25 гадоў у канвенцыі

19 красавіка ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці адбыўся круглы стол на тэму “25 гадоў удзелу Беларусі ў Еўрапейскай культурнай канвенцыі”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры, Нацыянальны гістарычны музей і Інфармацыйны пункт Савета Еўропы ў Мінску.

Удзельнікаў круглага стала віталі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анатольевіч Яцко і генеральны дырэктар Савета Еўропы па пытаннях дэмакратыі Сняжана Самарджыч-Маркавіч, якая адзначыла, што Еўрапейская культурная канвенцыя з’яўляецца своеасаблівым мостам паміж рознымі нацыямі і дзяржавамі Еўропы і менавіта культуры наканавана быць душой Еўропы, стаяць у аснове развіцця дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці, свабоды самавыяўлення, свабоды сходаў і асацыяцый, стымуляваць актыўны ўдзел еўрапейцаў у жыцці мультыкультурнай Еўропы. І невыпадкова, што Еўрапейская культурная канвенцыя была прынята ў Парыжы ў 1954 годзе — літаральна праз год пасля прыняцця Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека — з мэтай садзейнічання ўзаемаразуменню паміж еўрапейскімі народамі і ўзаемнай павазе іх культурнай разнастайнасці, супрацоўніцтву ў сферы культуры, адукацыі і спорту, захаванню агульнай еўрапейскай культурнай спадчыны. Спадарыня Самарджыч-Маркавіч падкрэсліла, што 25 гадоў удзелу Беларусі ў Еўрапейскай культурнай канвенцыі — гэта перыяд цеснага і прадукцыйнага супрацоўніцтва, вялікіх дасягненняў у сферы культуры і адукацыі. “Далучэнне да канвенцыі дазволіла нам больш даведацца пра вашу немалую па еўрапейскіх мерках краіну, яе культуру, прыцягнуць Беларусь да ўдзелу ў розных агульнаеўрапейскіх праектах”, — канстатавала Сняжана Самарджыч-Маркавіч, заўважыўшы, што Беларусь з’яўляецца сапраўды актыўным удзельнікам гэтых працэсаў. Спадарыня Сняжана асабліва адзначыла ўдзел нашай краіны ў пілотным праекце Савета Еўропы і Еўрапейскага саюза COMUS, закліканым развіваць урбаністычныя стратэгіі малых гістарычных гарадоў з абавязковым прыцягненнем мясцовага насельніцтва. Гэты праект рэалізоўваўся ў дзевяці гарадах Беларусі, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Ад Беларусі ў праекце COMUS удзельнічаў надзвычай багаты на гістарычную спадчыну горад Мсціслаў, і, па словах Сняжаны Самарджыч-Маркавіч, гэты прэцэдэнт стаў адмысловым палітычным пасланнем пра тое, што не толькі вялікія, але і малыя гарады сёння могуць жыць паўнацэнным жыццём пры ўмове актыўнага ўдзелу ў ім грамадзянскай супольнасці. “Мы папулярызуем гэтую ініцыятыву, гэты беларускі горад. Інфармацыя пра яго шырока прадстаўлена на сайце Савета Еўропы”, — адзначыла Сняжана Самарджыч-Маркавіч. Генеральны дырэктар Савета Еўропы па пытаннях дэмакратыі выказала ўпэўненасць, што Рэспубліка Беларусь і далей будзе актыўна ўдзельнічаць у праектах Еўрапейскай культурнай канвенцыі, у прыватнасці ў праекце па папулярызацыі так званых еўрапейскіх культурных дарог. Балазе, у гэтым сэнсе наша краіна мае вялікі патэнцыял. Перспектыўнымі з’яўляюцца маршруты, звязаныя з вайной 1812 года, магдэбургскім правам і інш.

Пра супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Савета Еўропы ў сферы культуры, яго тэндэнцыі і перспектывы гаварыла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Дзмітрыеўна Хвір, якая акцэнтавала такія знакавыя ў гэтым сэнсе моманты, як правядзенне Дзён еўрапейскай спадчыны ў Беларусі, Дзён культуры Беларусі ў іншых краінах і наадварот, арганізацыя культурна-асветніцкіх выстаў, якія папулярызуюць нашу краіну за мяжой, у тым ліку на такіх высокіх пляцоўках, як будынак ААН у Нью-Ёрку і інш.

Пра праект COMUS, аб якім згадвала Сняжана Самарджыч-Маркавіч, падрабязна расказала ў сваім выступленні дырэктар фонду “Спадчына і сучаснасць” Ала Барысаўна Сташкевіч. Яна заўважыла: “Гэты праект закліканы падкрэсліць не толькі каштоўнасныя характарыстыкі гістарычнай спадчыны, але і яе сацыяльную і эканамічную ролю, таму што, выкарыстоўваючы патэнцыял спадчыны, можна вырашаць многія іншыя задачы — адкрыццё новых працоўных месцаў, развіццё турызму і ўвогуле самога рэгіёна. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што гэтая стратэгія на прыкладзе горада Мсціслава адбылася. На працягу двух гадоў у ажыццяўленне праекта COMUS у Мсціславе ўключыліся і мясцовыя ўлады, і прадстаўнікі бізнес-супольнасці, і ўстановы адукацыі (гімназія, вучылішча), і ўвогуле розныя мясцовыя супольнасці. Вынікам стала выпрацоўка стратэгіі развіцця горада на наступныя 25 гадоў. Гэты вопыт насамрэч каласальны, і яго, безумоўна, трэба распаўсюджваць таксама ў іншых малых беларускіх гарадах”. Праўда, па словах Алы Барысаўны, для паспяховай рэалізацыі падобных праектаў застаецца вырашыць яшчэ многія праблемы, звязаныя не проста з аховай гісторыка-культурнай спадчыны, а менавіта з менеджментам у гэтай сферы.

У дыскусіі таксама прынялі ўдзел дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Павел Міхайлавіч Сапоцька, старшыня Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Сямёнаўна Іванова, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі, загадчык кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, дацэнт Андрэй Уладзіміравіч Русаковіч, загадчык кафедры міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Мікалаеўна Варановіч і інш. І кожны з выступоўцаў фармуляваў як перспектыўныя ініцыятывы ў кантэксце міжнароднага культурнага супрацоўніцтва Беларусі, так і праблемы ў гэтай сферы. У прыватнасці, Т.І.Стружэцкі адзначыў, што пры ўсіх дасягненнях у справе папулярызацыі нашай краіны і культуры ў свеце патэнцыял культурнай дыпламатыі выкарыстоўваецца па-ранейшаму слаба і мы вельмі многа губляем ад гэтага. Па словах старшыні Беларускага фонду культуры, культурная дыпламатыя ў нас пачала фарміравацца ў пачатку гэтага стагоддзя. У 2005 годзе была ўведзена першая адзінка саветніка па культуры — у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. Але сёння такіх адзінак у большасці нашых пасольстваў так і няма. Першы беларускі культурны цэнтр быў створаны ў 2007 годзе ў той жа Польшчы, але, на вялікі жаль, у найбліжэйшы час ён будзе закрыты. У Беларусі застануцца фактычна толькі два дзяржаўныя культурныя цэнтры — у Расійскай Федэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Плюс некалькі грамадскіх беларускіх культурных цэнтраў у Азербайджане, Украіне і Францыі. Для параўнання: наша суседка Польшча сёння мае амаль трыццаць культурных цэнтраў у розных краінах свету.

Многія ўдзельнікі круглага стала як адну з галоўных праблем у справе прасоўвання культурнай Беларусі ў свеце называлі адсутнасць належнай камунікацыі паміж рознымі структурамі ўнутры нашай краіны, і гэтае пытанне таксама вымагае свайго неадкладнага вырашэння.

Былі агучаны і цікавыя прапановы, напрыклад, пра тое, каб вынесці такія акцыі, як Дні еўрапейскай культурнай спадчыны, за межы сталіцы і пашырыць іх кантэнт. У Дні еўрапейскай культурнай спадчыны варта было б не забываць і пра каштоўнасць беларускай культурнай спадчыны як для Еўропы, так і для нас саміх. Што тычыцца першай часткі пытання, то ў нас ёсць добры вопыт. Калісьці, гадоў дзесяць назад, Ноч музеяў пачыналася з правядзення гэтай акцыі ўсяго ў двух-трох сталічных музеях. Сёння гэта адно з самых папулярных культурных мерапрыемстваў у краіне, якое ладзіцца ва ўсіх вялікіх і многіх малых гарадах Беларусі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *