25 маленькіх гаспадароў сваёй радзімы

Хутка ляціць час. Яшчэ не так даўно я развітвалася са сваім чацвёртым класам, і ад гэтага было маркотна. Але доўга сумаваць не давялося. У верасні знаёміцца са сваёй першай настаўніцай прыйшлі 25 маленькіх першакласнікаў і іх бацькі. Усе розныя, мае маленькія выхаванцы: ціхія і спакойныя, гарэзлівыя і бойкія. Гляджу на іх і думаю: колькі ім усяго яшчэ трэба спазнаць цікаўнага, невядомага. І мая задача — дапамагчы ў гэтым. Упэўнена, што ўсё ў нас атрымаецца, усяму мы навучымся. Бо першыя поспехі ўжо навідавоку.

Мы заўсёды з ахвотай удзельнічаем у школьных конкурсах, ладзім экскурсіі, школьныя святы. За тры мінулыя восеньскія месяцы ў класе прайшлі свята Буквара, прысвячэнне ў першакласнікі, свята мілых матуль. І заўсёды нашымі першымі памочнікамі ў класных справах былі бацькі.

Вось і напярэдадні навагодняга свята наш 1 “Б” клас удзельнічаў у конкурсе на выраб навагодняй ёлкі: цяпер школьны калідор зіхаціць ад ёлачак, зробленых рукамі дзяцей і бацькоў. Сярод такога карагоду зялёных прыгажунь — і наша ёлачка. Атрымалася яна на дзіва прыгожая, падобная на маленькую дзяўчынку — гаспадыньку леса. Мы доўга думалі, як яе упрыгожыць. Вырашылі прысвяціць нашу зялёную прыгажуньку Году малой радзімы. Пашылі ёй зялёны сарафан, прымацавалі на лапкі навагоднія цацкі — фотаздымкі славутых мясцін нашага Ашмянскага краю, а верхавіну ўпрыгожыў герб Ашмян. Ёлачка мае сапраўдныя зялёныя чаравічкі, а ручкі яе ў чырвоных рукавічках.

У найбліжэйшы час плануем пазнаёміцца са славутымі мясцінамі Ашмянскага краю. Некаторыя ўжо мы наведалі: краязнаўчы музей Ф. Багушэвіча, дзіцячую бібліятэку, кінатэатар, сыраробны завод. Вельмі важна ведаць той куток, дзе ты нарадзіўся, дзе жылі продкі.

Цяпер у нас новы клопат: птушкам патрэбны кармушкі. Мы, як маленькія гаспадары нашай радзімы, павінны дапамагчы нашым крылатым сябрам. Ужо гатовы 5 кармушак. Усе яны розныя па канструкцыі. Дапамагалі майстраваць не толькі таты нашых дзетак, але і дзядулі. Домікі для птушак павесілі ў школьным садку. Спадзяёмся, што нашы крылатыя сябры не будуць галодныя на Ашмянскай зямлі.

Шмат яшчэ ў нас планаў на будучыню. Упэўнена, што з маімі маленькімі гаспадарамі ў нас усё атрымаецца.

Наталля БАГДАНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Ашмян.