161 школьны праект

- 12:12Сацыяльны ракурс

На раённай нарадзе педагагічных работнікаў Гродзенскага раёна прагучалі дзве справаздачы. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Аксаміт у сваім выступленні прааналізавала прыярытэтныя кірункі развіцця сістэмы адукацыі раёна, а калектыў Путрышкаўскай сярэдняй школы прадставіў вынікі работы за мінулы навучальны год.

У Абухаўскім цэнтры культуры і вольнага часу, дзе традыцыйна збіраюцца на жнівеньскую нараду педагогі Гродзенскага раёна, былі арганізаваны выставы ўстаноў дадатковай адукацыі, фотасправаздачы з масавых мерапрыемстваў у рамках марафону патрыятычных спраў.
У мінулым годзе ў рэйтынгу асноўных паказчыкаў якасці адукацыі ў рамках абласнога конкурсу на арганізацыю работы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму па развіцці рэгіянальных сістэм адукацыі Гродзенскай вобласці раён заняў трэцяе месца, а па выніках выхаваўчай работы — першае, адзначыла ў сваім выступленні першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская. У 2013 годзе Гродзенскі раён у гэтым рэйтынгу займаў восьмае месца.Як станоўчы вынік работы Т.М.Аксаміт вызначыла стабільна высокі ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй — 96,7 працэнта. Гэта лепшы паказчык у Гродзенскай вобласці. Арганізавана 111 форм дашкольнай адукацыі, у тым ліку 77 — на платнай аснове з ахопам дзяцей 31,3 працэнта, што таксама з’яўляецца лепшым паказчыкам у вобласці. Ва ўсіх установах дашкольнай адукацыі створаны сайты, укараняюцца камп’ютарныя праграмы па складанні меню.
У раёне дзейнічае сістэма матэрыяльнага стымулявання педагогаў і школьнікаў. Так, у 2015 годзе 22 вучні ўзнагароджаны прэміямі і стыпендыямі на суму звыш 32 млн рублёў. Пяць педагогаў, якія падрыхтавалі пераможцаў абласных алімпіяд, адзначаны 9,9 млн рублёў. Сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы штогод узнагароджваюць здольных навучэнцаў прэміямі і стыпендыямі (у 2015 годзе на суму 55 млн рублёў, у 2014 годзе — 25 млн рублёў).
У раёне рэалізоўваецца 161 школьны праект. Чацвёрты год раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі з’яўляецца лепшым у вобласці ў рамках рэалізацыі праграмы “Садружнасць”. Раён займае лідзіруючыя пазіцыі і па колькасці прызавых месцаў на конкурсах розных узроўняў. У 2014 годзе навучэнцы занялі 191 прызавое месца на абласных фестывалях, конкурсах, аглядах і 28 — на рэспубліканскіх і міжнародных.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму заняў другое месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” і атрымаў 200 млн рублёў на правядзенне энергазберагальных мерапрыемстваў. Створана мадэль выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень, забяспечаны 70-працэнтны ахоп дзяцей і падлеткаў мерапрыемствамі шостага школьнага дня.Разам з дасягненнямі былі акрэслены і праблемныя пытанні, вырашаць якія неабходна ў новым навучальным годзе. Сярод іх — укараненне сучасных форм работы з бацькамі, навучэнцамі і грамадскасцю; суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай устаноў адукацыі, развіццё прафесійных якасцей ва ўмовах выбранага профілю навучання. Як адзначыла Т.М.Аксаміт, гэтыя пытанні з’яўляюцца вельмі актуальнымі, бо ў новым навучальным годзе каля 33% вучняў 10-х класаў будуць вывучаць прадметы на павышаным узроўні.
Патрабуе пільнай увагі мэтанакіраваная работа па арыентацыі выпускнікоў на педагагічныя спецыяльнасці, актывізацыя работы па атэстацыі педагогаў на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі, укараненне новых форм работы педагогаў з высокаматываванымі навучэнцамі.
Рэйтынг якасці адукацыі сярэдніх школ Гродзенскага раёна ўлічвае каля 50 паказчыкаў. Лепшай установай у гэтым годзе прызнана Путрышкаўская сярэдняя школа. Дырэктар школы Галіна Разумневіч з калегамі, выпускнікамі і вучнямі прадставіла не проста справаздачу, а сапраўдны тэатралізаваны паказ жыцця і дасягненняў школы, задач на будучыню. Напрыклад, ва ўстанове будзе рэалізоўвацца новы інавацыйны праект па педагагічным суправаджэнні дзяцей з праблемных сем’яў.
Вялікая група педагогаў і работнікаў сістэмы адукацыі Гродзенскага раёна была ўзнагароджана ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.