Робаты, на старт!

Абласны конкурс па робататэхніцы носіць сімвалічную назву — “Дарога ў будучыню”, падкрэсліваючы, што новыя тэхналогіі здольны зрабіць наша жыццё якасна іншым і прыблізіць яго да самых смелых і неверагодных чалавечых мар. Сёлета на конкурсе сваю дарогу ў будучыню шукалі 77 школьнікаў.

Акрамя назвы, сімвалічным было і месца правядзення конкурсу. Мерапрыемства адбылося на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, бо гэты факультэт з’яўляецца адзіным у нашай краіне цэнтрам падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне.

— Робататэхніка — актуальны і папулярны кірунак дзейнасці моладзі, які актыўна развіваецца ва ўсім свеце. І ў Мінскай вобласці мы стараемся зацікаўліваць дзяцей гэтай справай, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МАІРА. — Конкурс праводзіцца з мэтай папулярызацыі робататэхнікі, LEGA-канструявання, прыцягнення дзяцей да інавацыйнай і навукова-тэхнічнай творчасці.

У конкурсе прымалі ўдзел навучэнцы 1—11 класаў. Конкурс быў адкрытым, таму, акрамя прадстаўнікоў Міншчыны, яго ўдзельнікамі сталі школьнікі з Брэсцкай вобласці і сталіцы.

Абласны конкурс “Дарога ў будучыню” прайшоў другі раз, але ўпершыню — у форме спаборніцтваў. Першы конкурс быў у выглядзе выставы-прэзентацыі. Сёлета ж робаты і іх стваральнікі ўступілі ў сапраўдную барацьбу ў трох дысцыплінах.

Самыя маленькія ўдзельнікі — навучэнцы пачатковых класаў — бралі ўдзел у спаборніцтвах “Робататэхніка”. Яны даволі сур’ёзна падышлі да справы і парадавалі сваёй стараннасцю. Заданні былі няпростыя, але канкурсанты гэтага, здаецца, і не заўважылі, бо вельмі захоплены робататэхнікай і канструяваннем.

— Было нескладана, мне спадабалася, — з дзіцячай непасрэднасцю гаворыць канкурсант Мацвей Петухоў, які вучыцца ў гімназіі Дзяржынска.

Канкурсанты стваралі мадэлі па інструкцыі і робатаў па малюнках, а таксама праграмавалі іх дзеянні. Пераможцам у спаборніцтвах “Робататэхніка” стаў навучэнец сярэдняй школы № 4 Салігорска Алег Маркевіч.

Спаборніцтвы па міні-сумо сталі самымі відовішчнымі і эмацыянальнымі. Гучна хварэючы за сваіх сяброў, знаёмых і іншых удзельнікаў, гледачы сачылі за тым, як робаты, створаныя канкурсантамі, змагаліся на рынгу, спрабуючы выціснуць адзін аднаго за чорную лінію, якая абмяжоўвала тэрыторыю для барацьбы.

— Міні-сумо проста цудоўныя спаборніцтвы, — кажа Артур Жаброўскі, навучэнец сярэдняй школы № 16 Барысава, які займаецца ў вучэбным цэнтры “Робататэхніка” Барысава. — Мне падабаецца, калі робат, якога ты збіраеш, быццам ажывае. А тут такіх робатаў мноства. Вельмі цікава!

У напружаных спаборніцтвах па міні-сумо ўдзельнічалі навучэнцы 5—8 класаў. А перамогу атрымаў Арцём Чаўлытка, навучэнец гімназіі-інтэрната Мядзела, са сваім робатам.

Старшакласнікі (9—11 класы) сабраліся на спаборніцтвах “Траекторыя”. Многія з гэтых канкурсантаў бачаць у робататэхніцы і праграмаванні не проста захапленне, а будучую прафесію.

— Мне гэта не проста цікава. Гэта менавіта тое, чым я хацеў бы займацца ў жыцці, — прызнаецца Кірыл Сяховіч, навучэнец гімназіі № 10 Мінска, які займаецца ў адукацыйным цэнтры Парка высокіх тэхналогій. — Гэта мой першы конкурс. У некаторыя дні я рыхтаваўся да яго па 7—8 гадзін.

Стараннасць Кірыла не была дарэмнай: ён стаў пераможцам спаборніцтваў “Траекторыя”. Трэба адзначыць, што выпрабаванне было няпростым: канкурсанты праграмавалі сваіх робатаў, каб яны маглі прайсці да фінішу па зададзенай траекторыі, на якой былі прамыя, дугападобныя і перарывістыя лініі, скрыжаванні, крутыя павароты.

Конкурс завяршыўся, але работа па развіцці і папулярызацыі робататэхнікі і канструявання на Міншчыне будзе прадоўжана. На працягу некалькіх гадоў актыўна працуюць абласныя рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій. Там створаны спецыяльныя лабараторыі робататэхнікі, дзе навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці вучацца LEGA-мадэляванню і праграмаванню. А ў МАІРА арганізавана падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі для педагогаў, якія праводзяць заняткі з дзецьмі па гэтых кірунках. Ды і справа гэтая не проста забава, а дзейсны спосаб рознабаковага развіцця дзіцяці.

— Гэта толькі на першы погляд робаты падобны да цацак. Але гэта не цацкі, а складаныя механізмы, і падчас іх стварэння праводзіцца каласальная работа, — гаворыць Вячаслаў Станіслававіч Саўчык, выкладчык інфарматыкі гімназіі-інтэрната Мядзела. Яго навучэнцы сталі прызёрамі і пераможцамі сёлетняга і мінулагодняга конкурсу “Дарога ў будучыню”, а таксама конкурсаў JuniorSkills Belarus і “РобаФэст”.

— Ствараючы робатаў, — працягвае суразмоўца, — мае выхаванцы глыбока вывучаюць фізіку і матэматыку, апераджаючы школьную праграму і выходзячы далёка за яе межы. Акрамя таго, робататэхніка і праграмаванне патрабуюць не толькі жадання вучыцца, але і працавітасці, настойлівасці, плённай самастойнай работы. Валодаючы такімі ўменнямі і навыкамі, у далейшым навучэнцы будуць мець поспех у розных сферах дзейнасці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.