15 гадоў — час для чэмпіёнства

- 12:18Спартыўныя падзеі

У жніўні ў Рыме прайшоў маладзёжны (да 18 гадоў) чэмпіянат свету па змешаных баявых мастацтвах ММА. Беларусы павінны запомніць гэтыя спаборніцтвы, бо наш спартсмен атрымаў там залаты медаль у катэгорыі да 93 кілаграмаў. Ім стаў маладзечанец Глеб Карыцька.

Каб трапіць на чэмпіянат свету, трэба перамагчы на чэмпіянаце рэспублікі, што Глеб і зрабіў. З ім павінен быў паехац­ь у Рым яшчэ і 14-гадовы мінчанін, але перад спаборніцтвамі атрымаў траўму. Падрыхтоўка мала­дзечанца да сусветных спаборніцтваў праходзіла ва ўзмоц­неным рэжыме — два разы на дзень. “Мы адпрацоўвалі ўсю тэхніку, рыхтаваліся на любога саперніка. Зранку была больш функцыянальная работа, увечары — спарынгі”, — расказвае трэнер Алег Антонавіч Пятровіч.

Шлях да чэмпіёнства пракладваўся праз тры баі. Ва ўсіх Глеб заваяваў перамогу, у апошнім нават датэрміновую. “Былі непрыемныя моманты, калі трэба было праявіць і цярпенне, і волю, — адзначае Алег Антонавіч. — Глеб там паказаў сябе толькі з лепшага боку”. Самым моцным сапернікам стаў расіянін. Ён, дарэчы, потым заваяваў “золата” сярод хлопцаў, якія важаць больш за 93 кілаграмы (можна было ўдзельні­чаць у дзвюх катэгорыях спаборніцтваў). На пытанне пра свае пачуцці ад перамогі Глеб сціпла адказвае: “Радасць”. Здаецца, усе эмоцыі пакінуў там, на актагоне.

Зараз Глебу 15 гадоў, ён пойдзе ў 10 клас маладзечанскай сярэдняй школы № 4. У змешаныя адзінаборствы падлетка тры гады назад прывёў тата. Трэнер чэмпіёна Алег Антонавіч сумняваўся, браць яго ці не, бо да гэтага з такімі маладымі не займаўся. Але тата Глеба ўмее добра ўгаворваць, таму знаёмства з унутраным жыццём ММА пачалося ў хлопца з 12 гадоў. “Я не пашкадаваў, што ўзяў яго, — кажа настаўнік. — Не кожнае дзіця будзе ў летнія канікулы ехаць на веласіпедзе 12 кіламетраў, каб патрэніравацца, а Глеб гэта рабіў”. Зараз відавочна, што не дарма.

Хлопец прызнаецца, што куміраў сярод байцоў ММА ў яго няма, ён і спаборніцтвы рэдка глядзіць: больш любіць сам выступаць і ўсё адчуваць асабіста. “А бой Макгрэгара і Нурмагамедава глядзеў?” — пытаюся я. “Ну хто ж яго не глядзеў? Хварэў за Хабіба, бо ён больш тэхнічны, а Конар проста шоўмен”. Свой вольны час, якога застаецца і не так ужо шмат, юны чэмпіён прысвячае камп’ютару.

Наперадзе Глеба чакае чэмпіянат свету па панкратыёне (сумежны з ММА від спорту, але бой адбываецца не ў актагоне, а на дыване), які пройдзе 15—17 лістапада ў Рыме. Пажадаем яму поспехаў у падрыхтоўцы і атрымання новага тытула.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена Глебам КАРЫЦЬКАМ.