Святкаванне 85-годдзя юннацкага руху ў Беларусі ў апошні вераснёўскі дзень прайшло ў сценах яго равесніка і пачынальніка — Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. У гэты дзень тут было асабліва мнагалюдна. Лепшыя юннаты і іх педагогі сабраліся ў цэнтры, каб паказаць свае дасягненні ў галіне кветкаводства, фларыстыкі, экалогіі і аховы прыроды, навукова-даследчай дзейнасці.
Гучны наказ
Да юбілейнай даты быў прымеркаваны заключны этап Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Асенні марафон”. Творчае спаборніцтва прайшло ў пяці намінацыях — трох завочных і дзвюх вочных.
Самым гучным стаў конкурс агітбрыгад “За прыроду ў адказе дарослыя і дзеці!”. На сцэне цэнтра 56 удзельнікаў лепшых агітбрыгад у мастацкай форме выказалі і аргументавалі сваю ідэю захавання прыроднай спадчыны краіны і рацыянальнага прыродакарыстання. Самай пераканаўчай аказалася агітбрыгада “Экалагічнае люстэрка” з гімназіі № 21 Мінска з іх дэвізам “Беражы і эканом. Прырода — наш агульны дом”. Гэта выхаванцы Аліны Яўгенаўны Лісіцы, асобы, вядомай у педагагічным асяроддзі сваім арыгінальным падыходам у экалагічным выхаванні. Дзякуючы арыгінальнаму бачанню агітдзейнасці, яна нядаўна стала педагогам-арганізатарам-2015 у конкурсе прафмайстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. На гэты раз, напрыклад, на сцэне з’явілася інтэрактыўнае экалюстэрка. У яго аснове — прынцып “лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”: падчас выступлення на экалюстэрка праецыраваліся фота экаспраў удзельнікаў агітбрыгады.
Дыплом ІІ ступені атрымала агітбрыгада “Сонейка” з гімназіі Крычава Магілёўскай вобласці. 3-е месца дасталася агітбрыгадзе “Вясёлка” гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля.
“Мне б хацелася, каб дыяпазон падобных конкурсаў пашыраўся, — падзялілася Аліна Яўгенаўна Лісіца. — Акрамя выступленняў агітбрыгад, было б цікава паспаборнічаць у іншых відах экалагічнай дзейнасці, а варыянты могуць быць розныя. Наша гімназія ў экалагічным кірунку працуе даўно, і нам былі цікавыя эксперыменты”.
Размова на мове кветак
А вось у нясмеласці эксперыментаў ніяк нельга папракнуць удзельнікаў самага незвычайнага і цікавага мерапрыемства ў свеце кветак — паказу фларыстычных мадэлей, які стаў вынікам конкурсу “Кветкі на асфальце”. 25 каманд юных фларыстаў з розных гарадоў і абласцей Беларусі сабраліся разам, каб узяць удзел у лінгвістычным спаборніцтве. Толькі зносіны вяліся выключна на мове кветак. Шыкоўныя лілеі і стракатыя хрызантэмы, грацыёзныя гладыёлусы і сціплыя валошкі, зоркі астраў і вяргінь, вогненна-чырвоная шыпшына і каляровае лісце, залатыя каласы, духмянае сена, а ў дадатак густ і фантазія — і паказ высокай фларыстычнай моды прайшоў на ўра. Юнакі і дзяўчаты напоўнілі святочнай атмасферай Рэспубліканскую галерэю “Прырода і творчасць”, дзе прайшоў паказ мадэлей.
Самым арыгінальным і тэхнічна складаным журы прызнала вобраз каманды з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Юліі Гарбенка і Таццяны Пазняк. Каб яе стварыць, дзяўчаты асвоілі прынцыпы работы з будаўнічай сеткай, не адзін вечар правялі, пераўтвараючы ў экаўбор сноп кукурузы, а ахапак вінаградных лістоў, рагозу, рададэндранаў і хрызантэм — у адмысловыя аксесуары да сукенкі. Гэты ўбор, дарэчы, не пакінуў раўнадушным нават сапернікаў дзяўчат. “Серабра” ўдастоены фларыстычныя мадэлі Настассі Куляшэўскай і Лізаветы Шыловіч, выхаванак Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў Мінскай вобласці, а таксама Андрыяна Шчарбакова і Данііла Лабаноўскага з установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска. Дыпломы ІІІ ступені павезлі дадому Адэліна і Уладзіслаў Будзяну, навучэнцы Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскай вобласці, і Аляксандра і Кацярына Цітовы, навучэнкі аддзела экалагічнай адукацыі абласнога Цэнтра творчасці Магілёва.
Ацэньваючы кветкавае буянства, фларыст і старшыня журы Лора Белабровік асабліва адзначыла скрупулёзнасць выканых дзяўчатамі работ, але добрую канкурэнцыю ім склаў хлапечы мінімалізм: “Мяне парадавалі юнакі і іх крэатыўны падыход. Чапляе іх свабода ў выказванні сваіх думак. Асабліва мне даспадобы кветкі, пасаджаныя ў кашпо-кішэні Андрыяна Шчарбакова”.
Крочым роднымі сцежкамі…
У намінацыі “Зялёныя маршруты” за перамогу змагаліся 57 аўтарскіх дзіцячых калектываў. Усе яны аматары веласіпедных і пешых экскурсій па экалагічных сцежках, прыродных музеях, помніках прыроды, запаведніках, нацыянальных парках і заказніках. Далучаючы да сваёй кампаніі новых удзельнікаў, хлопчыкі і дзяўчынкі на сваіх маршрутах пазнаёміліся з жывёламі і раслінамі Беларусі, наведалі ўнікальныя прыродныя комплексы і гістарычныя помнікі, пазнаёміліся са старажыламі і пачулі ад іх легенды і аповеды пра старыя сядзібы.
Пераможцам сярод іх стаў калектыў навучэнцаў аб’яднання “Экашкола” Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. На другую прыступку падняліся Дар’я Лазоўская, навучэнка Далжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна, і калектыў навучэнцаў эколага-біялагічнага Цэнтра дзяцей і моладзі Магілёва. Замыкаюць тройку прызёраў уладальнікі дыпломаў ІІІ ступені Дзіяна Данілава і Аліна Карпава — навучэнкі Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці, Кацярына Лагодзіч, Лілія Баліевіч — навучэнкі Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, і калектыў навучэнцаў Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінскага раёна.
У намінацыі “Таямніцы Беларусі” былі прадстаўлены 78 праектаў і прэзентацый з апісаннем народных свят, абрадаў, гулянняў, легенд і паданняў пра лясы, азёры, раслінны і жывёльны свет свайго рэгіёна. Гэтыя работы — вынік вывучэння гісторыі народа, краіны, беларускай культуры.
Лепшай у гэтай намінацыі, па меркаванні журы, стала работа Аляксея Паціновіча, навучэнца сярэдняй школы № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці. Дыпломы ІІ ступені заваявалі Святлана Барысёнак, навучэнка Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (Гомельская вобласць), і навучэнцы гісторыка-краязнаўчага клуба “Вытокі” Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці). На трэцяй прыступцы пацясніліся калектывы навучэнцаў Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Віцебскай вобласці, Калінкавіцкага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці і эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Магілёва.
Самых таленавітых юных вучоных і даследчыкаў выявіла намінацыя “Крокі ў навуку”. Гэта 37 прэзентацый пра дасягненні ў галіне навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў за апошнія пяць гадоў. Самымі прадукцыйнымі, як аказалася, апошнія гады сталі для навуковага таварыства навучэнцаў “Колас” Цэнтра дзіцячай творчасці Целяхан (Брэсцкая вобласць). Дыпломы ІІ ступені падзялілі паміж сабой навуковыя таварыствы навучэнцаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі і Барысаўскага экалагічнага цэнтра Мінскай вобласці. Дыпломы ІІІ ступені адправіліся ў сярэднюю школу № 3 Асіповіч Магілёўскай вобласці і ў Гродзенскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.
Лепшыя работы па гэтых намінацыях выстаўлены ў галерэі “Прырода і творчасць”. Тут жа экспануюцца і лепшыя работы ўдзельнікаў конкурсу летапісаў эколага-натуралістычнай дзейнасці, які таксама завяршыўся ў верасні. У гэтым конкурсе ўзялі ўдзел 25 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі эколага-біялагічнага профілю краіны. Конкурсныя матэрыялы аформлены ў выглядзе альбомаў, прэзентацый, альманахаў, відэафільмаў. На старонкі летапісаў трапілі газетныя публікацыі, фотаздымкі розных часоў, малюнкі, успаміны былых навучэнцаў і педагогаў.
Пераможцам у гэтай намінацыі стаў Барысаўскі экалагічны цэнтр Мінскай вобласці. Уразіла журы не толькі напаўненне летапісу, але і арыгінальнае яго афармленне.
“Летапіс — гэта не толькі мінулае, але і падзеі тых часоў, сведкі якіх жывуць сярод нас, — адзначыла дырэктар Барысаўскага экалагічнага цэнтра Анжэла Валер’еўна Журавель. — Мы, ствараючы летапіс сваёй установы, дасканала вывучылі і пазнаёмілі іншых з цікавымі фактамі, дасягненнямі свайго калектыву, прасачылі сувязь паміж пакаленнямі з моманту ўтварэння ўстановы да сённяшняга часу, уключылі ў яго інтэрв’ю з былымі педагогамі”.
Пагартаўшы лепшыя летапісы, можна прасачыць усю гісторыю стварэння сістэмы эколага-біялагічнага кірунку ў Беларусі. Хутка ўсе яны складуць адзіны электронны летапіс і будуць дадаткам да інфармацыйнага зборніка “Творчая трансляцыя экалагічнай культуры”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і Валерыя ВАЛЧКОВА.