16, 24, 32: запаветныя лічбы гіравікоў

- 15:17Спартыўныя падзеі

Спартыўная зала ў руцэ — так зараз характарызуе гіру пяцікратны чэмпіён свету па гіравым спорце майстар спорту міжнароднага класа Ігар Сігневіч. Пра яго шлях да тытулаў, згонку вагі і заняткі для школьнікаў і іх бацькоў расказваем ніжэй.

За братам

Ігар Сігневіч у спорце з дзяцінства. Спачатку займаўся дзюдо, потым грэка-рымскай барацьбой. У 16 гадоў брат Ва­дзім, якому тады было 22, паклікаў у гіравы спорт. Так Ігар адкрыў для сябе новы від спорту і пачаў назапашваць веды, навыкі і ўзнагароды. Трэніраваўся ў спартыўнай зале сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко Бярозы Брэсцкай вобласці. Настаўнікі Віктар Васільевіч Саявец і Тамара Мікалаеўна Лёліч дазвалялі працаваць па сваёй індывідуальнай праграме на ўроках фізкультуры. Хлопец размінаўся з усімі, а потым, калі тыя ішлі гуляць у футбол, баскетбол, валейбол, браў гіры. Калі стаў студэнтам, трэніраваўся ў спартыўным клубе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Потым доўгі час выступаў за БФСТ “Дынама”.

— Са складанасцямі я сутыкаюся на працягу ўсёй кар’еры. Першая — падрыхтавацца да спаборніцтваў. Другая — дабрацца да іншай краіны. Напрыклад, калі каманда Беларусі ўдзельнічала ў чэмпіянаце свету ў Каліфорніі (ЗША), мы ляцелі туды 12 гадзін. Плюс змена часавых паясоў. Арганізм стамляецца. Трэцяя складанасць — трапіць у сваю вагавую катэгорыю. Некаторыя яшчэ за дзень да спаборніцтваў зганяюць вагу. Мне пры­ходзілася з 70+ кг прыводзіць сябе да 63 кг. Для чаго гэта робіцца? Асноўная прычына — работа на каманду. Адзін чалавек закрывае адну вагавую катэгорыю, другі — другую і г.д. Усяго іх сем. Спартсмену, які важыць 90 кг, будзе значна складаней і больш небяспечна прыйсці да 63. Больш лагічна, калі гэта зраблю я.

Ігар Уладзіміравіч падзяліўся і тэхналогіяй згонкі вагі. Абавязкова трэба харчавацца 4 разы на дзень, але порцыі павінны быць дазіраванымі. Важна ўключаць у рацыён морапрадукты, тварог, арэхі, прадукты, якія насычаны бялкамі, вугляводамі, амега-3-поліненасычанымі тлустымі кіслотамі і клятчаткай. Некаторыя думаюць, што вага сыдзе, калі яны не будуць есці. Гэта няпраўда, сцвярджае спартсмен. Чалавек павінен харчавацца, але кантраляваць, чым і ў якой колькасці. Яшчэ адзін крок да згонкі вагі — кардыёнагрузкі. Гэта веласіпед, крос і аб’ёмная работа. Апошняя ўключае заняткі са снарадам невялікай вагі. Напрыклад, рывок гіры, які ты паўтараеш 30—40 хвілін. Апошні пункт — наведванне лазні. У ёй ачышчаецца арганізм, паляпшаецца абмен рэчываў.

Няма сіл на эмоцыі

Спаборніцтвы па гіравым спорце праходзяць са снарадамі 16, 24 і 32 кг. За адведзены прамежак часу трэба падняць гіру максімальную колькасць разоў. Існуе некалькі праграм спаборніцтваў: дваябор’е, якое ўключае штуршок дзвюх гір і рывок гіры, і штуршок дзвюх гір па доўгім цыкле. Штуршок дзвюх гір — гэта калі спартсмен закідвае дзве гіры на грудзі, выштурхоўвае іх у падсяданні на поўнасцю выпрамленыя рукі над галавой, фіксуе іх і пасля лічэння суддзі вяртае на грудзі. Рывок гіры — спартсмен бесперапынным рухам падымае гіру ўверх на прамую руку і фіксуе, пасля лічэння суддзі без дотыку гіры да тулава апускае яе ў замах для наступнага пад’ёму. Штуршок дзвюх гір па доўгім цыкле — тыя ж правілы, што і ў класічнага штуршка, але перад чарговым выштурхоўваннем спартсмен апускае гіры ў палажэнне вісу, затым падымае на грудзі і выштурхоўвае. Асобна стаіць камандная эстафета, у якой звычайна ўдзельнічаюць 5 чалавек. На працягу 3 хвілін спартсмен выконвае практыкаванне, потым перадае чаргу іншаму. Найбольш відовішчным спаборніцтвам з’яўляецца сілавое жангліраванне: у гарызантальнай і вертыкальнай плоскасцях, кідок праз плячо, з двайным абаротам, з перахопам на розныя рукі, кідок праз галаву, прыём гіры на грудзі.

Першы раз Ігар Сігневіч паехаў на чэмпіянат свету ў 1999 го­дзе ў Серпухаў (Расія). Тады яму было 18 гадоў. А ўпершыню перамог ён толькі ў 2015 годзе — у свае 34. Увесь гэты час яго падтрымлівала жаданне дайсці да пэўных дасягненняў.

— У гіравым спорце гэта разрадныя нормы: 3-ці, 2-гі, 1-шы разрады, КМС, майстар спорту і майстар спорту міжнароднага класа. Я доўгі час не мог стаць майстрам спорту міжнароднага класа, таму што яго прысвойвалі пры перамозе на пэўных спаборніцтвах. Я не мог спыніцца, справа была не скончана.

Першая перамога на ЧС не прынесла ніякіх эмоцый. Ігар Уладзіміравіч быў проста задаволены, што не падвёў каманду і паказаў свой лепшы вынік. Ён адчуваў сябе такім зняможаным, што на эмоцыі сіл не засталося. Магчыма, эйфарыя прыйшла б ў 20 гадоў, але ён быў ужо дарослы. Як і калегі па камандзе.

— Сярод самых яркіх момантаў у кар’еры на розум прыходзяць два. Першы выпадак здарыўся ў Ірландыі, калі на чэмпіянаце свету вага не зганялася. Калі ты не трапляеш у вагавую катэгорыю, то плаціш штраф і тым самым падстаўляеш федэрацыю, якая цябе заявіла. Перад узважваннем мне прый­шлося бегчы крос 16 км, а на наступны дзень яшчэ выступац­ь. Вагі паказалі роўна 63,0 кг. Другі момант, калі на чэмпіянаце свету ў Мілане (Італія) у 2018 годзе ў адной вагавой катэгорыі выступалі адразу два беларусы. Тады я прайграў Сяргею Карповічу. Ён падняў дзве гіры па 32 кг 99 разоў і ўстанавіў рэкорд Беларусі. Я заняў 2-е месца і ў рыўку паказаў лепшы вынік у сваёй вагавой катэгорыі. Адзначу, што ўсе спаборніцтвы суправаджаліся яшчэ і пастаянным перанапружаннем на псіхаэмацыянальным узроўні.

Аляксей Касякоў, ходзіць на заняткі з жонкай і трыма дочкамі:
“Мы займаемся ўжо каля 3 гадоў. Сёння інтэрнэт адымае шмат часу як у дзяцей, так і ў бацькоў, таму вельмі карысна адкласці тэлефоны ўбок і правесці час разам на выхадных. Мы сталі бліжэй адно да аднаго. Трэніроўкі Ігара даюць запал. Ён для нас прыклад ва ўсім”.

Як і ў любым спорце, у гіравікоў ёсць свае асаблівыя траўмы. Часцей за ўсё яны звязаны з суставамі і пазваночнікам. Але калі ты правільна размінаешся, робіш замінку, праходзіш рэабілітацыю (масаж, водныя і лазневыя працэдуры, медыкаментозная падтрымка), то траўм можна амаль пазбегнуць. У аматараў пашкоджанняў больш. Некаторыя пры­ходзяць, без разбору хапаюць гіру любой вагі і пачынаюць яе падымаць. Назаўтра не могуць устаць, бо была надта вялікая нагрузка на пазваночнік і касцявы гарсэт.

Раз, два, тры

Спорт — не адзіны занятак, якому Ігар Сігневіч аддае свае сілы. Яшчэ ён валодае фірмай, якая займаецца продажамі.

— У маім бізнесе спорт мне дапамог, таму што ёсць паняцце асабістага брэнда. На першых этапах ён дае дадатковую падтрымку. Пасля важна, каб развіваўся не асабісты брэнд, а брэнд кампаніі. Каб яна не развальвалася без тваёй прысутнасці, а спакойна жыла і рухалася наперад. Так працуе моцны бізнес.

Акрамя таго, ужо два гады Ігар Уладзіміравіч праводзіць трэніроўкі “Мама-зала” і “Тата-зала” ў Бараўлянскай сярэдняй школе № 3 Мінскага раёна. Трапіў ён туды дзякуючы сваім дзецям. Іх запрасіў вучыцца ва ўстанову яе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Андрэй Баравікоў. Неяк Ігар Сігневіч прыйшоў на сямейны конкурс, сціпла сядзеў, меў зносіны з іншымі бацькамі. Але яго вылічылі: даведаліся, што ён чэмпіён свету і папрасілі выйсці, паказаць свае навыкі.

— Мы дамовіліся, што паспрабую іншым разам. Пазней прыйшоў, правёў заняткі. Было нескладана, бо раней я праводзіў семінары ў Еўропе і ЗША па фітнесе і гіравым спорце. Там трэба было размаўляць на іншай мове, часам на некалькіх. Тут жа родная мова, таму не выклікала складанасці сабраць 40 чалавек і пачаць: “Зараз мы зробім размінку. Разагрэем шыю, спіну, каб не атрымаць траўму” і г.д.

Ігар Сігневіч перамог на пяці чэмпіянатах свету:
2015 год. Печ (Венгрыя) і Цэле (Славенія).
2016 год. Турын (Італія).
2017 год. Лутракі (Грэцыя).
2019 год. Прыгарад Дубліна (Ірландыя).

Заняткі “Мама-залы” і “Тата-залы” праходзяць на працягу дзвюх гадзін у басейне і трох трэнажорных залах. У адной трэніруюцца з гірамі, у другой робяць сілавыя практыкаванні, у трэцяй — кардыя. Групы дзеляцца на тых, хто займаецца фізкультурай, і тых, хто асвойвае гіравы спорт. Спачатку для ўсіх право­дзіцца размінка, потым ідзе спецыяльная работа (кардыянагрузка на трэнажорах/удасканаленне тэхнікі ў гіравым спорце/фітнес-комплексы для мам і дзяўчат), заканчваецца трэніроўка расцяжкай і замінкай.

Часам Ігар Уладзіміравіч запрашае на заняткі топавых беларускіх спартсменаў. У школу прыходзілі прызёры Алімпійскіх гульняў розных гадоў, людзі з фітнес-індустрыі, а таксама мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці. Падобныя заняткі — цудоўная матывацыя для школьнікаў. Гэта рэальныя людзі з рэальнымі гісторыямі перамог, прыклад, варты пераймання.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва І.У.СІГНЕВІЧА.