Інтэлект у сетцы, альбо як зрабіць прэстыжным паняцце "батанік"

- 14:50Суразмоўца
Пакуль дзеткі бавяць час “Укантакце”, іх бацькі “завісаюць” на facebook — адно з устойлівых меркаванняў нашага часу. Людзі, якія зусім нядаўна і не ведалі, што такое сацыяльныя сеткі, цяпер праводзяць вечары ў “Аднакласніках”, а маркетынгавыя кампаніі прапаноўваюць свае паслугі па развіцці вашага бізнесу ў любой з іх. Прычым прапановы гучаць вельмі прывабліва, маўляў, вы атрымаеце магчымасць напрамую ўплываць на меркаванне аўдыторыі, праводзіць ненадакучлівую рэкламу ў рэжыме жывых зносін…Як і любыя іншыя сродкі масавай інфармацыі, сацыяльныя медыя ўступілі ў барацьбу за фарміраванне меркаванняў.
І вось тут варта было б задумацца, хто і што прапаноўвае нам? І асабліва нашым дзецям?
Сёння нашымі суразмоўцамі сталі кандыдат сацыялагічных навук, загадчыца кафедры філасофіі і метадалогіі ўніверсітэцкай адукацыі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Марына Георгіеўна Валністая і намеснік дырэктара кампаніі “Інтэлект Анлайн” Міхаіл Георгіевіч Зэкаў, якія ўпэўнены: калі не мы зацікавім дзяцей, іх зацікавяць іншыя. Іх альтэрнатыўнай прапановай сталі інтэлектуальныя анлайн-турніры.

— Вы прадстаўляеце розныя сферы дзейнасці. Як узнікла ідэя такога сумеснага праекта? І якія ў яго мэты?
М.В.: Хуткасць, з якой змяняецца інтэрнэт-прастора, уражвае. М.Г. Валністая.І тым не менш мы павінны працаваць на апераджэнне. Сёння даводзіцца назіраць, як праз сацыяльныя сеткі трансліруюцца самыя розныя формы паводзін і тыя, якія выклікаюць у сучасных падлеткаў агрэсію, дэвіянтныя паводзіны. Для нас важна, каб моладзь была арыентавана на пазітыў, на стварэнне, і ў гэтым плане інтэлектуальны пачатак падаецца вельмі каштоўным.
Я ўпэўнена, што спецыялісты сістэмы адукацыі павінны не проста быць у сеткавай прасторы, яны павінны прапаноўваць альтэрнатыўны кантэнт для моладзі. Адной з такіх альтэрнатыў могуць быць анлайн-турніры.
Што прыцягвае падлеткаў і моладзь у сацыяльныя сеткі? Звярніце ўвагу, у якую парадаксальную сітуацыю мы трапілі. З аднаго боку, грамадскасць становіцца ўсё больш цесна звязанай віртуальнымі ніцямі, а з другога — усё больш размежаванай у рэальным жыцці. М.В. Зэкаў.Узнікае праблема адчужанасці, і асабліва ў адносінах дзяцей і бацькоў. З пункта гледжання філасофіі, праблемы ўсё тыя ж, аднак дыстанцыя паміж пакаленнямі каласальная. Яна павялічылася ў шмат разоў. Мы з нашымі дзецьмі нават на розных мовах размаўляем, бо іх інтэрнэт-прастора мае сваю моўную сістэму.
Інтэрнэт дае магчымасць ананімнай рэалізацыі. Калі мы пытаемся ў маладых людзей, што прыцягвае іх у тую ці іншую сацыяльную сетку, то атрымліваем дастаткова тыповы адказ: там не патрэбна адкрыта дэманстраваць сябе, і гэта дае адчуванне свабоды.
М.З.: Сустрэча з калегамі з Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы для нас невыпадковая, як казаў Маякоўскі, “нам павадыра неставала”. Тут мы знайшлі той сацыяльны і выхаваўчы аспект, які шукалі.
Наша кампанія даўно займаецца распрацоўкай электронных сродкаў навучання і праект анлайн-турніраў узнік, можна сказаць, выпадкова. У ходзе работы над асноўным праектам мы сутыкнуліся з недахопам матывацыі школьнікаў да вучобы. Валодаючы вялікай базай заданняў, распрацаваных вопытнымі педагогамі і метадыстамі, мы і прыйшлі да ідэі стварэння інтэлектуальных спаборніцтваў у рэжыме анлайн. Гэта WEB-рэсурс, які развіваецца ў рамках праекта www.ilis.by — Інтэрнэт-лігі інтэлектуальнага спорту.
Калі толькі распачыналі работу, перад намі стаяла некалькі задач. Адна з іх — зрабіць інтэлектуальныя спаборніцтвы прэстыжнымі. Сёння нават у такіх установах, як гімназіі і ліцэі, падлеткавае асяроддзе застаецца падлеткавым асяроддзем. У іх ёсць слова “батанік”, пагардлівы сэнс якога ілюструе такія ж пагардлівыя адносіны да інтэлектуальнага складніка ўвогуле. Менавіта страта “правільнага духу” ў асяроддзі школьнікаў прыводзіць да паступовага падзення якасці школьнай адукацыі. І нярэдка гэта адбываецца, нягледзячы на сучасныя сродкі адукацыі і перадавыя методыкі. Зніжэнне кваліфікацыі педагогаў толькі паглыбляе праблему.

— Думаецца, гэта будзе няпростай задачай: прапанаваць у якасці альтэрнатывы сацыяльным сеткам, якія маюць забаўляльны характар, сайт, дзе давядзецца працаваць. Што ўяўляюць сабой анлайн-турніры? Якая ўзроставая катэгорыя іх удзельнікаў?
М.З.: Прымаць удзел у іх могуць школьнікі, пачынаючы з першага і да выпускнога класа. Мы прапаноўваем эксклюзіўную тэхналогію правядзення анлайн-турніраў. Усе ведаюць, што дзеці любяць спаборнічаць. Неяк мне давялося пачуць такую фразу: “Сучаснае дзіця за рэйтынг зробіць усё!”. І, па вялікім рахунку, гэта так. Паглядзіце, на чым пабудаваны ўсе камп’ютарныя гульні. На рэйтынгах! Мы робім спаборніцтвы для школьных каманд. Гэта рэйтынг школы, рэйтынг каманды. У той жа час наша задача — зрабіць так, каб гэта не ператварылася ў чарговую абавязалаўку, якой дзеці будуць пазбягаць. Калі школьнікам будзе цікава, праект «абрасце» камандамі, як снежны камяк. І калі на першым этапе будзе спрацоўваць ідэя “Мы — першыя”, то на другім “Чаму нас, нашай школы няма ў гэтым згуртаванні?”.
Турніры, якія мы праводзім, складаюцца з дзвюх частак. Першая ўтрымлівае заданні, падобныя на тыя, што выконваюцца пры падрыхтоўцы ў інтэлектуальных клубах “Што? Дзе? Калі?”. Аднак асноўныя заданні турніру можа выканаць кожны. Сутнасць не ў тым, каб выявіць моцных вучняў, а ў тым, каб дапамагчы любому стаць моцным. Напрыклад, сёння ў дзяцей ёсць праблемы з вусным лічэннем, нават вельмі разумныя дзеці могуць дрэнна лічыць. Мы выбудоўваем свае заданні не звыш школьнай праграмы, а бяром з яе тыя элементы, якія патрабуюць трэніроўкі. Як ні круці, а вуснае лічэнне адпрацоўваецца менавіта такім чынам.
У той жа час удзел у розных кірунках турніру, пачынаючы ад беларускай лексікі і граматыкі англійскай мовы да аналізу тэкставых задач і модуляў у матэматыцы, дапаможа выявіць інтэлектуальную эліту. Мы нездарма пайшлі па шляху школьных каманд. Цяжка ўявіць, што адно дзіця можа быць паспяховым па ўсіх школьных прадметах, а каманда — дастаткова збалансаваны арганізм.
М.В.: Хіба вы не стаміліся ад таго непісьменнага слэнгу, на які сёння пераходзяць нашы дзеці ў сацыяльных сетках? Інтэлектуальны праект прапаноўвае быць пісьменным. Час патрабуе, каб моладзь валодала дзвюма-трыма мовамі. Праект прапаноўвае граматыку англійскай мовы. Ён працуе і на вучэбную праграму, і ў той жа час гэта якраз тыя формы і заданні, на якія ў канкрэтнага настаўніка не заўсёды хапае часу і сіл. Свайго роду займальны факультатыў.
Да таго ж уменне працаваць у камандзе дарагога каштуе. Сённяшнія работадаўцы адзначаюць, што маладыя спецыялісты не заўсёды да гэтага гатовы. У гэтым выпадку інтэлектуальная сетка — новая форма сацыяльнай узаемасувязі.

— Калі гаварыць пра тое, што прыцягвае сучасную моладзь у сацыяльныя сеткі, то нельга абысці ўвагай магчымасць анлайн-зносін. На змену форумам, якія страцілі сваю папулярнасць, прыйшлі чаты і відэачаты. Ці плануеце развівацца ў гэтым кірунку?
М.З.: Прыцягваць дзяцей на нейкую асобную пляцоўку і на наш сайт у тым ліку — справа няўдзячная. Яны ўжо знайшлі сваё месца і стасуюцца “Укантакце”. Гэта рэальна толькі ў тым выпадку, калі будзе створана масавае згуртаванне, дзе дзеці аб’яднаны агульнымі інтарэсамі. Тады да яго можна будзе прыбудоўваць інтэрфэйсы зносін. Аднак узнікае пытанне мэтазгоднасці. Навошта? Абмеркаваць самыя розныя тэмы, падзяліцца інфармацыяй можна ў прывычным месцы. Праблема сацыяльных сетак не ў інструменце, а ў іх напаўненні. Калі дзіця прыйшло туды без устойлівага інтарэсу, знойдуцца людзі, якія яго зацікавяць.
М.В.: Я не з’яўляюся карыстальнікам сацыяльных сетак, хіба толькі адной. Тым не менш бачу па людзях, якія там падтрымліваюць адносіны, што сістэма працуе. Прызнаюся, мне шкада свайго часу на размову анлайн, калі можна сустрэцца ўжывую. У той жа час мне вельмі цікавая пазіцыя майго сына. І ён, і яго сябры супраць пустога баўлення часу, іх аб’ядноўвае у сацыяльных сетках выключна агульная справа. Ім зручна абмяняцца інфармацыяй, абмеркаваць нешта. Думаю, што анлайн-турніры могуць стаць такім ядром для многіх падлеткаў.

— Вы сказалі, што інтэлектуальныя спаборніцтвы будуць накіраваны на адпрацоўку і праверку ведаў у канкрэтных прадметных галінах вучэбнай праграмы. А наколькі яны задзейнічаюць творчы патэнцыял удзельнікаў?
М.З.: Для таго, каб праяўляць творчасць у школьнай матэматыцы, патрэбен пэўны набор ведаў. Калі дзіця не ведае табліцы множання, яго смешна рыхтаваць да алімпіядных заданняў.
У свой час у Савецкім Саюзе правялі эксперымент. Два класы наведвалі ўрок матэматыкі, пасля чаго адзін клас ішоў адпачываць, другі — на ўрок рускай мовы. Пасля ў абодвух класах правяралі, як дзеці засвоілі матэматыку. Аказалася, што тыя дзеці, якія адпачывалі, засвоілі яе лепш. У псіхалогіі ёсць такое паняцце, як замяшчэнне інфармацыі, калі новыя веды выцясняюць старыя.
Правядзіце просты эксперымент з сабой. Запомніце любы тэлефонны нумар. Праз пару хвілін запомніце другі нумар, а яшчэ праз дзве хвіліны — трэці. Хутчэй за ўсё вы будзеце памятаць толькі апошні. Дык вось, для нашых дзяцей урок вельмі часта бывае наборам тэлефонных нумароў. Калі мы не ўдзялілі належную ўвагу пэўнай інфармацыі, яна забудзецца. А калі ты сеў і выканаў пяць заданняў — інфармацыя застанецца.
У выпадку, калі школьнік адчувае ўпэўненасць у сваіх сілах, чаму б не развіваць яго творчы патэнцыял. Мы спадзяёмся, што інтэрнэт-ліга інтэлектуальнага спорту (ІЛІС) з цягам часу здольная сфарміраваць уласную маладзёжную субкультуру, заснаваную на ведах, інтэлекце і кар’ерным поспеху. Такая субкультура магла б у значнай ступені супрацьстаяць традыцыйным субкультурам сацыяльных сетак, якія заснаваны на забаўляльна-спажывецкіх сэрвісах.
Разам з тым мы плануем стварыць нешта накшталт уласнай Вікіпедыі, дзе можна будзе развіваць кантэнт, цікавы настаўнікам. Такая метадычная скарбонка будзе карыснай і даступнай усім педагогам.

— На ваш погляд, самі педагогі гатовы працаваць у гэтым кірунку?
М.В.: Мы маем нямала магчымасцей, якія трэба выкарыстоўваць. Праграмісты могуць даць абалонку прадукта, якую нам трэба будзе напоўніць. Гэта новае прафесійнае поле для педагогаў. Ці гатовы мы напаўняць яго? Пытанне пакуль адкрытае.
Я бачу выйсце ў арганізацыі курсаў павышэння кваліфікацыі. Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы гатовы працаваць у гэтым кірунку сумесна з калегамі з Расіі, іншых краін СНД. Павышэнне кваліфікацыі павінна быць кароткатэрміновым, каб спецыялісты маглі за кароткі перыяд атрымаць самыя свежыя веды.
Дарэчы, мы збіраемся выступіць з праектам развіцця інтэлектуальных анлайн-турніраў на ўзроўні рэалізацыі Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2011—2015 гады. Падобныя анлайн-турніры ў перспектыве могуць праводзіцца ў адпаведнасці з дысцыплінарнымі профільнымі праграмамі ўніверсітэцкай адукацыі — як на ўзроўні бакалаўрыята, так і на ўзроўні магістратуры. І сёння Міністэрства адукацыі, упраўленне сацыяльнай і выхаваўчай работы ў прыватнасці, падтрымліваюць нас у гэтым. Мы маем пэўную падтрымку і з боку бізнес-структур. І спадзяёмся, што падобнае сацыяльнае партнёрства будзе развівацца. Гэта работа на заўтрашні дзень.

— У мінулым навучальным годзе інтэлектуальныя турніры былі ўпершыню апрабаваны ў школах і гімназіях. Ці задаволіў вас вынік? Якія змяненні чакаюць праект у хуткім часе?
М.З.: Мы правялі 30 турніраў, у якіх прынялі ўдзел каля 600 школьных каманд. І гэта вельмі няблага для пачатку. Думаецца, праект будзе развівацца.
У перспектыве плануецца запусціць некалькі новых WEB-сэрвісаў, з аднаго боку, самастойных, а з другога, — яны будуць цалкам адпавядаць агульнай канцэпцыі ІЛІС. Гэта такія праекты, як “Лічы, краіна!”, “100 балаў на ЦТ”, ІТ-турніры”, “IQ нацыі”. Таксама нам хацелася б звязаць канкрэтныя базавыя веды з прафесіямі, якія выберуць дзеці. Ёсць такое паняцце, як кар’ерная эвалюцыя. Дзецям здаецца, што яны атрымаюць прафесію і толькі тады пачнецца іх кар’ерны рост. На самай справе, кар’ерная эвалюцыя пачынаецца з дзіцячага садка, калі нейкія якасці вылучаюць чалавека з асяроддзя равеснікаў. Уменне слухаць, уменне працаваць у камандзе… І чым раней кожны гэта зразумее, тым больш паспяховым будзе яго прафесійнае развіццё.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.