"Не па-дзіцячы" кранальная выстава

Гэтымі днямі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі працуе асаблівая выстава “Не па-дзіцячы…”, прысвечаная тэме знікнення дзяцей. Выстава эмацыянальна складаная і сапраўды не па-дзіцячы кранальная. Гэта гісторыі 9 дзяцей, якія калісьці зніклі: хтосьці з іх быў знойдзены і вернуты дадому, іншых выратаваць не ўдалося, а некаторых шукаюць да гэтага часу…

Выстава арганізавана добраахвотна-пошукавым атрадам “Ліза Алерт”. Гэтае аб’яднанне было створана ў Расіі ў 2010 годзе, калі ў Падмаскоўі знікла 10-гадовая Ліза Фомкіна. Валанцёр Канстанцін каля фотаздымка Лізы Фомкінай.Гэта якраз адна з тых гісторый, калі, нягледзячы на намаганні соцень людзей, выратаваць дзіця не ўдалося. Ліза з раніцы пайшла гуляць са сваёй цёткай, якая пакутавала ад псіхічнага захворвання. Калі дзяўчынка не вярнулася дадому, бацькі звярнуліся ў міліцыю. Але актыўныя пошукі адразу не былі пачаты. І толькі калі інфармацыя пра зніклых трапіла ў інтэрнэт, сотні неабыякавых людзей адгукнуліся і пачалі пошукі сваімі сіламі. Лізу знайшлі, але было позна. Калі б пошукі пачаліся хоць на дзень раней, фінал гэтай гісторыі мог бы быць зусім іншым. Дзяўчынку шукалі амаль 500 добраахвотнікаў, дзень за днём, метр за метрам прачэсваючы лясныя завалы і жылыя кварталы. Яны не ведалі асабіста ні яе, ні яе сям’ю, яны проста не змаглі застацца абыякавымі. Позна пачатыя пошукі прывялі да таго, што Ліза памерла ад пераахаладжэння на дзявяты(!) дзень пасля знікнення, а знайшлі яе на дзясяты дзень. Узрушаныя гэтай трагічнай гісторыяй валанцёры — простыя людзі, якія адгукнуліся на крык аб дапамозе і практычна самастойна арганізавалі пошукі, вырашылі аб’яднацца, каб такое больш не паўтарылася. Так і ўзнік добраахвотна-пошукавы атрад “Ліза Алерт”, названы ў гонар Лізы Фомкінай. Гэта абсалютна добраахвотнае і некамерцыйнае аб’яднанне, якое нават не мае ніякіх рахункаў у банках, а галоўнай сваёй мэтай ставіць аператыўнае рэагаванне і грамадзянскае садзейнічанне ў пошуках дзяцей, што зніклі. Гісторыя знікнення 5-гадовай Дашы Сотнікавай скончылася добра: яе знайшлі жывой на другі дзень пошукаў.Адзіная дапамога, якая прымаецца членамі атрада, — гэта непасрэдны ўдзел у пошуках таго ці іншага дзіцяці. І такіх добраахвотнікаў нямала. Сёння сярод пошукавікаў — кінолагі і следапыты, джыперы і квадрацыклісты, паветраплавальнікі і вадалазы і проста неабыякавыя людзі, без спецыяльных і пошукавых навыкаў.
Трэба адзначыць, што за час існавання аб’яднаннем назапашаны вялікі практычны вопыт правядзення шырокамаштабных пошукавых аперацый з прыцягненнем соцень добраахвотнікаў, спецыялістаў, сродкаў масавай інфармацыі і інтэрнэт-суполак. А ў мінулым годзе аддзяленне добраахвотна-пошукавага атрада “Ліза Алерт” было створана і ў Мінску. Як расказвае яго каардынатар Наталля Бортнік, у Беларусі члены аб’яднання больш нацэлены на прафілактычную работу.
— Даволі рэдка знікненне дзяцей першапачаткова носіць менавіта крымінальны характар, — адзначае Наталля. — Як правіла, гісторыі знікнення дзяцей пачынаюцца з банальнай неасцярожнасці і бесклапотнасці як дарослых, так і саміх малых. Прычым згубіцца можа як малое дзіця, так і падлетак з любой сям’і. Фінал у кожнай такой гісторыі свой — дзесьці шчаслівы, а дзесьці і не. Таму мы асноўнай сваёй задачай бачым сёння менавіта правядзенне прафілактычнай работы: спрабуем данесці дзецям інфармацыю пра тое, што навакольны свет — не такі ўжо і бяспечны, і наша бяспека залежыць найперш ад нас саміх. На сустрэчах са школьнікамі мы даносім ім інфармацыю аб бяспечнай жыццядзейнасці, аб тым, што рабіць, калі ты раптам згубіўся ў лесе, горадзе. І гэта не “кніжная” інфармацыя, а рэальныя веды, якія дапамогуць кожнаму, хто апынецца ў нестандартнай экстрэмальнай сітуацыі.

Алена МАРКЕВІЧ.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.