22 урокі для юнага даследчыка

- 11:30Навіны рэгіёнаў

У пачатку года на ўрачыстым пасяджэнні Лідскага райвыканкама калектыву сярэдняй школы № 1 быў уручаны дыплом І ступені па выніках работы за 2017 год. Адна са старэйшых навучальных устаноў горада трывала ўтрымлівае высокія пазіцыі ў адукацыі і выхаванні сваіх навучэнцаў.

Сёння дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды С.А.Фанасаў расказвае аб тым, як у школе рэалізуецца прынцып даследчыцкай дзейнасці як адной з галоўных умоў паспяховага навучання і развіцця асобы школьніка, як арганізуюць навучанне ў рамках самастойнай дзейнасці пры ўмове давядзення яе да ўзроўню даследчай працы, як працуюць педагогі школы.

— Сучасная сістэма адукацыі арыентуе настаўніка не на перадачу ведаў у гатовым выгля­дзе, а на арганізацыю навучання ў рамках самастойнай дзейнасці, — гаворыць Сяргей Анатольевіч. — Даследчы падыход у навучанні робіць дзяцей актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, галоўная мэта якога — развіццё асобы, фарміраванне даследчых навыкаў як універсальнага спосабу асваення рэчаіснасці.

З 2007 года ў школе дзейнічае даследчае таварыства навучэнцаў “Пошук”, якое ўключае пяць секцый па ўсіх школьных прадметах: секцыя прырода­знаўчых навук: біялогія, хімія, геаграфія; секцыя фізіка-матэматычных навук: фізіка, матэматыка, астраномія, інфарматыка; секцыя гуманітарных навук: гісторыя, грамадазнаўства; секцыя філалагічных навук: руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, замежная мова; секцыя пачатковых класаў.

Штогод праводзіцца школьная канферэнцыя даследчых работ “Пошук”. За тры апошнія гады ў ёй прынялі ўдзел 69 вучняў 2—11 класаў. Да абароны былі прадстаўлены 42 даследчыя работы.

На працягу навучальнага года дзеці прымаюць удзел у шматлікіх навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах даследчага характару на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях: у раённай адкрытай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Прыступкі да навукі”, раённым конкурсе даследчых работ і творчых праектаў малодшых школьнікаў “Я пазнаю свет”, абласной канферэнцыі даследчых работ “Хрустальная Альфа”, Абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Край Гарадзенскі”, Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў, Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці моладзі “ТэхнаІнтэлект”, Рэспубліканскім маладзёжным конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”, Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гг. у гістарычнай памяці народа”.

Падрыхтавацца да самастой­нага правядзення даследаванняў, да ўдзелу ў конкурсах інтэлектуальнага і даследчага характару, алімпіяд па матэматыцы, хіміі, фізіцы, гісторыі, інфарматыцы, рускай мове, чарчэнні нашым вучням дапамагае завочная віртуальная школа, якая дзейнічае праз сайт школы (http://www.sch1.lida.by/).

Дыстанцыйная школа юнага даследчыка, распрацаваная намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце А.М.Качан, прапануе завочныя ўрокі “Як напісаць навуковую работу”. Усяго іх распрацавана 22, кожны — гэта адказ на пытанне, звязанае з арганізацыяй і правядзеннем даследавання, напісаннем, афармленнем, падрыхтоўкай і абаронай даследчай работы: напрыклад, з чаго складаецца навуковая работа, што такое навуковы стыль, як правесці даследаванне, знайсці праблему, сфармуляваць тэму, як напі­саць уводзіны, высновы, правільна аформіць работу, напісаць даклад на канферэнцыю, паспяхова абараніць работу.

Урокі ўтрымліваюць падра­бязную інфармацыю па зада­дзеным пытанні, інструкцыі, тлумачэнні з прыкладамі. Дзейнічаюць таксама дыстанцыйныя школы па вучэбных прадметах: “Матэматычная гасцёўня” (http://sch1b.blogspot.com.by/ — С.А.Ражкова), “Вучыся вучыцца. Алгарытмы па хіміі і іх прымяненне” (А.І.Гарасімчык), “Інфарматыка. Асновы праграмавання” (І.Э.Фанасава), “Руская мова. Зносіны з захапленнем” (http://kultura-rechi.blogspot.com/ — А.В.Памаха), “Фізічныя эксперыменты і даследаванні” (А.Э.Мацюк), “Экзамен па гісторыі Беларусі” (В.М.Буката), “Чарчэнне. Бібліятэка GraphABC” (П.Ф.Круглы). Дыстанцыйныя школы “Вучымся эканоміі і беражлівасці” (настаўнік фізікі А.Э.Мацюк), “Бяспечны інтэрнэт” (намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.М.Белік) дапамагаюць удасканаліць выхаваўчую работу не толькі з вучнямі, але і з бацькамі. Скарыстацца гэтай інфармацыяй могуць усе жадаючыя.

Рэалізаваны на працягу 2012—2014 гадоў інавацыйны праект “Укараненне методыкі арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці ва ўмовах функцыянавання рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій” дапамог стварыць адкрытае адукацыйнае асяроддзе па арганізацыі вучэбна-даслед­чай дзейнасці навучэнцаў на базе рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій. Рэсурсны цэнтр са­дзейнічае фарміраванню і развіццю інтэлек­туальных і даследчых здольнасцей навучэнцаў на аснове ІКТ. Таксама ажыццяўляецца інфармацыйна-метадычная падтрымка педагогаў школы і раёна па кірунках дзейнасці рэсурснага цэнтра на школьным сайце (http://www.sch1.lida.by/).

Нашы педагогі праводзяць кансультацыі, семінары-практыкумы, практычныя заняткі, майстар-класы “Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў. Падрыхтоўка вучняў да алімпіяд” (С.А.Фанасаў), “Арганізацыйна­-кіраўнічая дзейнасць настаў­ніка ў кіраўніцтве даследчай дзейнасцю” (А.М.Качан), “Праектна-даследчая дзей­насць вучняў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” (А.Э.Мацюк, В.М.Буката, Н.А.Ліханава), “Фарміраванне і развіццё інтэлектуальных і даследчых здольнасцей навучэнцаў праз сацыяльнае ўзаема­дзеянне ў інтэрнэт-прасторы” (А.М.Белік, С.А.Ражкова, А.В.Памаха). Распрацаваны метадычныя матэрыялы.

Вельмі важным лічым наяўнасць асабістай матывацыі і цікавасці да арганізацыі даследаванняў вучняў у самога педагога, бо менавіта гэта з’яўляецца асновай поспеху даследчай дзейнасці яго навучэнцаў. Метадычная вучоба настаўнікаў ажыццяўляецца ў двух кірунках: па пытаннях арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў і выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Штогод праводзяцца інструктыўна-метадычныя нарады “Асаблівасці арганізацыі навукова-даследчай работы навучэнцаў у бягучым навучальным годзе”, ёсць творчая група настаўнікаў, якая працуе па тэме “Стварэнне электронных сродкаў навучання рэсурснага цэнтра ў мэтах арганізацыі вучэбна-даследчай дзейнасці на вучэбных занятках”. Праводзяцца практычныя заняткі з педагогамі па тэхналогіі арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці.

Распрацаваны метадычныя рэкамендацыі ў дапамогу педагогу “Арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў”. Матэрыялы гэтыя надрукаваны, а таксама ў электронным варыянце размешчаны ў віртуальным метадычным кабінеце на сайце школы. Ажыццяўляецца экспертыза і рэцэнзаванне вучэбна-даследчых праектаў, створаны адзіны электронны банк даследчых работ. Работы размешчаны ў адзінай інфармацыйнай прасторы, даступныя для ўсіх педагогаў.

Распаўсюджванне вопыту настаўнікаў-прадметнікаў школы ў гэтым кірунку ажыццяўляецца праз правядзенне тэматычных тыдняў педагагічнага майстэрства, метадычных дзён абмену вопытам, штогадовага конкурсу на лепшую метадычную распрацоўку ўрока “Урок з ужываннем даследчых метадаў навучання” і дыдактычных матэрыялаў “Формы і метады рэалізацыі даследчага навучання на вучэбных занятках”.

Вопыт нашых педагогаў за тры апошнія гады быў прадстаўлены на 6 семінарах і фестывалях абласнога ўзроўню, 2 рэспубліканскіх семінарах, 3 міжнародных фестывалях-трэнінгах, навукова-практычных канферэнцыях. Праведзена 6 семінараў абласнога ўзроўню на базе школы.

Мэтанакіраваная і сістэмная работа дае свае вынікі — расце колькасць прызавых месцаў, якія заваявалі нашы навучэнцы на навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах даследчага характару. За тры апошнія навучальныя гады заваяваны 34 дыпломы раённага ўзроўню, 25 — абласнога, 7 — рэспубліканскага, 4 — міжнароднага.

Падрыхтавала
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.