180 гадоў лідарства ў аграрнай адукацыі

Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія — найстарэйшая ўстанова вышэйшай адукацыі ў краіне. Надоечы яна адзначыла 180-годдзе з дня заснавання. Пра гісторыю, традыцыі і сучаснасць БДСГА расказаў рэктар Віталь Віктаравіч ВЕЛІКАНАЎ.

— Унашай установы вельмі багатая гісторыя. Яна пачалася ў 1840 годзе. Тады ў мястэчку Горкі Магілёўскай вобласці была адкрыта земляробчая школа для падрыхтоўкі кіраўнікоў для казённых і прыватных маёнткаў. Ужо праз 8 гадоў Горы-Горацкая земляробчая школа была перайменавана ў інстытут з правам універсітэта.

За сваю гісторыю БДСГА падрыхтавала больш за 100 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу і іншых галін народнай гаспадаркі краіны. Многія з іх сталі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, навукоўцамі, кіраўнікамі буйных устаноў, прадпрыемстваў.

Сёння Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія — вядучая ўстанова ў нацыянальнай сістэме падрыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу. Акадэмія мае сертыфікаты Міжнароднай арганізацыі па сертыфікацыі IQNet і Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі, якiя прызнаюцца ў 37 краінах свету. БДСГА прадстаўлена ў Савеце па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі краін — удзель­ніц СНД, прынята ў Асацыяцыю аграрных універсітэтаў Скандынаўскіх і Балтыйскіх краін, удзельнічае ў Праграме Балтыйскага ўніверсітэта “Устойлівае развіццё рэгіёна”.

— Якіх спецыялістаў рыхтуе акадэмія?

— У БДСГА функцыянуюць 10 факультэтаў. Мы рыхтуем аграномаў, селекцыянераў, эколагаў сельскай гаспадаркі, аграхімікаў, землеўпарадчыкаў, інжынераў, эканамістаў, бухгалтараў, юрыстаў і шэраг іншых спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу. Пералік спецыяльнасцей даволі шырокі і ён рэгулярна абнаўляецца. У гэтым напрамку мы арыентуемся на змены на рынку працы і патрэбы сельскагаспадарчай галіны, стараемся, каб нашы выпускнікі заўсёды былі максімальна запатрабаваныя.

Зараз у акадэміі па 21 спецыяльнасці вышэйшую адукацыю атрымліваюць каля 9 тысяч навучэнцаў. Эканоміка, вытвор­часць настолькі імкліва развіваюцца, што адной спецыяльнасці часта бывае недастаткова. Мы ўлічваем гэтую тэндэнцыю. У нас можна паралельна атрымаць другую вышэйшую адукацыю. Дзейнічае Вышэйшая школа аграбізнесу, у якой вядзецца падрыхтоўка па эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцях. Паспяховыя студэнты пасля 2 курса могуць паступіць сюды на вучобу завочна. Гэта дае ім магчымасць адначасова атры­маць два дыпломы.

БДСГА таксама рыхтуе кадры вышэйшай кваліфікацыі ў аспірантуры  (17 спецыяльнасцей) і дактарантуры (4 спецыяльнасці). У нас працуюць два саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Вучэбны працэс ажыццяўляецца сіламі 475 выкладчыкаў. Сярод іх 25 дактароў навук і прафесараў, 215 кандыдатаў навук і дацэнтаў.

У структуры акадэміі функцыянуе Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, які рэалізоўвае адукацыйныя праграмы для спецыялістаў, кіруючых кадраў сельскагаспадарчых арганізацый АПК, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Штогод у Інстытуце павышаюць прафесійны ўзровень і абнаўляюць веды каля дзвюх тысяч слухачоў.

— Адукацыйныя тэхналогіі хутка мяняюцца. Перыядычна з’яўляецца нешта новае, сучаснае, эфектыўнае. Як рэагуе на гэтыя змены БДСГА?

— Адукацыйны працэс у нас знаходзіцца ў інавацыйным рэжыме. Пастаянна працуем над паляпшэннем якасці навучання, адукацыйнага асяроддзя, укараняем тэхналогіі і методыкі новага пакалення. Асноўны ўпор робім на практыкаарыентаванасць навучання. У структуру акадэміі ўвахо­дзяць вучэбна-навуковы цэнтр “Доследныя палі БДСГА”, вучэбны палігон, аўтатрактарадром, пчальнік, ветэрынарная клініка, агародніннае поле “Рытаўскія агароды”, інавацыйна-навукова-адукацыйны цэнтр цяплічных тэхналогій.

Своеасаблівая навукова-даследчая лабараторыя — батанічны сад, заснаваны яшчэ пры Горы-Горацкай земляробчай школе ў 1847 годзе. Яго галоўная экспазіцыя — дэндрарый, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Зараз калекцыя батанічнага саду налічвае сотні разнастайных відаў хмызняковых, лекавых і кветкава-дэкаратыўных раслін. Асаблівую цікавасць уяўляе аранжарэя, у якой сабраны рэдкія віды трапічных і субтрапічных раслін. У батанічным садзе навучэнцы праходзяць вучэбную практыку, вывучаюць асноўныя тэхналогіі догляду розных дэкаратыўных культур, вядуць навуковыя даследаванні.

Практычныя заняткі, вучэбныя і вытворчыя практыкі праводзяцца таксама на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Асноўная база — “Вучгас БДСГА”.

Практыка-арыентаванае навучанне дазваляе пазбегнуць акадэмічнай адарванасці студэнтаў ад рэальных вытворчых працэсаў і, адпаведна, зрабіць іх прафесійную падрыхтоўку больш якаснай. А гэта асноўны залог таго, што нашы выпускнікі ў будучыні змогуць дасягнуць жыццёвага поспеху.

— Якія магчымасці ёсць у акадэміі для развіцця творчых здольнасцей студэнтаў, іх ініцыятыўнасці, спартыўных навыкаў?

— БДСГА ці не адзіная ўстанова вышэйшай адукацыі ў нашай краіне, якая валодае такой унікальнай матэрыяльна-тэхнічнай базай для самарэалізацыі моладзі. Мы маем свой Палац культуры з дзвюма канцэртнымі заламі. Тут кожны студэнт можа знайсці занятак па душы. Вопытныя высокакваліфікаваныя кіраўнікі дзеляцца ведамі, дапамага­юць рэалізаваць творчы патэнцыял студэнтаў. Сёння 8 творчых калектываў акадэміі ма­юць ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Для развіцця фізічных здольнасцей моладзі ў акадэміі ёсць спартыўны комплекс. У яго ўваходзяць дзве гульнявыя залы, басейн, лыжная база, аднаўленчы цэнтр, стадыён з бегавымі дарожкамі, адкрытыя плоскасныя збудаванні, бегавы манеж, трэнажорныя, барцоўскія залы і многае іншае. На кафедры фізічнага выхавання працуе больш за 20 спартыўнах секцый па розных відах спорту.

Студэнцкія ініцыятывы ўсебакова падтрымліваюцца. Гэта дапамагае моладзі развіваць свае таленты і заваёўваць прызавыя месцы на розных конкурсах і спаборніцтвах. Дасягненняў у творчасці, спорце шмат.

—  У апошні час установы адукацыі аграрнага профілю маюць цяжкасці  пры наборы першакурснікаў. Як у гэтым плане ідуць справы ў БДСГА? Як вы зацікаўліваеце патэнцыяльных абітурыентаў?

— Максімум увагі ўдзяляем прафарыентацыйнай рабоце, якая ахоплівае ўсе раёны Беларусі. За кожнай з 44 кафедр замацаваны пэўныя рэгіёны, куды прадстаўнікі акадэміі выязджаюць для сустрэчы з навучэнцамі школ і каледжаў. Арганізоўваем таксама экскурсіі ў акадэмію для азнаямлення з матэрыяльна-тэхнічнай базай, умовамі навучання, пражывання і побыту студэнтаў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца профільным класам аграрнай накіраванасці. Планамерная работа праводзіцца як з навучэнцамі, так і з настаўнікамі, якія вядуць заняткі ў агракласах. Для гэтага сумесна з абласнымі інстытутамі развіцця адукацыі на базе акадэміі штогод праходзяць семінары-практыкумы і павышэнне кваліфікацыі для гэтых настаўнікаў. У дапамогу перагогам у БДСГА выда­дзены вучэбныя дапаможнікі для вядзення заняткаў у класах аграрнай накіраванасці, а таксама каталогі асноўных сельскагаспадарчых культур і жывёл, якія вырошчваюцца на тэрыторыі нашай краіны.

Як вынік — планы набору першакурснікаў у нас практычна цалкам выконваюцца.

— Віталь Віктаравіч, БДСГА па праве лічыцца буйным навукова-адукацыйным цэнтрам рэгіёна…

— Так, бесперапынная навукова-даследчая дзейнасць вядзецца практычна ва ўсіх падраздзяленнях акадэміі. Усе яны аснашчаны сучаснымі прыборамі, абсталяваннем і тэхнікай, што дазваляе праводзіць навуковую работу на належным тэарэтычным і метадычным узроўні. Распрацоўкі вядуцца ў адпаведнасці з прыярытэтнымі напрамкамі навуковых даследаванняў краіны.

Толькі за апошніх пяць гадоў выкладчыкамі і студэнтамі акадэміі атрымана 28 патэнтаў на вынаходства і карысную мадэль, выдадзена 106 манаграфій, 254 падручнікі і вучэбныя дапаможнікі. Сёлета было створана 13 гатункаў і гібрыдаў раслін, якія перададзены ў Дзяржаўную інспекцыю па сортавыпрабаванні, два новыя вузлы і агрэгаты, дзве тэхналогіі, 25 рэкамендацый вытворчасці. Вынікі праведзеных даследаванняў маюць высокую актуальнасць і знаходзяць шырокае прымяненне ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Толькі за мінулы год мы заключылі 35 прамых дагавораў з прадпрыемствамі.

На базе акадэміі створана сельскагаспадарчая асацыяцыя “Аграрная адукацыя, навука і вытворчасць”, якая забяспечвае ўзаемадзеянне розных адукацыйных структур, навукова-даследчых арганізацый і вытворчых прадпрыемстваў. Шырокія магчымасці для навуковай і інавацыйнай дзейнасці адкрывае створаны акадэміяй тэхнапарк “Горкі”. У яго рабоце прымаюць удзел вучоныя і студэнты БДСГА, што дазваляе стварыць прамысловы кластар у галіне аграрных біятэхналогій і зялёнай эканомікі.

— Акадэмія мае добрыя замежныя сувязі. Раскажыце пра гэты напрамак  дзейнасці.

— Сапраўды, БДСГА з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў якасных ведаў у краіне. Акадэмія актыўна супрацоўнічае з вядучымі ўніверсітэтамі Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Германіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Швейцарыі, Польшчы, Чэхіі, Расіі і іншых краін, у якіх нашы студэнты прахо­дзяць вытворчыя практыкі і стажыроўкі. Зараз у нас вучацца каля 500 замежных грамадзян з больш як 14 краін. Усяго за гады міжнароднага су­працоўніцтва падрыхтавана звыш 3,5 тысячы спецыялістаў для 93 краін свету. У мінулым навучальным годзе акадэмія аказала экспартныя адукацыйныя паслугі на суму каля 650 тысяч долараў ЗША.

— З якімі найважнейшымі дасягненнямі БДСГА прыйшла да свайго 180-годдзя?  Якія планы на найбліжэйшую перспектыву?

— Наша галоўнае дасягненне — цудоўны прафесарска-выкладчыцкі склад і выдатная матэрыяльна-тэхнічная база. Усё гэта дазваляе арганізоўваць адукацыйны працэс на высокім узроўні і рыхтаваць сапраўды высокакваліфікаваныя кадры.

Што да планаў, то спыняцца на дасягнутым мы не збіраемся. Будзем імкнуцца ўдасканальваць змест і якасць адукацыі, усебакова развіваць навуковыя даследаванні, далей умацоўваць матэрыяльную базу. Наш калектыў зробіць усё неабходнае для таго, каб рэйтынг найстарэйшай аграрнай установы адукацыі Еўропы і СНД заставаўся аўтарытэтна высокім.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва БДСГА і Ірыны Івашка.

БДСГА — шматпрофільны адукацыйны, навукова-інавацыйны і сацыякультурны цэнтр, які ўключае 16 вучэбных карпусоў, 14 студэнцкіх інтэрнатаў, вучэбна-доследную гаспадарку, бібліятэку з кніжным фондам звыш 1,2 млн экзэмпляраў, сталовую, батанічны сад, дэндралагічны парк, вучэбны палігон і многае іншае.