Яны кормяць дзяцей і рыхтуюць маладую змену. Гомельскія кухары перамаглі на міжнародным конкурсе ў Кітаі

- 14:14Репортаж

Лета — плённы час для аздараўлення, развіцця і новых здзяйсненняў. Падчас прэс-­туру ў Гомель і Жлобінскі раён упэўніліся ў гэтым на прыкладзе і навучэнцаў, і педагогаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У колерах лета

З начальнікам аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама Аляксандрам Салаўёвым сустракаемся не ў яго рабочым кабінеце, а на адной з лакацый аздараўленчага лагера на базе сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава. На стадыёне праходзіць эстафета паміж дзвюма камандамі падлеткаў. Іх вясёлы настрой і азарт лепш за любыя словы сведчаць пра тое, што летнік — гэта выдатна!

— На працягу летняга перыяду плануецца арганізаваць на базе ўстаноў адукацыі 55 аздараўленчых лагераў для 1607 навучэнцаў, гэта больш, чым у мінулым годзе, — адзначае Аляксандр Мікалаевіч. — Большасць з іх паспяхова адпрацавалі. Так, на базе жлобінскай гімназіі № 1 функцыянаваў профільны лагер для высокаматываваных навучэнцаў “Эрудыт”, жлобінскай сярэдняй школы № 2 і Чыр­вонабярэжскай сярэдняй школы — ваенна-патрыятычныя лагеры. Адпрацавалі і тры дзевяці­дзён­ныя палатачныя лагеры па лініі Жлобінскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Але ў шэрагу летнікаў адпачынак у самым разгары.

У жлобінскай сярэдняй школе № 13 імя В.В.Гузава зараз дзейнічаюць тры лагеры: грамадзянска-патрыятычнага профілю, працы і адпачынку, а таксама профільны для падлеткаў падуліковых катэгорый. Кожны дзень у іх — тэматычны. Так, у профільным летніку мы трапілі на дзень працы, падчас якога дзеці знаёміліся з такімі прафесіямі, як пекар, сталяр і дэкаратар. Кухар і педагогі школы праводзілі з гэтай нагоды адпаведныя майстар-класы, іншыя цікавыя мерапрыемствы.

Зазірнуўшы ў школьны харчаблок, застаём майстар-клас па выпечцы булачак, які дае кухар Валянціна Бярэшчанка. Дзяўчаты ў белых халатах і галаўных уборах услед за ёй старанна надаюць цесту патрэбную форму. Яны шчыра прызнаюцца, што раней булачак самі не пяклі, іх жа сёння можна ў магазіне купіць. Але, аказваецца, гэта цікавая справа!

Далей накіроўваемся на рабочую пляцоўку навучэнцаў лагера працы і адпачынку. За летні перыяд у Жлобінскім раёне плануецца арганізаваць 15 такіх лагераў па розных кірунках дзейнасці. У 13-й школе вучні заняты рамонтам школьнай мэблі. Цікава, што займаюцца гэтым як хлопцы, так і дзяўчаты. Апошніх адрываем ненадоўга ад справы, каб пагутарыць.

— У такім лагеры я ўпершыню, — расказвае дзевяцікласніца Вікторыя Пруцкая. — Падабаецца, што ўжо ў 14 гадоў у мяне з’явілася працоўная кніжка. Можна ска­заць, лета прайшло недарэмна. Прыемна адчуваць, што цяпер я больш умею рабіць сваімі рукамі. Калі спатрэбіцца, змагу і дома дапамагчы бацьку нешта адрамантаваць.

— Мая сям’я мнагадзетная, нас у баць­коў чацвёра, — дзеліцца яе калега па атрадзе Настасся Лук’яненка. — Добра, што ў лагеры нам далі магчымасць зарабіць уласныя кішэнныя грошы. Але справа не толькі ў заробку. Мы цікава праводзім тут час, кожны дзень выхавальнікі прыдумваюць для нас нешта новае. Не засумуеш!

Са смакам перамогі

Працягнуўся прэс-тур у Гомелі. Гутарка з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Аленай Кавалёвай таксама пачалася з тэмы аздараўлення і працоўнай занятасці навучэнцаў. Яна паведаміла, што ў летні перыяд на Гомельшчыне плануецца арганізаваць работу 1 тысячы аздараўленчых лагераў розных профіляў, 240 лагераў працы і адпачынку. Актыўна працуюць 11 загарадных летнікаў.

Да таго ж канікулы адзначыліся шэрагам прыемных дасягненняў. Парадавалі поспехі навучэнцаў на міжнародных алімпіядах. Так, навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Павел Цітоў на 65-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў Вялікабрытаніі заваяваў залаты медаль. А вучань Рэчыцкага раённага ліцэя Васіль Мацвяйкоў атрымаў на 56-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе ў Саудаўскай Аравіі пахвальны водзыў.

Папоўнілася і скарбонка ўзнагарод прадстаўнікоў сферы адукацыі ў самых розных конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. На прафсаюзнай Рэспубліканскай спартакіядзе работнікаў сістэмы адукацыі, якая прайшла ў чэрвені, Гомельская абласная арганізацыя профільнага прафсаюза заняла 2-е месца ў агульнакамандным заліку. У спаборніцтвах па гіравым спорце, дартсе, плаванні і лёгкай атлетыцы прадстаўнікі Гомельшчыны ўзнімаліся на найвышэйшую прыступку п’едэстала.

На мінулым тыдні стала вядома, што прафесійны дуэт у складзе шэф-повара Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі Аксаны Чэркас і начальніка цэнтра па харчаванні навучэнцаў Цэнтральнага раёна Гомеля Гомельскага камбіната школьнага харчавання Дзмітрыя Саманчука занялі 1-е месца на І Міжнародным кулінарным конкурсе “Кубак кухара” ў Кітаі. 

Было вельмі цікава пачуць падрабязнасці гэтай перамогі, што называецца, з першых вуснаў. Аксана Чэркас расказала, што яна выпускніца Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі, які, дарэчы, скончыла з чырвоным дыпломам. І вось ужо 5 гадоў працуе ў роднай установе адукацыі. У Дзмітрыя Саманчука за плячыма Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій. У структуры гарадскога камбіната школьнага харчавання на розных пасадах ён працуе 8 гадоў.

Па іх словах, прадстаўляць Беларусь на міжнародным кулінарным конкурсе было ганарова і адказна. Памерацца сіламі давялося з прадстаўнікамі дзевяці краін СНД і шэрага краін Азіі. Кожная каманда прадстаўляла нацыянальныя стравы. Беларускі дуэт згатаваў дранікі і смажаніну з цяляціны. Па правілах конкурсу ў склад стравы павінны былі ўваходзіць толькі мясцовыя прадукты, і гэта крыху ўскладняла задачу, бо тыя ж бульба ці мука ў Кітаі адрозніваюцца ад нашых. Але прадстаўнікі Беларусі з усім справіліся.

— Думаю, мы былі самымі маладымі з удзель­нікаў. У шэраг каманд іншых краін уваходзілі кухары вышэйшага разраду, з вялікім вопытам, адзін з іх нават гатаваў для прэзідэнтаў. Вядома ж, калі мы даведаліся, што занялі 1-е месца, эмоцыі былі вельмі яркія, — падзялілася Аксана Аляксандраўна.

— Лічу, удзельнічаць у такіх конкурсах вельмі карысна. Мы сустрэліся з вопытнымі калегамі з розных краін, паспрабавалі кітайскую кухню, а дакладней, рэгіёна Сіньцзян, дзе праходзіла спаборніцтва. Гэта пашырыла прафесійныя гарызонты, стала добрым стымулам для далейшага развіцця, — адзначыў Дзмітрый Міхайлавіч.

Дарэчы, для Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі гэта далёка не адзіная перамога. Сярод нядаўніх дасягненняў — дыплом I ступені V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2023 па кампетэнцыі “Хлебапячэнне”, дыплом II ступені 26-га адкрытага чэмпіянату Масквы па кулінарным мастацтве і сэрвісе і інш.

У добры шлях

Ёсць чым ганарыцца і Гомельскаму дзяржаўнаму абласному ліцэю, які стаў апошнім пунктам нашага прэс-туру.  Па выніках ЦЭ/ЦТ гэтага года па 100 балаў атрымаў 41 выпускнік! У тым ліку 11 стабальнікаў падрыхтавала настаўніца матэматыкі Наталля Цімашэнка. У двух класах фізіка-матэматычнага кірунку, у якіх яна выкладае, сярэдні бал ЦЭ/ЦТ у адным класе — 92,5, у другім — 93,5. Падчас наведвання ліцэя мы сустрэліся з таленавітым педагогам і яго выпускнікамі, зараз ужо студэнтамі.

— Падзяліцеся, у чым сакрэт такога поспеху? — спыталі ў Наталлі Віктараўны.

— Мы вельмі любім матэматыку! А калі сур’ёзна, то за гэтым стаіць вялікая сумесная праца з вучнямі пры падтрымцы іх баць­коў, з якімі мы адна каманда. Акрамя ўрокаў, вяду на базе ліцэя два факультатывы
і вячэрнія падрыхтоўчыя курсы. Кожны ведае мой падыход да справы: калі даю дамашняе заданне, то абавязкова кантралюю яго рашэнне. Калі задаю 10 задач, значыць і правяраю 10. У ліцэі я працую 18 гадоў, так што сістэма падрыхтоўкі дэталёва адпрацавана і апрабавана.

Настаўніца прызналася: не менш прыемна за стабальныя вынікі тое, што амаль усе 47 выпускнікоў класаў фізіка-матэматычнага кірунку паступілі ў беларускія ўніверсітэты (адзін — у расійскі). А значыць, падчас вучобы ў ліцэі іх навучылі любіць не толькі матэматыку, але і Радзіму. За гэтай моладдзю — наша будучыня! 

Віншуем!

Гомельская вобласць стала пераможцай па выніках арганізацыі падпіскі на “Настаўніцкую газету” і іншыя СМІ Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” за першае паўгоддзе. Падчас прэс-туру намеснік дырэктара па развіцці Людміла Пастарнакевіч уручыла намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алене Кавалёвай дыплом за 1-е месца і каштоўныя прызы — 3D-прынтар, шматфункцыянальную офісную прыладу і ноўтбук. 

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара