Да экзамену гатовы

- 13:40Адукацыйная прастора
Г.М. Белавешкіна са сваімі вучнямі

Падрыхтоўка да абавязковага выпускнога экзамену па замежных мовах выходзіць на фінішную прамую. Прынамсі, пра гэта гаварылася на чарговым рэспубліканскім семінары-нарадзе, прысвечаным гатоўнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да правядзення экзамену. Каб падзяліцца сваімі напрацоўкамі і задаць пытанні, якія ўсё яшчэ ўзнікаюць, у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі прыехалі настаўнікі і метадысты з усіх рэгіёнаў краіны.

Семінар быў практыка-арыентаваны, бо і самі педагогі, і метадысты разумеюць, што экзамен здаваць ужо хутка і ўсе яны актыўныя ўдзельнікі падрыхтоўчага этапу. Разам з тым недзе ў падрыхтоўцы да выпускнога экзамену задзейнічаны ўвесь рэгіён і вядзецца зладжаная работа, а некаторым раз-пораз даводзіцца перамагаць страх. Зразумела, адчуванне страху будзе прысутнічаць, пакуль экзамен не завершыцца, але яно не павінна быць у дамінанце. Як адзначыла Галіна Сільвестраўна Хадасевіч, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА, баяцца абсалютна няма чаго, бо ўсе ўжо падрыхтаваны як метадычна, так і арганізацыйна, а калі і ўзнікаюць нейкія пытанні, то метадысты АПА, абласных інстытутаў адукацыі заўсёды на сувязі, гатовы дапамагчы разабрацца ва ўсіх пытаннях.

Падыход рэгіянальны…

Як у Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Ксенія Іванаўна Марчанкава, метадыст вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін ГАІРА, адзначыла, што вельмі важным аспектам у плане падрыхтоўкі да выпускнога экзамену з’яўляецца стварэнне адпаведных умоў для настаўнікаў-замежнікаў і звярнулася да вопыту работы метадычнага аб’яднання Гомеля.

Г.М. Белавешкіна са сваімі вучняміУ бягучым годзе 33 279 навучэнцаў адукацыйных устаноў горада вывучаюць розныя замежныя мовы: 30 820 — англійскую, 1449 — нямецкую, 947 — французскую, 63 — іспанскую. Другую замежную мову на факультатыўных занятках вывучаюць 520 школьнікаў.
І каб настаўнікі-замежнікі ўвесь час працавалі з адчуваннем пачуцця локця, метадысты горада пастаянна ладзяць для іх розныя мерапрыемствы. У прыватнасці, вучэбна-метадычны кабінет здолеў арганізаваць з дапамогай мадэліравання сітуацый міжкультурных зносін трэнінгавыя заняткі, майстар-класы па фарміраванні ў вучняў маўленчых навыкаў і ўменняў.
Ёсць у Гомелі і свае прафесіяналы. Настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 37 Віталь Валянцінавіч Пятроўскі шосты год кіруе гарадскім метадычным аб’яднаннем. Акрамя таго, ён з’яўляецца кіраўніком абласной творчай групы настаўнікаў замежных моў. Яму ёсць чым падзяліцца з калегамі: дыстанцыйнае навучанне ў вывучэнні замежнай мовы ў рамках рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя ЭСН “Чароўны памочнік” з дапамогай дыстанцыйнага навучання”, выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій і інтэрнэт-рэсурсаў у адукацыйным працэсе па замежнай мове.
На сучасным этапе з настаўнікамі, якія працуюць у старшых класах, праводзяцца практычныя заняткі па прымяненні эфектыўных прыёмаў і тэхнік пры падрыхтоўцы вучняў да абавязковага выпускнога экзамену па замежнай мове ў вуснай форме, актывізавана дзейнасць з настаўнікамі замежных моў на ўзроўні майстар-класаў па развіцці ў вучняў навыкаў успрымання на слых і маўлення.
“Важным фактарам выяўлення педагогаў-прафесіяналаў, павышэння іх кваліфікацыі, стварэння арганізацыйных умоў для іх творчага самавыяўлення і самарэалізацыі з’яўляюцца конкурсы прафесійнага майстэрства. На працягу трох гадоў у такім конкурсе прынялі ўдзел 42 педагогі замежных моў.
У мэтах забеспячэння якасці выкладання замежных моў на базе гімназій №№ 10, 71 (англійская мова), сярэдняй школы № 49 (нямецкая мова), гімназіі № 46 (французская мова) і сярэдняй школы № 17 (іспанская мова) адкрыліся рэсурсныя цэнтры. На сайце гэтых устаноў адукацыі размяшчаецца інфармацыя аб магчымасцях самастойнага вывучэння замежнай мовы вучнямі іншых навучальных устаноў.
Вышэйназваныя ўстановы адукацыі з’яўляюцца апорнымі метадычнымі цэнтрамі па фарміраванні педагагічнага вопыту настаўнікаў-практыкаў замежных моў. Адміністрацыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі прымае канструктыўныя меры па ўкамплектаванні кабінетаў сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем, арганізавана работа па папулярызацыі ідэй вывучэння дзвюх замежных моў, што асабліва актуальна для гімназій.
Акрамя таго, для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту створаны тэатры на замежнай мове ў 12 установах адукацыі. Больш за 530 навучэнцаў устаноў адукацыі займаюцца ў 49 секцыях навуковых вучнёўскіх таварыстваў замежных моў. У дванаццаці ўстановах адукацыі Гомеля арганізавана дзейнасць клуба інтэрнацыянальнага сяброўства.
Працягваецца дзейнасць школы “Супрацоўніцтва” для арганізацыі кантактавання адзінаццацікласнікаў у анлайн-рэжыме з аднагодкамі краіны мовы, якая вывучаецца”, — паведаміла Ксенія Іванаўна.
Прыжыліся і сталі масавымі на Гомельшчыне і розныя конкурсы па замежных мовах. Напрыклад, у Гомелі за чатыры гады правядзення конкурсу “Мастацтва гаварыць” колькасць заваяваных навучэнцамі дыпломаў на заключным этапе павялічылася амаль у 3 разы. Новым у конкурсным руху па замежных мовах стала тое, што метадычная служба горада ініцыіравала правядзенне краіназнаўчага конкурсу сярод каманд гімназій Гомельскай вобласці “Сардэчна запрашаем у англамоўны свет!”.
Якасць выкладання замежнай мовы шмат у чым залежыць ад наяўнасці і выкарыстання сучаснага абсталявання ў кабінетах замежных моў. Усе кабінеты замежных моў ва ўстановах адукацыі горада абсталяваны магнітафонамі, аўдытыўнымі і аўдыявізуальнымі сродкамі навучання новага пакалення. 26 кабінетаў замежнай мовы ўкамплектаваны сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання.

…асабіста настаўніцкі

Разам з тым поспех канкрэтнага вучня на экзамене залежыць, безумоўна, ад самога вучня і ад дзейнасці яго настаўніка, здольнасцей не толькі навучыць, але і настроіць на экзамен. Вучням Галіны Мікалаеўны Белавешкінай, настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 25 Магілёва, можна не хвалявацца, бо Галіна Мікалаеўна да падрыхтоўкі сваіх падапечных падышла комплексна. Настаўніца можа адказаць на любое пытанне, нават на самае нязручнае, напрыклад: “Ці можна будзе скарыстацца шпаргалкай?”. Але ў метадычным арсенале гэтага педагога вырабленне шпаргалак (дакладней бэссэнсоўнасць гэтай справы) стаіць асобным пунктам.
“Шпаргалкі добрыя тым, што падчас іх падрыхтоўкі можна коратка заканспектаваць аб’ёмны матэрыял і лепш яго запомніць. Але браць з сабой шпаргалкі не рэкамендуецца, бо сама думка пра тое, што яны ёсць, будзе замінаць засяродзіцца і лепш адказваць”, — мяркуе Галіна Мікалаеўна.
А ўвогуле настаўніца англійскай 25-й магілёўскай школы падрыхтоўчы этап разбіла на тры часткі: матэрыялы для настаўніка, дзяцей і бацькоў. І ў кожнай з гэтых частак ёсць вельмі цікавыя і неардынарныя парады. У прыватнасці, бацькам адрасаваны рэкамендацыі па пераадоленні стрэсу ў іх дзяцей:
“Дапамажыце выпускніку ўбачыць у экзамене станоўчыя моманты. Напрыклад, экзамен дае шанс зразумець і ацаніць сябе, а гэта заўсёды цікава як праверка сваіх здольнасцей і магчымасцей. Успрымай экзамен як адзін з важных жыццёвых момантаў, бо ты набываеш вопыт, а любы вопыт, адмоўны ці станоўчы, мае вялікае значэнне для станаўлення асобы чалавека”, — раіць Галіна Мікалаеўна.
Блок “У дапамогу педагогу” ў настаўніцы самы змястоўны. Яно і нядзіўна, бо настаўнікі не толькі рыхтуюць выпускнікоў да экзамену, ім яшчэ давядзецца і прымаць гэты экзамен. Як сведчаць гутаркі з педагогамі, найбольш пытанняў выклікае трэці этап экзамену — гутарка па сітуацыі, прапанаванай членамі экзаменацыйнай камісіі. Задача гэтага экзаменацыйнага этапу — праверка ўменняў маналагічнага і дыялагічнага маўлення. Змест прапанаванага навучэнцам задання накіраваны на стымуляванне іх да спантаннай гаворкі. І гэтае заданне ўключае ў сябе пытанні, рэакцыя на якія патрабуе ад навучэнца выкарыстання асобных рэплік і разгорнутых выказванняў адносна пачутага.

Каб падтрымаць і дапамагчы калегам, Галіна Мікалаеўна распрацавала ўзорныя заданні:
1. Заданне, выконваючы якое, вучань мае магчымасць абаперціся на асабісты маўленчы вопыт, які адпрацаваны ў працэсе навучання з дапамогай маўленчых сітуацый (знаёмых, часткова незнаёмых, новых).
Напрыклад: “Давай пагаворым пра здаровы лад жыцця. Ты сочыш за сваім здароўем? Што ты робіш для таго, каб быць здаровым?”
2. Заданне ўдакладняльнага характару, змест якога тычыцца выказвання асабістага меркавання. Зразумела, што тут будзе агучана рэпліка сцвярджальнага або адмоўнага характару, якую трэба пракаменціраваць.
Напрыклад: “Ці згодзен ты з меркаваннем аб тым, што курэнне сапраўды небяспечнае для здароўя чалавека? Чаму?”
3. Заданне, якое падахвочвае навучэнца да ініцыіравання гутаркі, праяўлення зацікаўленасці ў чымсьці, дае магчымасць задаць сустрэчныя пытанні.
Напрыклад: “Уяві, што ты гутарыш з замежным равеснікам пра здаровы лад жыцця. Што б ты ў яго спытаў перш за ўсё?”
4. Заданне, якое падахвоціць навучэнца даць параду, аргументаваную рэкамендацыю.
Напрыклад: “У школе ёсць хлопцы, якія кураць. Парай, што трэба зрабіць, каб яны зразумелі, што гэта шкодна”.
5. Заданне, якое патрабуе ад навучэнца фармулявання свайго пункта гледжання, разважання пра факты, падзеі, прывядзенне прыкладаў і аргументаў.
Напрыклад: “Табе даводзілася прапагандаваць здаровы лад жыцця сярод маладых людзей? Калі так, раскажы, як ты гэта рабіў. Калі не, як ты гэта зможаш зробіць?”

Канкрэтныя парады Галіна Мікалаеўна распрацавала і для выпускнікоў:
1. Штодня знаходзьце 20 хвілін для чытання тэксту на замежнай мове і яго літаратурнага перакладу.
2. Стаўце пытанні да тэксту. Гэта дапаможа зразумець пытанні настаўніка і правільна на іх адказаць.
3. Пацікаўцеся тэматычнай лексікай з падручнікаў 9—11 класаў, якая вам можа спатрэбіцца ў час спантаннай гаворкі, дапаможа хутка справіцца з разуменнем зместу тэксту на экзамене і больш падрабязна адказваць на пытанні.
4. Падумайце, які граматычны матэрыял дапаможа правільна аформіць выказванне, весці гутарку (парадак слоў у пытальным сказе, часы дзеяслова, мадальныя дзеясловы, скланенне назоўнікаў і прыметнікаў, саюзаў і парадак слоў у складаназалежным сказе).
5. Паспрабуйце ўявіць, што вам трэба весці гутарку з членамі экзаменацыйнай камісіі па 25 тэмах. Работа ў парах, групах дасць вам магчымасць лепш справіцца з гэтым заданнем.

…і агульны

Асобна трэба спыніцца на некаторых арганізацыйных момантах, бо падчас семінара ў АПА гэтыя пытанні ўзнікалі зноў і зноў. Адначасова ў кабінеце, у якім праводзіцца вусны экзамен, можа знаходзіцца да чатырох навучэнцаў. Паслядоўнасць этапаў экзамену строга не рэгламентуецца, а вызначаецца экзаменацыйнай камісіяй. Рэкамендуецца прысутнасць у аўдыторыі спецыяліста, які арганізоўвае індывідуальнае праслухоўванне аўдыятэкстаў для кожнага вучня. Такім памочнікам можа быць лабарант або настаўнік інфарматыкі.
Калі гаварыць пра патрабаванні да фарміравання экзаменацыйнай камісіі, то, як падкрэслілі ў Міністэрстве адукацыі, прыёмная камісія фарміруецца ў адпаведнасці з правіламі: у склад экзаменацыйнай камісіі ўваходзіць старшыня камісіі (кіраўнік установы адукацыі, або яго намеснік па асноўнай дзейнасці, або настаўнік замежнай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі) і тры члены камісіі з ліку настаўнікаў, якія выкладаюць замежную мову, па якой праводзіцца экзамен. Старшынёй экзаменацыйнай камісіі не можа быць настаўнік, які выкладаў у дадзеным класе замежную мову, па якой праводзіцца выпускны экзамен.
Калі ва ўстанове адукацыі для фарміравання экзаменацыйнай камісіі няма неабходнай колькасці настаўнікаў замежнай мовы, па якой праводзіцца выпускны экзамен, то кіраўнік установы адукацыі можа прыцягваць да працы ў складзе экзаменацыйных камісій настаўнікаў замежнай мовы з іншых устаноў адукацыі. Але на выпускным экзамене не павінен прысутнічаць прадстаўнік раённага (гарадскога) аддзела адукацыі. Як падкрэслілі ў галіновым ведамстве, ён можа праінспектаваць гатоўнасць навучальнай установы да выпускнога экзамену па замежнай мове або пасля правядзення экзамену правесці аналіз вынікаў атрыманых адзнак за навучальны год і на выпускным экзамене.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by