2020 карысных спраў

Стаць удзельнікам акцыі “УРА Гродна: 2020 карысных летніх спраў” можа кожны жадаючы. З такой ініцыятывай выступілі члены школы беражлівых гаспадароў, якая дзейнічае ў сярэдняй школе № 12 Гродна.

Ідэя такая: кожны можа стварыць індывідуальны маршрут для ўдзелу ў марафоне карысных летніх спраў і даслаць у сеткавую супольнасць школы або свайго класа справаздачу аб гэтых карысных справах. Гэта можа быць добраўпарадкаванне тэрыторыі каля школы, іншых гарадскіх тэрыторый, высадка і догляд раслін, устаноўка і абслугоўванне паілак для жывёл і птушак у дварах, до­гляд хатніх жывёл, раздзельны збор смецця.

Летняя ініцыятыва арганічна ўпісалася ў акцыю “Чыстая справа”, якая з’яўляецца часткай экалагічнай ініцыятывы “УРА Гродна!” праекта “Уключэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Партнёрамі ініцыя­тывы ў Гродне з’яўляюцца Гродзен­скі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, сярэдняя шко­ла № 12 і яслі-сад № 45 Гродна. Таму сярод магчымых дзеянняў — экскурсіі ў эколага-біялагічны цэнтр, у лабараторыі факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ, прыродныя зоны. “Залік” атрымаюць удзел у выставах, конкурсах творчых работ экалагічнай тэматыкі, выраб і распаўсюджванне лістовак, буклетаў, папулярызацыя веласіпеднага руху, гульнявыя праграмы экалагічнай накіраванасці, інтэрнэт-дыялогі, падарожжы, дыскусіі.

Як расказвае каардынатар праекта “Школа беражлівых гаспадароў” сярэдняй школы № 12 Галіна Богдан, ужо больш за 800 чалавек удзельнічаюць у акцыі, далучыліся да яе і школьнікі з Казахстана і Малдовы. А карысных спраў зроблена значна больш.

Аднымі з першых аб сваіх летніх акцыях паведамілі ў­дзельнікі аздараўленчага экалагічнага лагера “Сонейка”, які працуе на базе сярэдняй школы № 11 імя генерала Антонава Гродна. Дзеці навялі парадак на тэрыторыі сваёй школы і сярэдняй школы № 12, а таксама правялі акцыю “Добрыя накрыўкі” з мэтай раздзельнага збору адходаў. Адзін з кіраўнікоў ініцыятывы “УРА Гродна!” дацэнт кафедры экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вольга Крамлёва падзялілася фотаздымкам жука-аленя, які занесены як знікаючы від у Чырвоную кнігу Беларусі, і заклікала берагчы яго.

Ёсць прапанова і для настаўнікаў. Іх запрашаюць прыняць удзел у летняй метадычнай школе “УРА Гродна!”. Тут можна будзе павысіць сваю кваліфікацыю па пытаннях распрацоўкі і правя­дзення адукацыйных праграм, накіраваных на інклюзіўнае кіраванне навакольным асяроддзем.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.