2019 год у сістэме адукацыі: актыўны і прадукцыйны

- 10:24Актуально, Апошнія запісы

2019 год стаў вельмі насычаным для сістэмы адукацыі нашай краіны. Ён увойдзе ў гісторыю знакавымі падзеямі і стратэгічнымі рашэннямі. 2019 год запомніцца ўдзелам Беларусі ў даследаваннях PISA, правядзеннем ІІ Еўрапейскіх гульняў, стварэннем шэрага цэнтраў (псіхалагічнай дапамогі, валанцёрскага). У гэтым годзе быў падрыхтаваны і прыняты ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка для самых таленавітых і здольных школьнікаў. У 2019 годзе былі павышаны заробкі педагагічным работнікам, быў прыняты дакумент, які рэгламентуе новыя ўмовы правядзення рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Новы імпульс развіцця набыла сістэма прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, апрабаваны новыя падыходы ў падліку балаў падчас ЦТ.

Пра гэтыя і іншыя падзеі наша выніковая гутарка з міністрам адукацыі — Ігарам КАРПЕНКАМ.

Ігар Васільевіч, пачнём з самага першага ўзроўню сістэмы адукацыі — дашкольнікаў. Тут асноўнай праблемай з’яўляецца недахоп месцаў у дзіцячых садках. Наколькі аператыўна вырашалася гэтае пытанне ў 2019 годзе і якія планы на будучы год?

— Недахоп месцаў у дзіцячых садках — гэта ў асноўным праблема новых мікрараёнаў. У цэлым па краіне месцаў у дзіцячых садках хапае, нават з лішкам. Наш клопат — забяспечыць крокавую даступнасць, асаб­ліва ў мікрараёнах-новабудоўлях. І ў вырашэнні гэтай праблемы мы за 2019-ы зрабілі нямала. За год было пабудавана і адкрыта 8 дзіцячых садкоў у Брэсцкай, Гомельскай, Гро­дзенскай абласцях і ў Мінску. Новыя садкі прынялі 1665 дзяцей.

Разам з тым актыўна выступаем за тое, каб ужо пры праектаванні дамоў у мікрараёнах-новабудоўлях планавалася размяшчэнне дзіцячых садкоў на першых паверхах. У 2019 годзе прадугледжвалася размяшчэнне 4 такіх садкоў. Працягвалася работа па стварэнні груп кароткачасовага знаходжання. Пасля закрыцця або перапрафілявання іншых устаноў адукацыі ў 2019 годзе былі адкрыты 3 дзіцячыя садкі. Запрацавалі два садкі прыватнай формы ўласнасці. У выніку ў 2019 годзе мы стварылі каля 7 тысяч дадатковых месцаў для дзяцей да­школьнага ўзросту. 

У 2020 годзе прадугледжана будаўніцтва 13 дзіцячых садкоў. Новыя дашкольныя ўстановы з’явяцца ў Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцях, а таксама ў сталіцы. Пытанне забеспячэння даступнасці дашкольнай адукацыі знаходзіцца на пастаянным кантролі Міністэрства адукацыі, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, таму ўсе праб­лемы, якія ўзнікаюць, аператыўна вырашаюцца.

У 2019 годзе была прадоўжана работа па абнаўленні вучэбных праграм базавага і павышанага ўзроўню. Была выдадзена неабходная лінейка падручнікаў. Работа вядзецца сістэмна і паступова. Але, напэўна, самым значным для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі сёлета стала падвядзенне вынікаў правядзення PISA. Як вы ацэньваеце гэтыя вынікі? І як яны будуць улічвацца ў вучэбных праграмах, у сістэме павышэння кваліфікацыі педагогаў?

— Так, наша краіна ўпершыню ­ўдзельнічала ў тэсціраванні PISA (гэта было вясной 2018 года). У даследаванні прынялі ўдзел 236 устаноў адукацыі.  Ацэньваліся веды каля 6 тысяч 15-гадовых школьнікаў па чытацкай і матэматычнай пісьменнасці, па прыродазнаўчых навуках. У цэлым па выніках міжнароднага даследавання наша краіна атрымала годныя вынікі. Школьнікі прадэманстравалі дастаткова высокі ўзровень кампетэнцыі па ўсіх трох кірунках даследавання. Беларусь знаходзіцца ў першай палове агульнасусветнага рэйтынга. Па чытацкай пісьменнасці ў нас 36-е месца, па матэматычнай — 38-е месца, па прыродазнаўчай — 37-е. Усяго ў PISA, як вы ведаеце, прымала ўдзел 79 краін.

Удзел у гэтым міжнародным даследаванні стаў добрым стымулам для ўдасканалення нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі. Цяпер мы ведаем, над якімі задачамі нам трэба будзе праца­ваць у найбліжэйшай перспектыве. І самая важная — удасканаленне навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, які павінен адпавядаць сучасным сацыякультурным умовам і ўлічваць міжнародны вопыт. Перад Нацыянальным інстытутам адукацыі стаіць задача распрацаваць метадычнае забеспячэнне IT-кантэнту, які ўключае розныя віды і формы кантролю, у тым ліку тэсціраванне на аснове заданняў PISA альбо заданняў, складзеных па аналогіі.

Заданні, накіраваныя на фарміраванне функцыянальнай пісьменнасці, аналагічныя заданням PISA, павінны знайсці адлюстраванне і ў іншых кампанентах прадметных вучэбна-метадычных комплексаў. Добрым прыкладам вырашэння гэтай задачы з’яўляецца выданне серыі дапаможнікаў для настаўнікаў-прадметнікаў “Кампетэнтнасны падыход”, якая ўключае дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы па фарміраванні і ацэнцы прадметных, метапрадметных і асобасных адукацыйных вынікаў. Ужо выдадзена такая серыя дапаможнікаў для 1—9 класаў. Задача педагогаў — мэтанакіравана выкарыстоўваць іх у адукацыйным працэсе, а задача АПА, інстытутаў развіцця адукацыі і НІА — правесці семінары па ўдасканаленні методык навучання па вучэбных прадметах з выкарыстаннем дадзеных матэрыялаў.

Акрамя таго, Нацыянальны інстытут адукацыі сумесна з Паркам высокіх тэхналогій прапрацоўвае пытанне аб укараненні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі STEM-адукацыі, найважнейшымі прынцыпамі якой з’яўляюцца міжпрадметнасць, прак­тыкаарыентаванасць і работа ў камандзе. У планах — распрацоўка вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў, у аснову якой будзе пакладзена праектная дзейнасць навучэнцаў. Зразумела, узнікне патрэба ў педагогах, здольных рэалізоўваць прынцыпы STEM-адукацыі, таму тут павінны будуць сябе праявіць установы вышэйшай педагагічнай адукацыі, а таксама дадатковай адукацыі дарослых (АПА, рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі).

Адметнай падзеяй гэтага года стала падпісанне прэзідэнтам нашай краіны ўказа аб стварэнні Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка для самых таленавітых і здольных школьнікаў.

— Так. Дзіцячы тэхнапарк — гэта новы ўзровень у развіцці інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў. Гэта ўстанова адукацыі новага тыпу, якая будзе развіваць таленты, матываваць адораных дзяцей і падлеткаў у сферы тэхнічнай творчасці, тэхнікі і тэхналогій. Ідэя стварэння дзіцячага тэхнапарка з’явілася на другім з’ездзе вучоных і была падтрымана кіраўніком дзяржавы. Мэтай стварэння такой установы з’яўляецца ўдасканаленне сістэмы работы з адоранымі дзецьмі і моладдзю па прарыўных кірунках эканомікі будучыні. Сярод задач — фарміраванне ў моладзі ўстойлівай матывацыі да выбару будучай прафесіі, звязанай з навуковай дзейнасцю або работай у высокатэхналагічных галінах эканомікі краіны, прапаганда інавацыйнай і наватарскай дзейнасці, ранняя прафесійная арыентацыя навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі.

Навучанне ў дзіцячым тэхнапарку бу­дзе ажыццяўляцца па новай апераджальнай адукацыйнай праграме. Рэалізацыя гэтай праграмы прадугледжвае 11 профіляў з адпаведнымі лабараторыямі: інфарматыка і камп’ютарныя тэхналогіі, архітэктурны і прамысловы дызайн, лазерная тэхніка і тэхналогіі, аэракасмічныя тэхналогіі, энергетыка будучыні, інжынерная экалогія, машыны і рухавікі, “зялёная” хімія, нанатэхналогіі, робататэхніка, біятэхналогіі.

Для работы з адоранымі дзецьмі бу­дуць запрашацца вядучыя вучоныя і спецыялісты ўніверсітэтаў, навукова-даследчых устаноў і прамысловых арганізацый, перспектыўныя маладыя навукоўцы, паспяховыя настаўнікі, настаўнікі-метадысты. Навучанне будзе ажыццяўляцца на аснове сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Калі гаварыць пра тэрміны навучання ў тэхнапарку, то гэта будзе 21 дзень вочнага навучання. А каб школьнікі не адрываліся ад асноўнага працэсу навучання, для іх прадугледжана будаўніцтва школы на 750 месцаў. 

У астатні час навучанне будзе весціся дыстанцыйна. Сёння тэхнічныя магчымасці гэта дазваляюць. Плануецца, што ў тэхнапарку на працягу года будзе вучыцца каля 2000 дзяцей. Яны будуць адбірацца на аснове выкананых імі праектных задач, агульнай паспяховасці і ўдзелу ў алімпіядах. Для тых, хто паспяхова адвучыцца ў тэхнапарку, прадугледжаны льготны маршрут залічэння ў вышэйшую навучальную ўстанову. Акрамя таго, на базе тэхнапарка будзе арганізавана павышэнне кваліфікацыі педработнікаў, стажыроўкі, вучэбныя курсы, віртуальнае навучанне, прафесійнае тэсціраванне дзяцей і падлеткаў, правядзенне майстар-класаў. Будзе таксама ажыццяўляцца забеспячэнне дзейнасці спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Шмат у гэтым годзе гаварылася пра змены ў выніковай атэстацыі вучняў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Як ідзе работа ў гэтым кірунку?

— Міністэрствам адукацыі распрацаваны новыя падыходы да правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў пасля завяршэння навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Яны абмеркаваны з педагагічнай грамадскасцю. Прапануецца: у 9 класе выпускны экзамен па беларускай і рускай мовах праводзіць у форме пераказу, што дазволіць праверыць узровень камунікатыўных уменняў і навыкаў навучэнцаў (цяпер экзамен праводзіцца ў форме дыктоўкі). Форма правядзення выпускнога экзамену па матэматыцы застанецца ранейшай — кантрольная работа. Выпускны экзамен па гісторыі Беларусі прапануецца перанесці з 11 класа ў 9 і право­дзіць, як і раней, у вуснай форме.

У 11 класе прапануецца захаваць выпускныя экзамены па беларускай і рускай мовах на выбар, а па матэматыцы — для ўсіх навучэнцаў. З улікам прапанаваных змяненняў у падыходах да ацэньвання вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама з мэтай змяншэння нагрузкі на навучэнцаў 11-х класаў прапануецца выпускны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне па названых вучэбных прадметах сумясціць. Акрамя таго, плануецца, што навучэнцы профільных 11-х класаў будуць зда­ваць выпускны экзамен па замежнай мове ў вуснай форме.

Не губляе сваёй актуальнасці і тэма прафілізацыі школьнікаў. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ўжо зарэкамендавалі сябе педкласы, пачалі дзейнічаць агракласы. У рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” для старшакласнікаў дзейнічае адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых). Як вы ацэньваеце рух навучальных устаноў у гэтым кірунку?

— Профільнае навучанне — гэта інструмент, які дазваляе найбольш поўна ўлічваць схільнасці і здольнасці навучэнцаў, фарміра­ваць умовы для навучання старшакласнікаў у адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі. Разам з тым профільнае навучанне дапамагае вырашаць важныя дзяржаўныя задачы, звязаныя з патрэбамі дзяржавы ў спецыяльнасцях рэальнага сектара эканомікі. У нашых школах створаны ўсе ўмовы для атрымання прадметных ведаў і асваення першасных навыкаў у прафесіі.

На сёння ў нас функцыянуюць класы педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай накіраванасці. У педагагічных класах вучацца 4120 навучэнцаў 9—11 класаў, у аграрных — 2470. Спартыўна-педагагічныя класы пачалі дзейнічаць толькі з гэтага навучальнага года. У іх вучацца 60 дзесяцікласнікаў. А з 2020/2021 навучальнага года ў рамках профільнага навучання плануецца адкрыццё класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У цяперашні час разам з Міністэрствам абароны распрацоўваецца вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Юны абаронца Айчыны” для 10—11 класаў.  

Адначасова ў школах захавалі базавыя класы, навучэнцы якіх праходзяць курс прафесійнай падрыхтоўкі ў рамках працоўнага навучання. У нас вызначаны пералік рабочых прафесій. Іх 100. Прафесійная падрыхтоўка арганізавана як на базе школ, так і на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Навучэнцы 11-х класаў, якія вучыліся па адукацыйнай праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых), могуць здаць кваліфікацыйны экзамен (але гэта не абавязкова). І тым, хто  такі экзамен здаў паспяхова, выдаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду (класа, катэгорыі) па прафесіі. Першы крок у прафесію зроблены: або працуй, або вучыся далей.

Такім чынам, наша агульная сярэдняя адукацыя накіравана на падрыхтоўку выпускніка да паўнацэннага жыцця ў грамадстве. Я­касць адукацыі — гэта не адзнака, атрыманая на ўроку, а перш за ўсё паспяхова ўладкаваны ў жыцці чалавек, яго светапоглядны стрыжань і актыўная грамадзянская пазіцыя.

На слыху сёлета і дзейнасць сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На працягу года было адкрыта некалькі рэсурсных цэнтраў. Якія, на ваш погляд, перспектывы развіцця гэтай сістэмы адукацыі? Якая ідэя закладзена ў стварэнне сеткі прафесійных рэсурсных цэнтраў?

— Да цяперашняга часу ў нас створана 48 рэсурсных цэнтраў, у якіх толькі ў 2018/2019 навучальным годзе па асноўных адукацыйных праграмах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі прайшлі навучанне 14,5 тысячы навучэнцаў і студэнтаў. Агульная ідэя стварэння рэсурсных цэнтраў устаноў прафесійнай адукацыі — неабходнасць арганізацыі апера­джальнай падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, аптымізацыя бюджэтных выдаткаў на адукацыю, мадэрнізацыя адукацыйнай сферы і ўкараненне новых форм і метадаў арганізацыі адукацыйнага працэсу. У рэсурсных цэнтрах аб’ядноўваюцца і канцэнтруюцца высокакаштоўныя інавацыйныя матэрыяльныя і перадавыя адукацыйныя рэсурсы, што дае  магчымасць рыхтаваць запатрабаванага рабочага для сучаснай вытворчасці.

Напрыклад, на базе Аршанскага механіка-эканамічнага каледжа быў адкрыты рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю. Дарэчы, база рэсурснага цэнтра ўжо выкарыстоўваецца для шырокай прафарыентацыйнай работы, дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На базе каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе РІПА адкрыты першы сертыфікаваны вучэбны цэнтр Festо (FACT) па тэхналогіях “Індустрыі 4.0” і мехатроніцы. Абсталяванне і праграмнае забеспячэнне вучэбнага цэнтра дасць магчымасць сфарміраваць практычныя ўменні і навыкі работы з прамысловымі і мабільнымі робатамі і навыкі праграмавання ПЛК, HMI-панэляў. Рэсурсны цэнтр “Будаўнічыя тэхналогіі” нядаўна адкрыўся ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы, дзе створаны сучасныя ўмовы для практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў будаўнічай галіны.

  Рэсурсныя цэнтры дапамагаюць ажыццяўляць апераджальную падрыхтоўку кадраў, якія заўтра прыйдуць у рэальны сектар эканомікі. Акрамя таго, гэта выдатныя пляцоўкі для падрыхтоўкі да WorldSkills. Дарэчы, у маі 2020 года ў Мінску адбудзецца IV Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства “WorldSkills Belarus 2020”. Конкурс пройдзе па стандартах міжнароднага руху WorldSkills International па больш чым 35 прафесійных кампетэнцыях у такіх галінах, як тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода. У конкурсе прымуць удзел больш за 300 навучэнцаў, студэнтаў, маладых рабочых з усіх рэгіёнаў краіны.

Падчас адкрыцця вучэбнага цэнтра Festо (FACT) па тэхналогіях “Індустрыі 4.0” і мехатроніцы.

У гэтым годзе працягвалася работа па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі ў нашай краіне. Што было зроблена і што ў планах на наступны год?

— Зроблена было нямала. Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў — у прыярытэце. Гэтаму пытанню вялікую ўвагу ўдзяляе кіраўнік нашай дзяржавы, які клапоціцца пра ўмовы навучання і выхавання кожнага вучня. Асаблівае значэнне мае фізічнае выхаванне школьнікаў, таму ў 2019 го­дзе вялікая ўвага была ўдзелена забеспячэнню навучальных устаноў спартыўным інвентаром і абсталяваннем. Мы павінны думаць пра здароўе нашых дзяцей і выпускаць са школы фізічна развітых, адукаваных і выхаваных грамадзян сваёй краіны.

 Акрамя таго, у 2019 годзе было абсталявана 280 кабінетаў хіміі і 30 кабінетаў біялогіі, набыта 2000 інтэрактыўных сэнсарных сістэм (мультыбордаў), адрамантаваны дзясяткі школ. У 13 рэсурсных цэнтраў набылі 241 адзінку абсталявання. Усе гэтыя закупкі і пастаўкі ажыццяўляліся ў межах Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады”. Гэтую работу мы будзем працягваць і далей, таму ў 2020 годзе таксама плануем рамантаваць школы, пастаўляць у іх мультыборды (у яшчэ большай колькасці, чым у 2019 годзе), па-сучаснаму абсталёўваць вучэбныя кабінеты, а ў межах праекта “Электронная школа” працягваць забяспечваць шырокапалосны доступ у інтэрнэт.

У 2014 годзе мы заключылі пагадненне з Сусветным банкам па рэканструкцыі (рамонце) і аснашчэнні вучэбным абсталяваннем 120 школ у малых гарадах і ў сельскай мясцовасці. У 2019 годзе было заключана  дадатковае пагадненне яшчэ на 220 школ. Абмяркоўваецца магчымасць рэалізацыі праекта па ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі Сусветнага банка Міністэр­ствам адукацыі распрацаваны інвестыцыйны праект “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Праект накіраваны на мадэрнізацыю інфраструктуры 18 універсітэтаў і стварэнне (мадэрнізацыю) сучасных вучэбна-лабараторных падраздзяленняў, цэнтраў калектыўнага карыстання вучэбным і навуковым абсталяваннем, павышэнне інтэграванасці і канкурэнтаздольнасці сістэмы вышэйшай адукацыі ў міжнароднай адукацыйнай прасторы.

У рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта плануецца стварэнне на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта міждысцыплінарнага вучэбна-даследчага цэнтра. Стварэнне ўнікальнага комплексу дазволіць адкрыць у Рэспубліцы Беларусь падрыхтоўку па шэрагу высокаперспектыўных спецыяльнасцей, пакуль не прадстаўленых у беларускіх універсітэтах. Гаворка ідзе пра біяінжынерыю, нанахімію, сінтэтычную і сістэмную біялогію, біятэхналогіі, фармакалогію, біяінфарматыку, біямеханіку, феноміку, геноміку, пратэёміку, іаноміку, метабаломіку. Так мы зможам падняць узровень навуковых даследаванняў і прыкладных распрацовак выкладчыкаў і студэнтаў да вядучых універсітэтаў у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Такога ў нас яшчэ не было. Акрамя таго, цэнтраў, арыентаваных на развіццё міждысцыплінарных даследаванняў, практычна няма і ў суседніх дзяржавах.

У сістэме вышэйшай адукацыі зараз рэалізоўваецца эксперыментальны праект па ўкараненні ма­дэлі “Універсітэт 3.0”. Наколькі ён паспяховы і ці будуць да яго далучацца іншыя ўніверсітэты?

— Рэалізацыю праекта “Універсітэт 3.0” на працягу 2018/2019 навучальнага года ажыццяўлялі 7 нашых вядучых універсітэтаў: БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДУІР, БДТУ, ГрДУ імя Янкі Купалы, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. З 1 верасня 2019 года да рэалізацыі праекта далучыўся Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. У перспектыве большасць універсітэтаў будзе развівацца ў рамках мадэлі “Універсітэт 3.0”. Пра гэта сведчаць вынікі эксперыментальнага праекта. У цэлым праект развіваецца паспяхова. На цяперашні момант у адукацыйны працэс у сістэме вышэйшай адукацыі і дадатковай адукацыі дарослых уведзены новыя вучэбныя дысцыпліны (больш за 40). Адкрыта падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях інавацыйнай, вынаходніцкай і прадпрымальніцкай накіраванасці. Пры гэтым неабходна адзначыць, што ўвядзенне новых спецыяльнасцей ажыццяўлялася пераважна ў рамках такога профілю, як “Тэхніка і тэхналогіі”.

Перагледжана метадалогія адукацыйнага працэсу, укаранёны новыя тэхналогіі навучання (кейс-навучанне, праектны падыход, ка­мандны метад выканання курсавых і дыпломных работ, эўрыстычны і крэатыўны метады навучання, камунікатыўнае навучанне). Курсавое і дыпломнае праектаванне, магістарскія дысертацыі выконваліся ў непасрэднай ўзаемасувязі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і па тэматыках, заяўленых гэтымі арганізацыямі. Гэта распрацоўкі аптымізацыйнага характару, маркетынгавыя даследаванні па заказе прадпрыемстваў, накіраваныя на засваенне рынку і павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці прадпрыемстваў.

Ва ўніверсітэтах створана разгалінаваная сетка інавацыйных падраздзяленняў: 6 навукова-тэхналагічных паркаў, 2 цэнтры трансферу тэхналогій, 12 цэнтраў міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, 19 галіновых лабараторый у розных напрамках рэальнага сектара эканомікі, 8 цэнтраў калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем. У прыватнасці, у Беларуска-Расійскім універсітэце ў межах рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы “Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на базе інавацыйных тэхналогій” былі адкрыты тры новыя вучэбныя лабараторыі. Дзве — у 2019 годзе. Гэта лабараторыя плазменных тэрмамеханічных і зварачных тэхналогій і шматпрофільная вучэбна-эксперыментальная лабараторыя, сучаснае абсталяванне якой дасць магчымасць стварыць умовы для павышэння ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей.

Тэхнапарк ГрДУ імя Янкі Купалы дэманструе развіццё студэнцкага прадпрымальніцтва. З сямі рэзідэнтаў тэхнапарка, а яны пачалі ў ім рэгістравацца з лютага 2019 года, тры — кампаніі, створаныя студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Акрамя таго, у тэхнапарку запусцілі студыю праектаў і стартапаў. Мы бачым, што для студэнтаў выніковасць праекта “Універсітэт 3.0” заключаецца ў выкарыстанні інфраструктуры ўніверсітэта (універсітэт выступае камерцыйным партнёрам, трэнерам) для стварэння і развіцця ўласнага бізнесу, заснаванага на камерцыялізацыі інавацый, вынікаў навуковых даследаванняў. Універсітэт у такой мадэлі выступае актыўным удзельнікам інавацыйнага працэсу, генерыруе і адаптуе вынікі навуковых даследаванняў, якія могуць стаць асновай для стварэння інавацыйных прадуктаў і паслуг або для развіцця вытворчай спецыялізацыі краіны.

А як ідзе работа па рэалізацыі ідэі сеткавай адукацыі ў вышэйшых навучальных установах краіны?

— На цяперашні момант мы назіраем высокую запатрабаванасць элементаў сеткавай адукацыі. Шмат у чым гэта абумоўлена шырокім распаўсюджаннем інтэграваных адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі (усяго рэалізуецца па 208 спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі, у 2020 годзе будзе ажыццяўляцца набор па 127 спецыяльнасцях) і дазваляе ўзаемна выкарыстоўваць кадравы склад і вучэбна-лабараторную базу (сучаснае высокатэхналагічнае і дарагое абсталяванне, прыборы, інструменты і іншыя сродкі навучання) устаноў розных узроўняў адукацыі для павышэння якасці практыка-арыентаванага навучання. Менавіта ў такой логіцы падрыхтаваны праект указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб падрыхтоўцы кадраў з дапамогай сеткавай формы ўзаемадзеяння, а таксама палажэнне аб арганізацыі падрыхтоўкі кадраў з дапамогай сеткавай формы ўзаемадзеяння і адпаведная тыпавая форма дагавора аб падрыхтоўцы кадраў з дапамогай сеткавай формы ўзаемадзеяння.

Як вы наогул ацэньваеце дзей­насць нашых УВА ў адыходзячым годзе?

— Пэўнае падвядзенне вынікаў працы ўстаноў вышэйшай адукацыі адбылося 25—26 кастрычніка ў рамках пашыранага пася­джэння Рэспубліканскага савета рэктараў у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. У 2019 годзе практычна ўсе УВА дасягнулі запланаваных вынікаў сваёй дзейнасці і іх працу ў адыходзячым годзе можна ацаніць досыць высока. У 2020 годзе мы будзем падводзіць вынікі пяцігадовага развіцця ўсёй сістэмы адукацыі, ацэньваць выніковасць Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады”, таму нам варта ўважліва паглядзець, што дасягнута, а дзе неабходна яшчэ прыкласці дадатковыя намаганні для дасягнення запланаваных вынікаў.

Падзеяй адыходзячага года стала адкрыццё Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі. Працуе ён нядоўга, але, напэўна, ужо можна гаварыць пра яго запатрабаванасць. Ігар Васільевіч, якія вашы чаканні ад дзейнасці гэтай структуры? Як цэнтр будзе развівацца?

— Час нам паказаў, што трэба пераасэнсаваць ролю псіхолагаў у школах. Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі быў створаны для таго, каб псіхалагічнае суправаджэнне навучэнцаў, іх бацькоў стала сістэмным, а дзей­насць школьных псіхолагаў была скаардынаванай. Асноўная мэта дзейнасці цэнтра — аказанне комплекснай псіхалагічнай дапамогі і сацыяльна-педагагічнай падтрымкі непаўналетнім, іх бацькам, педагагічным работнікам. За перыяд дзейнасці цэнтра педагогі-псіхолагі правялі 762 кансультацыі. Акрамя таго, педагогі-псіхолагі цэнтра выязджалі ў рэгіёны для суправа­джэння складаных выпадкаў.

У цяперашні час фарміруюцца рэгіянальныя сеткі крызісных псіхолагаў. На базе цэнтра створана група са 125 рэгіянальных педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі. Супрацоўнікі цэнтра разам з вядучымі навукоўцамі і выкладчыкамі кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ распрацавалі праграму павышэння кваліфікацыі “Работа псіхолага ўстановы адукацыі па аказанні дапамогі ў крызісных сітуацыях”. 75 рэгіянальных педагогаў-псіхолагаў ужо прайшлі навучанне і атрымалі пасведчанні аб павышэнні кваліфікацыі. Да сакавіка 2020 года плануецца навучыць яшчэ 50 рэгіянальных педагогаў-псіхолагаў.

З 1 кастрычніка бягучага года пачаў дзейнічаць інтэрнэт-сайт цэнтра. На сайце створаны чат, які дае магчымасць ананімна звярнуцца па дапамогу або падтрымку ў крытычнай сітуацыі. Для зручнасці карыстальнікаў створана мабільная версія сайта. Цэнтр актыўна ўзаемадзейнічае са сродкамі масавай інфармацыі. У прыватнасці, спецыялісты цэнтра вядуць асветніцкую рубрыку ў “Настаўніцкай газеце”. Настаўнікі, вучні, бацькі не павінны адчуваць сябе кінутымі ў нейкай складанай сітуацыі, а ведаць, што пры звароце да спецыялістаў цэнтра атры­маюць своечасовую і прафесійную дапамогу.

Значнымі для краіны і сістэмы адукацыі сталі Еўрапейскія гульні. Ільвіная доля поспеху ў іх правядзенні належыць сістэме адукацыі дзякуючы зладжанай дзейнасці валанцёраў. Як вы ацэньваеце праведзеную работу? І тут жа хочацца дадаць: нядаўняе адкрыццё рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра не выпадковае? Менавіта II Еўрапейскія гульні прадэманстравалі высокі ўзровень валанцёрскага руху ў нашай краіне.

— Еўрапейскія гульні сталі галоўнай спартыўнай падзеяй года ў нашай краіне. І, са­праўды, неацэнны ўклад у арганізацыю і правядзенне гэтай маштабнай спартыўнай падзеі ўнеслі валанцёры. Выступаючы на цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў, прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка асобна звярнуўся да валанцёраў з асаблівымі словамі падзякі, адзначыўшы іх амаль кругласутачную работу, дзякуючы якой удалося стварыць цёплую, шчырую і добразычлівую атмасферу.

У арганізацыі і правядзенні гульняў узялі ўдзел 8700 валанцёраў. Каманду студэнтаў-валанцёраў з 28 універсітэтаў краіны склаў 7841 чалавек. Падрыхтоўка валанцёраў ажыццяўлялася Міністэрствам адукацыі. Увогуле, валанцёрская праграма II Еўрапейскіх гульняў была запушчана 15 верасня 2017 года і афіцыйна закрыта 1 красавіка 2019 года. Былі адабраны валанцёры, якія валодаюць пэўнымі асобаснымі ўстаноўкамі і якасцямі: высокай матывацыяй да валанцёрскай дзейнасці, камунікатыўнымі ўменнямі, арганізатарскімі здольнасцямі, гатоўнасцю працаваць у камандзе. Вітаўся вопыт валанцёрскай работы на буйных спартыўных і культурных мерапрыемствах і ў маладзёжных арганізацыях.

Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр разме­шчаны на базе інтэрната ў студэнцкай вёсцы, ён ажыццяўляе поўны комплекс інфармацыйных, кансультатыўных і метадычных паслуг у сферы валанцёрскай дзейнасці. У рамках дзейнасці цэнтра функцыянуе міжведамасны каардынацыйны савет па развіцці валанцёрскага руху і прынята рашэнне аб стварэнні валанцёрскага партала. На працягу 2019 года валанцёры, акрамя ІІ Еўрапейскіх гульняў, працавалі на такіх рэспубліканскіх і міжнародных спартыўных мерапрыемствах, як рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы — міжнародны лёгкаатлетычны матч “Еўропа — ЗША”; XIII летняя Міжнародная Ашчадбанкіяда; чэмпіянат свету па верталётным спорце ў рамках Адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, а таксама на дабрачынных мерапрыемствах у рамках акцыі “Нашы дзеці”. Усё гэта сведчыць пра іх прафесіяналізм і вялікую работу ў гэтым кірунку ўніверсітэтаў.

Ігар Васільевіч, на працягу ўсяго года вы праводзілі шматлікія су­стрэчы з моладдзю, толькі з верасня 2019 прайшло больш за 14 су­стрэч са студэнтамі. Якія засталіся ўражанні?

— Уражанні толькі станоўчыя. Пагаварыць з моладдзю не проста цікава, але і вельмі карысна. Мы ж не проста гаворым, мы абмяркоўваем надзённыя праблемы, абменьваемся меркаваннямі, як гаворыцца, звяраем гадзіннікі адносна працэсаў, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі і ў жыцці. Гэта ўзбагачае, дае імпульсы да далейшага руху. Маладзёжная палітыка заў­сёды адрасавана ў будучыню, таму стварэнне ўмоў для адукацыі, прафесійнага, навуковага і творчага росту маладых людзей — самая на­дзейная інвестыцыя ў прагрэс і мадэрнізацыю грамадства. Па гэтай прычыне мы развіваем маладзёжную палітыку.

Як рэспубліканскі орган маладзёжнага самакіравання выступае Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет. Нашы сустрэчы прахо­дзяць пастаянна. Апошняя была ў маладзёжнай сталіцы Рэспублікі Беларусь 2019 года Оршы на нацыянальным студэнцкім форуме. Важнае значэнне ў выяўленні маладзёжных лідараў мае падрыхтоўка і рэалізацыя розных мала­дзёжных праектаў і ініцыятыў. Традыцыйным стала правядзенне штогадовых нацыянальных дзіцячых і маладзёжных форумаў (“Моладзь — надзея і будучыня Беларусі”, “Адкрыты дыялог”, “Сяброўства без меж”, “100 ідэй для Беларусі” і інш.). На дыскусійных пляцоўках абмяркоўваюцца пытанні маладзёжнай палітыкі, магчымасці пашырэння ўдзелу лідараў у прасоўванні сацыяльных, культурных і адукацыйных праектаў.

Актыўна развіваецца такі напрамак развіцця лідарства, як маладзёжны  парламентарызм. Працуе Рэспубліканскі каардынацыйны савет маладзёжных парламентаў. Члены дзіцячых і маладзёжных парламентаў прымаюць удзел у пасяджэннях выканаўчых камітэтаў, сесіях гарадскіх Саветаў дэпутатаў, уносяць прапановы ў нарматворчую дзейнасць, перш за ўсё ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, право­дзяць сацыяльна значныя мерапрыемствы. Гэта дазваляе прыцягваць моладзь да ўдзелу ў прыняцці важных дзяржаўных рашэнняў і, безумоўна, спрыяе яе эфектыўнай сацыялізацыі. Пры нашай падтрымцы ў цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь увайшлі 11 кіраўнікоў моладзі. Думаю, стварэнне Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе завершыцца ў самыя кароткія тэрміны. Акрамя таго, распрацаваны праект Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года.

Важная роля ў сістэме адукацыі адводзіцца выхаванню. 2019 год стаў працягам Года малой радзімы. Акрамя таго, сёлета ў нашай краіне адзначалі 75-годдзе вызвалення Беларусі, пачала працаваць Школа актыўнага грамадзяніна. У навучальных установах краіны прайшло шмат розных мерапрыемстваў. Якія сталі самымі яркімі, так бы мовіць, з доўгім выхаваўчым эфектам?

— Выхаванне — адзін з ключавых аспектаў адукацыйнай прасторы кожнай установы адукацыі. Вялікую ўвагу гэтаму пытанню ўдзяляе і кіраўнік нашай дзяржавы, таму ў цэнтры ўвагі ўсёй сістэмы адукацыі — фарміраванне светапогляду падрастаючага пакалення. У сувязі з гэтым мерапрыемствы Года малой радзімы адкрылі перад педагогамі дадатковыя выхаваўчыя магчымасці, разнастаілі формы і метады работы, паспрыялі фарміраванню ў вучняў сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да гісторыі і культуры, павышэнню адказнасці за будучыню краіны. Кожны ўрок, факультатыў нясе ў сабе велізарны выхаваўчы патэнцыял, які трэба эфектыўна выкарыстоўваць.

Напрыклад, у рамках Рэспубліканскага конкурсу-акцыі “Малая радзіма вялікіх лю­дзей” навучэнцы ўстаноў адукацыі даследавалі жыццё і дзейнасць сваіх землякоў, якія ўнеслі значны ўклад у культурную, грамадскую, палітычную дзейнасць краіны або рэгіёна ў розныя гістарычныя перыяды. Рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, якая з 2019 года атрымала назву “Я гэты край Радзімаю заву”, актыўна далучае вучняў да вывучэння гісторыка-культурных і прыродных славутасцей свайго краю.

Выхаванне маладога пакалення на гераічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны складае важны аспект работы ўстаноў адукацыі. Кожнае новае пакаленне па-свойму асэнсоўвае старонкі ваеннай гісторыі. Школа ж дапамагае сваім выхаванцам правільна зразумець важныя падзеі ваеннага ліхалецця, заха­ваць памяць аб вялікім подзвігу народа. Сёння ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь арганізавана мэтанакіраваная работа па святкаванні 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Распрацаваны і рэалізоў­вае­цца план мерапрыемстваў, прысвечаны гэтай знамянальнай даце. У рамках героіка-па­трыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе — 75!” у 2019 годзе праведзены Рэспубліканскі конкурс “Не гасне летапіс перамог”. Клопат пра ветэранаў, добраўпарадкаванне пахаванняў і воінскіх магіл, вывучэнне гісторыі воінскіх часцей і злучэнняў, партызанскіх атрадаў і падпольных груп у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі рэгіёнаў, арганізацыя “зорных паходаў” — складнікі той практычнай маштабнай работы, да якой павінен быць далучаны кожны навучэнец, бо менавіта гэтая работа нясе ў сабе зарад патрыятызму і гордасці за краіну.

Міністэрства адукацыі заўсёды актыўна развівала міжнародныя сувязі. 2019 год стаў Годам адукацыі Беларусі ў Кітаі. Супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай у адукацыйнай сферы з’яўляецца адным з прыярытэтных для Рэспублікі Беларусь кірункаў. Якія перспектывы нам адкрываюцца ў гэтай сферы?

— Наша краіна ўдзяляе каласальную ўвагу развіццю супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай, у тым ліку ў сферы адукацыі. Міністэрствам адукацыі дзвюх краін сумеснымі намаганнямі ўдалося істотна нарасціць яго дынаміку, умацаваць прамыя міжуніверсітэцкія сувязі, рэалізаваць шэраг узаемавыгадных праектаў. Яскравым прыкладам не толькі дасягнутага ўзроўню супрацоўніцтва, але і ўзаемнага даверу і жадання ўмацаваць падмурак, на якім могуць будавацца палітычныя, гандлёва-эканамічныя, інвестыцыйныя і іншыя сувязі (супрацоўніцтва ў сферы адукацыі), з’яўляецца рэалізацыя ў бягучым годзе ініцыятывы “Год адукацыі Беларусі ў Кітаі”.

Вынікі сумеснай работы, набытыя дзвюма сістэмамі адукацыі ў ходзе рэалізацыі такой маштабнай ініцыятывы, ужо не могуць не радаваць, аднак спыняцца на дасягнутым у вырашэнні тых амбіцыйных задач, якія перад намі пастаўлены нашымі лідарамі, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі, ні адзін з бакоў не плануе. Чарговая магчымасць зверыць гадзіннікі і вызначыць перспектыўныя кірункі далейшага руху насустрач адно аднаму ў нас будзе ў рамках урачыстай цырымоніі закрыцця Года адукацыі Беларусі ў Кітаі ў студзені будучага года. Аднак ужо цяпер у якасці перспектыўных вектараў узаемадзеяння са свайго боку хацеў бы адзначыць наступныя:

падрыхтоўка, у тым ліку сумесная, кадраў, асабліва на ўзроўні магістратуры і аспірантуры, па інавацыйных спецыяльнасцях з выкарыстаннем падыходу апераджальнага развіцця;

узаемнае вывучэнне і абмен назапашаным вопытам арганізацыі дыстанцыйнага навучання і выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыі;

аб’яднанне намаганняў у распрацоўцы і ўкараненні найбольш перспектыўных адукацыйных мадэлей з апорай як на замежны вопыт, так і на нацыянальныя дасягненні і традыцыі, якія ўключаюць увесь спектр напрамкаў: аператыўнае рэагаванне на змяненне рынку працы, маркетынг паслуг адукацыі, стварэнне і пазіцыянаванне адукацыйных прадуктаў;

развіццё супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі дзвюх краін па стварэнні сумесных адукацыйных і навуковых структур, арыентаваных на падрыхтоўку кадраў для найбольш перспектыўных галін нацыянальных эканомік, у тым ліку для рэалізацыі сумесных праектаў паміж нашымі краінамі;

узаемадзеянне сферы камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў, укараненне бізнес-мадэлей у кіраванні і менеджменце якасці ўстаноў адукацыі.

Спіс унушальны. Застаецца толькі пажадаць поспеху. Ігар Васільевіч, віншуем вас з Новым годам і вялікі дзякуй за змястоўную размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.