2019 год плануецца аб’явіць Годам кнігі

- 10:25Інфармацыйная гадзіна

У СНД 2019 год плануецца аб’явіць Годам кнігі, а 2020-ы — Годам 75- годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Такая прапанова шэрага краін Садружнасці была падтрымана на сумесным пасяджэнні Савета па гуманітарным супрацоўніцтве і праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, якое адбылося ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі пад старшынствам міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч, паведамілі ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі падрыхтоўку да ХII Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў СНД, які плануецца правесці ў Маскве, тэматыку сумесных мерапрыемстваў на найбліжэйшыя гады. Быў таксама адобраны план міждзяржаўных праектаў, якія будуць ажыццяўляцца пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва ў 2018 годзе. У яго ўвайшлі як традыцыйныя акцыі фонду — Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі, уручэнне прэмій “Зоркі Садружнасці” і “Садружнасць дэбютаў”, Міжнародны форум Пераможцаў, так і мерапрыемствы, прысвечаныя Году культуры ў СНД. У іх ліку — фестываль дакументальнага кіно ў Мінску, маладзёжны тэатральны форум у Ерэване, музейная праграма “Традыцыі для будучыні” ў Астане, кінашкола ў Батумі, а таксама беларускі міжнародны медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні: прыярытэты сучаснай цывілізацыі”. Усяго ў плане фонду на 2018 год больш за 60 мерапрыемстваў.

Як адзначыла Лілія Ананіч, Беларусь з’яўляецца не толькі актыўным удзельнікам інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД, але і ў значнай меры ініцыятарам многіх знакавых праектаў.