300 кіламетраў карысных спраў

- 9:20Адукацыйная прастора

Магілёўская моладзь прыняла актыўны ўдзел у патрыятычным працоўным праекце Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ “Зімовы маршрут”.

— Для ўдзелу ў праекце быў сфарміраваны атрад “Ззянне”. У яго ўвайшлі прадстаўнікі студатрадаўскага руху з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Бабруйскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. За тыдзень наш атрад наведаў навучальныя ўстановы і іншыя аб’екты ў абласным цэнтры, а таксама ў Магілёўскім, Чавускім і Слаўгарадскім раёнах. На кожным прыпынку студатрадаўцы праводзілі прафарыентацыйныя інтэрактывы, розныя сацыяльна значныя мерапрыемствы, — расказаў камісар абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Алег Бойка.

Свой шлях атрад “Ззянне” пачаў у Магілёве. Тут маладыя людзі наведалі сярэднюю школу № 5 і арганізавалі акцыю “Мы памятаем” на мемарыяльным комплексе “Лупалаўскі лагер ваеннапалонных”. Пасля студатрадаўцы накіраваліся ў Магілёўскі раён, дзе сустрэліся з навучэнцамі Мяжысецкай сярэдняй школы і аказалі дапамогу ў добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі адзінокім пенсіянерам.

Чатыры дні, напоўненыя мноствам карысных спраў, моладзь правяла ў Чавускім раёне. Удзельнікі атрада ладзілі прафарыентацыйныя, гульнявыя, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы для вучняў Гарбавіцкага і Валкавіцкага вучэбна-педагагічных комплексаў, першай гарадской школы, выхаванцаў раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У гэтым райцэнтры і навакольных вёсках прайшлі таксама працоўныя акцыі. Маладыя людзі дапамагалі па гаспадарцы ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, добраўпарадкоўвалі праваслаўны храм Вялікамучаніцы Кацярыны, воінскія пахаванні і помнікі.

Падобныя актыўнасці былі арганізаваны атрадам і ў шэрагу ўстаноў Слаўгарадскага раёна. Усяго байцы “Ззяння” пераадолелі больш за 300 кіламетраў. І кожны прыпыначны пункт у маршруце студатрадаўцаў быў напоўнены карыснай грамадскай працай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Магілёўскага абкама ГА “БРСМ”.