Там, дзе былі руіны

- 11:50"Настаўніцкай газеце" — 70

“Там, дзе былі руіны” — так летам 1949 года маладое выданне беларускіх настаўнікаў пісала пра адну са школ Стоўбцаў тагачаснай Баранавіцкай вобласці. Баранавіцкая вобласць не існуе з 1954 года, а школа, пра аднаўленне якой наша газета расказала 66 гадоў назад, паспяхова працуе і сёння. Праўда, і тут у назве, якая адлюстроўвае сутнасць вучэбнага працэсу, адбыліся перамены: са Стаўбцоўскай рускай сярэдняй школы навучальная ўстанова ператварылася ў гімназію № 1 Стоўбцаў.

1949_07_СШ №4 Минска+Столбцы(Сайт) Так пачынаецца матэрыял, напісаны амаль 70 гадоў назад. Апошні ж яго радок паведамляе: “Зараз у школе ідзе бягучы рамонт. У работах прымаюць удзел бацькі вучняў”.
Як і ў далёкія 40-я, многае для рамонту школы сёння робяць настаўнікі і вучні, а таксама іх бацькі.
— З бацькамі ў нас наогул наладжаны вельмі добрыя кантакты, яны і з рамонтам дапамагаюць. Большасць гэтых людзей вучыліся ў нас калісьці, таму сувязі не страчваюцца, — гаворыць дырэктар школы Дзмітрый Іванавіч Клімовіч. — Рамонт вядзём гаспадарчым спосабам, бо інакш зараз, лічу, нельга. Пашпарт гатоўнасці разлічваем атрымаць пасля 20 жніўня, калі закончым рамонт спартыўнай залы, на што пойдзе больш як 100 млн рублёў. Цалкам аднаўляем столь, сцены, укладваем новую падлогу. Усе вучэбныя кабінеты ўжо прыведзены ў поўную гатоўнасць да пачатку новага навучальнага года. Сёлета працавалі па прадпісанні санітарна-гігіенічнай службы: зрабілі ў кожным кабінеце здымныя кажухі на батарэі ацяплення. Падрыхтаваны каштарыс на капітальны рамонт гаспадарчым спосабам кабінета матэматыкі і інфарматыкі, але гэта ў перспектыве.
Між іншым, як расказаў кіраўнік навучальнай установы, летась гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах у 1-й гімназіі былі адрамантаваны і абсталяваны кабінеты геаграфіі і фізікі. І тут прагледжваецца прамая паралель з тым, што пісала “Настаўніцкая газета” ў 1949 годзе: “У 1946—1947 навучальным годзе школьнікі атрымалі прыгожае двухпавярховае памяшканне з прасторнымі, светлымі класамі. Паступова абсталёўваліся вучэбныя кабінеты: фізічны, хіміка-біялагічны і геаграфічны. Фізічны кабінет зараз мае розных прыбораў на суму каля 20 тысяч рублёў”.
Зараз, канечне, і прыбораў у кабінет фізікі набыта на зусім іншую суму, выдаткаваную з рэспубліканскага бюджэту (адна інтэрактыўная дошка чаго каштуе!), і двухпавярховы будынак прырос па плошчы — апошняя капітальная прыбудова была зроблена ў 2010 годзе, калі ўстановай кіраваў Васіль Антонавіч Курак. Цяпер у гэтай прыбудове размяшчаюцца сучасныя прасторныя кухня і сталовая.
Старому ж будынку ўжо шмат гадоў. Як расказала Людміла Станіславаўна Назаранка, якая ўжо на пенсіі, але па-ранейшаму вядзе ў гімназіі некалькі вучэбных гадзін, першы выпуск на той час польскай гімназіі ў Стоўбцах адбыўся яшчэ ў 1935 годзе. А праект гэтага будынка распрацавалі калісьці мясцовы архітэктар Станіслаў Іосіфавіч Валканоўскі і настаўнік фізікі Мар’ян Пятровіч Вяракса. Дагэтуль польская гімназія размяшчалася ў бараках.
Людміла Станіславаўна, апантаны краязнавец і вялікі знаўца мясцовай гісторыі, расказала і пра тое, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў будынку гімназіі размяшчалася нямецкая камендатура. А падчас вызвалення Стоўбцаў у цэнтр будынка трапіў савецкі снарад, які, праўда, не разарваўся. Аднаўлялі ж школу па цаглінцы, якія жыхары прывозілі і прыносілі з усіх куткоў разбуранага горада, ад пабудоў, якія немагчыма было аднавіць.
— Пра гэта нам расказвалі, напрыклад, выпускнік 1949 года, які зараз жыве ў Мінску, Станіслаў Іосіфавіч Шаціла і мясцовая жыхарка, таксама выпускніца 1949 года, Зоя Радзівонаўна Жаўцякова, — дадае Л.С.Назаранка. — Мы з навучэнцамі наогул вельмі шмат запісалі і запісваем найцікавейшых успамінаў мясцовых жыхароў пра школу, горад і наваколле. Так, магу сказаць, што настаўнік матэматыкі Веньямін Васільевіч Касцоў, пра якога гаворыцца ў старой публікацыі “Настаўніцкай газеты”, якую вы адшукалі ў сваіх архівах, быў надзвычай адораным чалавекам — адмысловым педагогам і матэматыкам. Спецыялістам, напрыклад, вядома тэарэма Касцова.
Сёння ў гімназіі № 1 вучыцца крыху больш за 400 вучняў, 98% выпускнікоў гімназіі летась паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, сёлета, мяркуючы па папярэдніх даных, будзе прыкладна тое ж самае.
9 сёлетніх выпускнікоў здалі цэнтралізаванае тэсціраванне больш чым на 90 балаў, прычым па розных прадметах: беларускай і рускай мовах, англійскай мове, грамадазнаўстве. Адзін з іх — Яўген Жыткоўскі, атрымаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы 100 балаў, Дзмітрый Санкевіч — 92 балы. Многія выпускнікі гімназіі паступаюць у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і іншыя тэхнічныя УВА, на базе навучальнай установы арганізаваны філіял кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, выкладчыкі БНТУ кожную другую і трэцюю суботу месяца займаюцца з гімназістамі фізікай і матэматыкай. Сёлета тут пачне працаваць профільны фізіка-матэматычны клас.
Педагогаў у гімназіі зараз 53, прычым прыкладна 30% з іх — яе былыя выпускнікі. Вось і мая суразмоўніца Людміла Станіславаўна Назаранка калісьці скончыла гэтую ўстанову. Ды і дырэктар гімназіі Дзмітрый Іванавіч Клімовіч мясцовы, са Стаўбцоўшчыны. А на дошцы гонару гімназіі — фатаграфіі яе лепшых навучэнцаў і выпускнікоў. Сярод іх нельга, канечне, не заўважыць здымак намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктара Віктаравіча Якжыка і яго маці, якая таксама працавала ў гэтай школе.
…Шмат пра што яшчэ расказвае даўняя публікацыя “Настаўніцкай газеты”. Напрыклад, пра тое, як бавяць час дзеці пасля школьных заняткаў, паспяхова займаюцца спортам: “Не ўсе вучні пакідаюць школу з апошнім званком. Многія з іх застаюцца для падрыхтоўкі ўрокаў да наступнага дня: тут яны чытаюць, рашаюць задачы і прыклады, пішуць практыкаванні… У гэтым годзе вучні школы дасягнулі значных спартыўных поспехаў. На раённай спартакіядзе школа заняла першае месца”.
Трэба сказаць, што зараз вольны час навучэнцы гімназіі праводзяць куды больш разнастайна: тут працуе 9 аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку 4 аб’яднанні спартыўнай накіраванасці. А танцавальны калектыў “Гарошынкі” нядаўна выйграў гран-пры на міжнародным конкурсе ў Парыжы, рыхтуецца да выступлення на абласной настаўніцкай канферэнцыі. Дзейнічае ў гімназіі і 5 клубаў, у тым ліку клуб для дзяцей і бацькоў “Сямейная нарада” і гісторыка-краязнаўчы клуб “Рагнеда”. І, зразумела, у перспектыве ў гімназіі збіраюцца абсталяваць уласны музей, бо музей баявой славы, які тут быў раней, пакуль не дзейнічае. Новы ж музей плануецца прысвяціць не толькі памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, але і гісторыі навучальнай установы, гісторыі родных мясцін. Багатае мінулае да гэтага абавязвае.
На старонцы архіўнага нумара “Настаўніцкай газеты” з матэрыялам, прысвечаным Стаўбцоўскай школе, таксама размешчаны два фотаздымкі сярэдняй школы № 4 Мінска. Адно фота 1944 года — разбураны будынак, другое — выгляд школы пасля аднаўленчых работ. Сёння да двух гэтых здымкаў мы дадаём свой, сучасны.
Заўважу, што школе ўжо больш за сто гадоў — у 1906 годзе прадпрымальнікі Зубакін і Фальковіч адкрылі Мінскую прыватную паўнапраўную мужчынскую гімназію. А ў будынак па адрасе Чырвонаармейская, 11, дзе школа размяшчаецца зараз, яна пераехала ў 1936 годзе. У 1979 годзе плошча ўстановы пашырылася за кошт узвядзення новага будынка. 1949_07_СШ №4 Минска+Столбцы(сайт3)
Нядаўна мінская школа № 4 атрымала пашпарат гатоўнасці на новы 2015/2016 навучальны год і ўступае ў яго добра падрыхтаванай. Тут уласнымі сіламі праведзены бягучы, але даволі сур’ёзны рамонт, напрыклад, абсталяваны новы кабінет інфармацыйных тэхналогій. Наогул жа ў блізкай перспектыве школу № 4 чакае рамонт капітальны.
Сёння педагагічны калектыў школы, які ўзначальвае Тамара Арсенцьеўна Бурдыка, — гэта больш за 120 педагогаў, вучыцца тут прыкладна 800 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны ахвотна прымаюць удзел у разнастайных конкурсах, у тым ліку ў тых, якія тычацца добраўпарадкавання. Так, нядаўна ў конкурсе “Формула саду” калектыў школы заняў 1 месца ў намінацыі “Садовыя іскрынкі” ў Ленінскім раёне.
А яшчэ тут рыхтуюцца да ўстаноўкі памятнага каменя ў гонар расійскага генерала Міхаіла Скобелева, які быў ганаровым грамадзянінам Мінска і ў гонар якога да 1919 года вуліца Чырвонаармейская называлася Скобелеўскай. Слаўная гісторыя патрабуе добрай памяці.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з архіва “Настаўніцкай газеты”.