шмат чаго даведацца.
Віктара Пракопавіча Хацеева, дырэктара ліцэя, можна пазнаць па добразычлівай усмешцы, якая любыя праблемы дапамагае разгледзець у больш пазітыўным святле. Як адзначаюць ліцэісты, іх дырэктар валодае дэмакратычным стылем кіравання, сваю дзейнасць накіроўвае на гарманізацыю інтарэсаў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У 2003 годзе В.П.Хацееву было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”, якое, па меркаванні вучняў, ён заслугоўвае, бо лепш за Віктара Пракопавіча ніхто не ўмее выкладаць французскую мову.
З верай у тое, што яны стануць ліцэістамі ідуць на свой першы ўступны экзамен Ягор і Алена Бажэвічы і Мікіта Бярнадскі.Калі вам у ліцэі адказваюць на мілагучнай беларускай мове, то ведайце, перад вамі — намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Валянціна Дзям’янаўна Скіба. Размаўляючы выключна па-беларуску, Валянціна Дзям’янаўна дапамагае зразумець, якая прыгожая беларуская мова, як можна натуральна наладжваць на ёй стасункі. На сваіх факультатыўных занятках на польскай мове яна разам з вучнямі займаецца перакладам твораў польскай літаратуры на сучасную беларускую мову. Валянціна Дзям’янаўна прымала актыўны ўдзел у стварэнні і развіцці даследчай дзейнасці ліцэйскага навуковага таварыства “Праметэй”, якое атрымала грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі. Неаднаразова вучні Валянціны Дзям’янаўны ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях, станавіліся пераможцамі міжнародных конкурсаў, гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове і літаратуры.

Як заўважаюць Мікіта Бярнадскі, навучэнец Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна, брат і сястра Алена і Ягор Бажэвічы, навучэнцы сярэдняй школы № 2 Старых Дарог, ім захацелася паступаць у Мінскі абласны ліцэй пад уздзеяннем добрых, цікавых аповедаў пра гэты ліцэй, якія яны пачулі ад тых хлопцаў і дзяўчат, што тут вучыліся, ад іх блізкіх. Заўсёды і ўсюды чулі толькі станоўчыя водгукі аб установе. Яны ўжо і самі паспелі адчуць асаблівую аўру ліцэя, бо на працягу года займаліся ў вочна-завочнай школе, якая дзейнічае пры ліцэі, а значыць, тройчы ў год (восенню, зімой і вясной) прыязджалі ва ўстанову, пэўны час жылі ў яе інтэрнаце. Заняткі ў школе ім шмат у чым дапамаглі, дзякуючы ім яны змаглі пазнаёміцца з будучымі настаўнікамі, сустрэчы з якімі чакаюць з нецярплівасцю. Але пры гэтым маладыя людзі з вялікай павагай і пашанай успамінаюць сваіх папярэдніх любімых педагогаў. Мікіта лічыць, што яго настаўніца матэматыкі Таццяна Іванаўна Дземідзюк — адна з лепшых матэматыкаў вобласці. Разам з тым ён хацеў бы працягнуць навучанне ў ліцэі, бо ўпэўнены, што тут ён можа займацца сваёй любімай матэматыкай на больш высокім узроўні, поруч з больш матываванымі на гэты прадмет вучнямі, а ў далейшым гэта дапаможа яму ажыццявіць сваю мару і паступіць ва ўніверсітэт.
Алена і Ягор Бажэвічы гэтак жа ніколі не забудуць урокі, а яшчэ больш экскурсіі і раскопкі, якія ладзіў для іх настаўнік гісторыі Віталь Анатольевіч Юрэвіч. Дзякуючы яго намаганням, яго захопленасці справай, яны зацікавіліся прадметам, вырашылі звязаць сваю будучыню з гэтай навукай. Мінскі абласны ліцэй для брата і сястры — гарантыя якасці ведаў і першая прыступка да вышэйшай адукацыі. Алена і Ягор упэўнены, што ў ліцэі яны змогуць паглыбіцца ў вывучэнне гісторыі, а таксама будуць мець магчымасць развіваць мастацкія таленты, таму што ведаюць: у ліцэі ёсць вялікая колькасць розных гурткоў. Алена, напрыклад, з шасці гадоў займаецца танцамі, а Ягор іграе на трубе і фартэпіяна (скончыў музычную школу), займаецца спортам.
Перад першым іспытам складана стрымаць эмоцыі і хваляванні, але педагагічны калектыў ліцэя падбадзёрвае і падтрымлівае словам сваіх патэнцыяльных навучэнцаў. Педагогі таксама клапоцяцца пра тое, каб будучыя ліцэісты змаглі сканцэнтравацца і паказаць усе свае веды на экзамене, таму імкнуліся падрыхтаваць для іх найлепшыя ўмовы.
Хоць у Мінскім абласным ліцэі традыцыйна добры стабільны конкурс, усё ж кіраўніцтва ўстановы пастаянна клапоціцца аб тым, каб у ліцэй прыйшлі лепшыя старшакласнікі вобласці. З гэтай мэтай штогод пасля завяршэння прадметных алімпіяд усім удзельнікам абласнога этапу адсылаюцца імянныя запрашэнні на дамашні адрас з прапановай пазнаёміцца з установай адукацыі і паспрабаваць паступаць у яе. Менавіта ўсім удзельнікам. Бо калектыў ліцэя, які ўвесь час рыхтуе сваіх вучняў да алімпіядных спаборніцтваў, ведае: тыя навучэнцы, якія прайшлі школьны і раённы этапы алімпіяд, ужо матываваныя на вучобу і маюць пэўныя схільнасці. На думку Віктара Пракопавіча Хацеева, якую падтрымліваюць усе яго калегі, кіраўнікі абласных ліцэяў, пераможцаў абласнога этапу алімпіяды неабходна ў рэгіянальныя ліцэі прымаць па-за конкурсам. Яны абавязкова добра вытрымаюць экзамены і паступяць у ліцэй, але варта шкадаваць іх і заахвочваць, бо яны ўжо дастаткова часу і сіл патрацілі на падрыхтоўку да алімпіядных спаборніцтваў, тым самым заслужыўшы нейкія прывілеі.
Гэтак жа для прыцягнення як мага большай колькасці паступаючых у ліцэй і падрыхтоўкі іх да іспытаў пры ўстанове дзейнічае вочна-завочная школа, створаны сервер дыстанцыйнага навучання. Жадаючых займацца ў гэтай школе заўсёды вялікая колькасць, нават даводзіцца абмяжоўваць набор. А ў рамках педагагічнага марафону, які штогод увосень праводзіць Мінская вобласць, група з ліцэя (у складзе педагогаў і навучэнцаў) выязджае з выступленнямі і прэзентацыямі ў розныя навучальныя ўстановы вобласці. Усё гэта, вядома, мае вынік, але, як лічыць кіраўніцтва ліцэя, лепшую рэкламу робяць выпускнікі.
У наступным годзе ў ліцэі будзе юбілейны, дзясяты выпуск. А пачынаючы з 2003 года, калі быў праведзены першы набор у два ліцэйскія класы, пуцёўкі ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны і блізкага замежжа атрымалі 1350 выпускнікоў. Гэтыя маладыя людзі заўсёды з любоўю гавораць пра свой ліцэй і ўсім настойліва рэкамендуюць тут вучыцца. Яны ўпэўнены, што іншай установы, дзе да старшакласнікаў ставяцца з такой павагай, увагай і клопатам, няма. Тут дзеці трапляюць у дамашнюю атмасферу, педагогі з імі амаль 24 гадзіны ў суткі, таму становяцца другімі бацькамі. Яны будзяць іх на заняткі, укладваюць спаць, даюць лекі ад болю ў горле і тэмпературы, знаходзяць патрэбныя словы ў цяжкую хвіліну. Менавіта таму тут выпускныя вечары заўсёды праходзяць так эмацыянальна, і пры развітанні ніхто не можа стрымаць слёз.
Калектыў ліцэя ганарыцца такімі сваімі традыцыямі, як урачыстае пасвячэнне ў ліцэісты “Віват, ліцэіст!”, фестывалем ваенна-патрыятычнай песні, конкурсамі “Алё, мы шукаем таленты” і “Класныя танцы”, велапрабегам па месцах баявой славы, мерапрыемствамі, прысвечанымі алімпійцам —“Пасядзім на дарожку” і “На вяршыні Алімпу” (ушанаванне пераможцаў прадметных алімпіяд), а таксама дзейнасцю ліцэйскага навуковага таварыства “Праметэй”.
Знаёмства з будучымі вучнямі ў ліцэі пачынаецца з моманту падачы дакументаў для паступлення ва ўстанову. У анкеце паступаючыя расказваюць пра свае інтарэсы, схільнасці, пра тое, чым яны любяць займацца, дзе ўжо паспелі адзначыцца, перамагчы, пра ўзаемаадносіны ў сям’і. У пачатку навучальнага года з імі актыўна пачынае працаваць педагог-псіхолаг, ён праводзіць шмат тэстаў, гутарак, пасля чаго распавядае педагогам, якія патэнцыяльныя магчымасці ёсць у новых выхаванцаў, як гэтыя здольнасці трэба развіваць. Педагогі ліцэя перакананы, што і сярод сённяшніх абітурыентаў будуць пераможцы алімпіяд і навуковых канферэнцый, таленавітыя танцоры, музыканты, спевакі. 22 чэрвеня ў Мінскім абласным ліцэі пройдзе афіцыйнае залічэнне ў 10-я ліцэйскія класы.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.