24 на 7 разам

- 9:55Выхаванне, Выхаваўчая работа

У аздараўленчым лагеры “Верас” Чэрвеньскага раёна, дзе на кожнай з 4 змен на працягу 18 дзён адпачываюць 75 дзяцей 6—17 гадоў, сёлета ўпершыню запрацавалі студатрады. У іх ліку 10 чалавек — маладыя педагогі і настаўнікі больш сталага веку.

Новая форма работы адміністрацыі лагера падабаецца. Важатыя са студ­атрада праводзяць традыцыйныя мерапрыемствы, зацверджаныя праграмай. Педагогі робяць акцэнт на грамадзянска-­патрыятычным выхаванні, шмат часу адво­дзяць заняткам творчасцю і спортам. У рамках праекта “Дзіцячы аўтацягнік” школьнікі адпраўляюцца на аднадзённыя экскурсіі па мемарыялах і памятных месцах раёна. А таксама наведваюць краязнаўчы музей, найбліжэйшыя прадпрыемствы і ферму. Акрамя гэтага, важатыя праводзяць свае займальныя творчыя конкурсы. Да таго ж дзецям з моладдзю цікава і весела. А яшчэ, на думку вопытных педагогаў, для студатрадаўцаў вопыт работы з дзецьмі ў лагеры — гэта вялікі бонус для прафесійнага станаўлення.

— Прызнацца, спачатку даводзілася пастарацца і нам, і студатрадаўцам, — гаворыць дырэктар летніка Дар’я Осіпцава. — Моладзі патрабуецца час, каб асвоіцца, прывыкнуць да дысцыпліны, распарадку дня. Аднак ужо праз некалькі дзён важатыя і дзеці ўсюды разам: рыхтуюцца да конкурсаў, нешта бурна абмяркоўваюць.

Леанід Шастэль, студэнт БДПУ імя Максіма Танка і будучы настаўнік фізікі і інфарматыкі, прыехаў адпрацаваць абавязковую практыку пасля 3 курса, як і яшчэ тры студэнты. Леанід адзначыў, што складана было ўліцца ў незнаёмы працоўны працэс. Маўляў, у школе на практыцы ўсё па-іншаму: прыйшоў — урокі адпрацаваў і сышоў. А ў лагеры знаходзішся ўвесь дзень. Першыя некалькі дзён юнак хваляваўся, ці не будзе цяжкасцей з адаптацыяй у выхаванцаў і ці прымуць яго дзеці 11—12 гадоў. Але вырашыў для сябе, што трэба быць з імі на адной хвалі, часцей усміхацца, весяліцца. І гэтая тактыка спрацавала. Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі хутка сталі раскрывацца, свабодна спяваць, танцаваць, праяўляць актыўнасць і ініцыятыву.

— Калі б практыка не была абавязковай, магчыма, я і не паехаў бы сам працаваць важатым у лагер, — прызнаецца Леанід. — Напэўна, пабаяўся б адказнасці, цяжкасцей. Але цяпер упэўнены на ўсе 100%, што такі вопыт вельмі патрэбны. У лагеры ты лепш знаёмішся і збліжаешся з дзецьмі, спазнаючы іх светапогляд, псіхалогію. Ты і працуеш, і адпачываеш, пры гэтым адказнасць і дысцыпліна табе не ў цяжар. Абавязкова прыеду ў наступным годзе, тым больш дзеці запрашаюць зноў быць іх важатым.

Студатрады на Міншчыне

Юныя капыльчане летам працуюць у 12 студатрадах сэрвіснага і сельскагаспадарчага профілю. Летам 48 хлопчыкаў і дзяўчынак займаліся ўборкай збожжасховішчаў, шылі бялізну для Грозаўскага дома-інтэрната. Навучэнцы Ільянскага аграрнага каледжа, прымаючы ўдзел у студатрадаўскім руху, працуюць на прадпрыемстве “Усходні Агра”, малочнатаварнай ферме, Вілейскім камбікормавым заводзе.

Студэнцкі атрад “Патрыёт.by” Нарачскай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна прыступіў да працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі пасёлка Нарач, яшчэ падлеткі працуюць на базе Мядзельскай ЖКГ. 

Навучэнцы Жодзінскага прафесійнага ліцэя працуюць у двух студэнцкіх атрадах. Атрад “Світаўчанка” імя Героя Савецкага Саюза І.С.Сямашкі працуе на прадпрыемстве “Світанак”, а атрад “Прыгожы горад” імя Героя Савецкага Саюза Ф.М.Бажора — у Жодзінскім АЖКГ.

За прыкладамі таго, як зацягвае летняе жыццё важатага, далёка хадзіць не прыйшлося. Педагогі з чатырохгадовым стажам Кацярына Замковіч і Мікіта Брэчка (Кацярына — настаўніца англійскай мовы, Мікіта — настаўнік працоўнага навучання і чарчэння) ужо чацвёрты раз прыязджаюць летам у лагер важатымі (раней заключалі індывідуальныя дагаворы. — Заўвага аўтара.). Дарэчы, яны бывалі тут і раней — адпачывалі ў дзяцінстве.

— У гэтым годзе мы вырашылі разнастаіць нашы лагерныя будні: праводзім забаўляльныя конкурсы, — расказвае Кацярына. — Сярод іх “Голас-Верас” і КВЗ. Дзецям гэта вельмі падабаецца. Яны актыўна рыхтаваліся і змагаліся, імкнуліся выйграць. Вядома, былі і слёзы, і расчараванне ў тых, хто не дайшоў да фіналу, але ўсе адмоўныя эмоцыі вельмі хутка забыліся. Перамаглі наймац­нейшыя.

На думку Кацярыны, праца ў летніку — выдатны вопыт для студэнтаў перад далейшай работай у школе: “У лагеры лепш вучышся наладжваць адносіны з дзецьмі. Нефармальная атмасфера збліжае педагогаў з выхаванцамі, хутчэй завязваюцца сяброўскія, даверныя адносіны. Тут мы 24 на 7 разам, таму, вывучыўшы характар выхаванцаў, іх звычкі і псіхалагічныя асаблівасці, лепш пачынаем разумець дзяцей і потым хутчэй падбіраць ключык да сэрца кожнага. А яшчэ шмат чаму вучымся самі. З аднаго боку, быць шчырымі і адкрытымі ў праяўленні пачуццяў і эмоцый, бо ў дзяцей за дзень букет перажыванняў: то яны сумуюць па маме, то закаханыя і бязмерна шчаслівыя. 

А з іншага боку, вучымся стрыманасці, разважлівасці, самакантролю, каб быць прыкладам і заўсёды даць слушную параду”.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.