23 медалі Жаўтыкаўскай алімпіяды

- 11:18Адукацыйная прастора

Беларускія ўдзельнікі заваявалі 23 медалі (6 залатых, 6 сярэбраных, 11 бронзавых) на XVІ Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе школьнікаў па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, якая ў сярэдзіне студзеня прайшла ў Алматы (Казахстан). Віншуем пераможцаў!

Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда — гэта каманднае спаборніцтва для вучняў фізіка-матэматычных класаў з розных краін. Сёлета яна праходзіла з 8 па 14 студзеня на базе Рэспубліканскай фізіка-матэматычнай школы Алматы. У інтэлектуальных спаборніцтвах прымалі ўдзел каманды з розных краін, якія складаліся не больш чым з дзесяці пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па адпаведным прадмеце.

Усяго ў XVI Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпія­дзе прынялі ўдзел 622 удзельнікі ў складзе 84 каманд з 20 краін свету: Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Даніі, Казахстана, Кыргызстана, Манголіі, Непала, Нарвегіі, ААЭ, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны, Швецыі.

У склад міжнароднага журы ўвайшлі навукоўцы і выкладчыкі з Беларусі, Казахстана, Балгарыі, Арменіі, Грузіі, Узбекістана, Расіі. Ад беларускага боку ў журы па матэматыцы ўвайшоў дацэнт кафедры вышэйшай алгебры і абароны інфармацыі механіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Варановіч, а па фізіцы — загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Анатоль Слабадзянюк.

Прызёрамі сталі 300 удзельнікаў па трох прадметах, з іх 60 атрымалі ўзнагароды найвышэйшай пробы. Гран-пры ў намінацыі “Лепшая алімпійская школа” атрымала каманда матэматычнай гімназіі Бялграда (Сербія). Першае месца дасталася камандзе фізіка-матэматычнага ліцэя Сафіі (Балгарыя), другое — камандам Рэспубліканскай фізіка-матэматычнай школы Алматы, Нацыянальнага каледжа камп’ютарных навук імя Тудора Віяну Бухарэста (Румынія), трэцяе месца — камандам фізіка-матэматычнай школы Тбілісі (Грузія), Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і фізіка-матэматычнай школы Цюмені (Расія).

Сярод удзельнікаў з нашай краіны залатыя медалі заваявалі Яраслаў Барысаў (гімназія № 8 Віцебска), Андрэй Касцяны (гімназія № 51 Гомеля), Станіслаў Дамасевіч і Андрэй Мішчанка (Цэнтр юных пажарных Мазыра), Сяргей Процкі і Павел Санкін (Ліцэй БДУ).

Сярэбранымі медалямі ўзнагароджаны Рыгор Бараболя і Ягор Кучар (Цэнтр юных пажарных Мазыра), Канстанцін Сягоднік (гімназія № 8 Віцебска), Дзмітрый Гаравы, Раман Свістуноў, Арсеній Холад (Ліцэй БДУ).

Бронзавых медалёў удастоены Віктар Макоўскі, Мікалай Юдзін, Андрэй Далецкі (гімназія № 2 Віцебска), Аляксей Ульянаў (гімназія № 8 Віцебска), Канстанцін Смірноў (гімназія № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава), Аляксей Бруёк (гімназія № 51 Гомеля), Аляксандр Мазанік, Уладзіслаў Максімчук, Настасся Стаўбчатая, Мікіта Хоміч, Данііл Юршэвіч (Ліцэй БДУ).

Згодна з умовамі, вынікі двух тураў алімпіяды падсумоўваюцца ў асабісты залік па кожным прадмеце, а рэйтынг каманды вызначаецца сумай індывідуальных вынікаў удзельнікаў. Падрыхтоўкай беларускіх удзельнікаў алімпіяды займаліся педагогі на месцах. Вынікі Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды сведчаць пра высокі ўзровень прафесіяналізму нашых настаўнікаў.

Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда ўнікальная тым, што па яе выніках выводзіцца не толькі індывідуальны рэйтынг сярод навучэнцаў, але і рэйтынг наймацнейшых спецыялізаваных школ. Так, па выніках сёлетняй алімпіяды вызначана 7 каманд лепшых спецыялізаваных школ блізкага і далёкага замежжа.

У склад кожнай каманды, як правіла, павінна ўваходзіць не больш за 7 удзельнікаў: да 3 удзельнікаў па матэматыцы, да 2 — па фізіцы, да 2 — па інфарматыцы і 1 ці 2 кіраўнікі (фізік, матэматык, інфарматык). Студэнты вышэйшых навучальных устаноў да ўдзелу не дапускаюцца. Афіцыйныя мовы алімпіяды — казахская, руская і англійская. У алімпіядзе могуць прымаць удзел каманды некалькіх школ з адной краіны.

Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда школьнікаў па матэматыцы і фізіцы праводзіцца штогод у студзені на базе Рэспубліканскай спецыялізаванай фізіка-матэматычнай сярэдняй школы-інтэрната для адораных дзяцей імя А.А.Жаўтыкава ў Алматы (Казахстан). Алімпіяду арганізоўвае і праводзіць Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Дарыны” і Рэспубліканская спецыялізаваная фізіка-матэматычная сярэдняя школа-інтэрнат для адораных дзяцей імя А.А.Жаўтыкава разам з вядучымі ВНУ краіны, а таксама пры падтрымцы акімата Алматы.

Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда з’яўляецца працягам традыцый усесаюзных алімпіяд. Яна дае ўдзель­нікам унікальны шанс для далейшага росту, развіцця сваіх здольнасцей да дакладных навук, якія становяцца ўсё больш і больш запатрабаванымі ў наш век імклівага развіцця інавацый і тэхналогій.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.