40 гадоў разам

- 11:26Сацыяльны ракурс

Шляхі чалавека нязведаныя. Ты выбіраеш адно, а жыццё раптам заносіць цябе зусім у іншае рэчышча. І як ні дзіўна, табе там добра, ты вучышся, расцеш, адчуваеш сябе прафесіяналам — ты на сваім месцы.

Менавіта так склаўся лёс Таццяны Фёдараўны Атрохавай, інжынера-будаўніка, якая 40 гадоў свайго жыцця прысвяціла сферы адукацыі. Бадай, няма на Гомельшчыне школы ці дзіцячага садка, куды б не былі прыкладзены яе рукі. Наогул, прафесійная біяграфія Таццяны Фёдараўны — гэта значная частка гісторыі развіцця адукацыйнай сістэмы вобласці.

На Гомельшчыну яна трапіла ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Дзяўчына скончыла віцебскі палітэх і была накіравана працаваць на Палессе на пасаду інжынера архбудкантролю Жыткавіцкага райвыканкама.

Аднойчы мы ехалі з Таццянай Фёдараўнай у сумесную камандзіроўку, і па дарозе яна расказала мне пра тыя часы, пра свае першыя крокі ў прафесіі, успамінала нейкія цікавыя ці нават жартоўныя выпадкі, якія могуць адбыцца з нявопытным спецыялістам. Добрую тэорыю, атрыманую ў палітэху, трэба было папаўняць і замацоўваць практыкай. “Гэта была неверагодная школа, — прызнавалася мая суразмоўніца. — Там, на Жыткаўшчыне, я навучылася многаму, там была закладзена аснова ўсёй маёй далейшай дзейнасці. Потым толькі заставалася развіваць і ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства”.

У жывапісным палескім мястэчку выпускніца тэхнікума правяла пяць гадоў, а ў 1977 годзе атрымала пасаду інжынера па тэхнаглядзе Гомельскага аблана. З гэтага часу і пачала свой адлік непарыўная сувязь Т.Ф.Атрохавай з адукацыйнай сферай Гомельшчыны. Хутка Таццяна Фёдараўна стала старшым інжынерам сектара тэхнагляду, потым — начальнікам аддзела тэхнагляду і развіцця матэрыяльнай базы пры ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама, паралельна атрымлівала адукацыю ў Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту, а ў 2005 годзе была назначана на пасаду намесніка начальніка ўпраўлення.

У мінулым годзе Таццяна Фёдараўна пайшла на заслужаны адпачынак. На развітанне з калегамі яна падрыхтавала своеасаблівы фільм-успаміны, дзе яе працоўная біяграфія цесна пераплятаецца з гісторыяй развіцця адукацыі Гомельскай вобласці. Але ёсць і іншы бок: у гісторыю адукацыі рэгіёна запісаны знакавыя рашэнні і падзеі, якія непарыўна звязаны з імем гэтай жанчыны. Самыя ёмкія з іх — стварэнне музея энергазберажэння з вучэбна-практычным цэнтрам і парка скульптур савецкай эпохі ў Жлобіне і Гомелі, а таксама ідэя размяшчэння дзіцячых садоў на першых паверхах шматпавярховых жылых дамоў.

За час работы Таццяны Атрохавай у Гомельскім аблана, а пазней — ва ўпраўленні адукацыі змянілася шэсць кіраўнікоў. Кожны — цэлая эпоха. Наогул, для гераіні майго сённяшняга аповеду кожны чалавек, кожны ўспамін — каштоўны скарб, які яна беражліва нясе ў сваіх думках і ў сэрцы. А першая рукапісная тэлефонная кніжка з імёнамі кіраўнікоў райана з 1977 года — адна з найбольш дарагіх рэчаў.

Сёння Таццяна Фёдараўна АТРОХАВА — наш госць, і мы паспрабуем разам з ёй пагартаць старонкі з гісторыі адукацыі аднаго з найбуйнейшых рэгіёнаў краіны.

— Таццяна Фёдараўна, цікава даведацца, чым адзначыліся ў адукацыйнай сферы апошнія два дзясяткі гадоў існавання савецкай дзяржавы?

— Пачатак маёй працы ў Гомельскім аблана прыйшоўся на час кіраўніцтва М.П.Літвінава. У той час стваралася аснова сеткі ўстаноў народнай адукацыі — матэрыяльна-тэхнічная база. Актыўна будавалі школы, дзіцячыя сады, прышкольныя інтэрнаты і жылыя дамы для настаўнікаў. Гэта перыяд сапраўды маштабнага будаўніцтва. Мяркуйце самі: штогод у эксплуатацыю ўводзілася больш за 50 аб’ектаў. Дзяржпланам быў вызначаны нарматыў кошту аднаго вучнёўскага і дашкольнага месца. Перавышаць яго было нельга, таму вялікая ўвага ўдзялялася праектным работам. Менавіта гэтым я і займалася.

Што яшчэ можна адзначыць, дык гэта ініцыятыўнае будаўніцтва, якое было даволі папулярным у 70—80-я гады і дзякуючы якому калгасы і саўгасы вырашылі праблему будаўніцтва не толькі дзіцячых садоў на вёсцы, але і жылля для настаўнікаў. У першае дзесяцігоддзе маёй працы ў аблана з прыцягненнем дадатковых крыніц фінансавання было пабудавана больш за 3600 аб’ектаў.

Асаблівым быў перыяд у 17 гадоў пад кіраўніцтвам Ф.Р.Забродскага. Гэта працяглы і вельмі складаны гістарычны перыяд — ад умоў развітога сацыялізму пры наяўнасці дакладных планаў і справаздач перад партыйнымі органамі да пераходу да рыначнай эканомікі. Варта сказаць, што матэрыяльна-тэхнічная база станавілася больш багатай і разнастайнай. Установы папаўняліся сучасным на той момант абсталяваннем: кіна- і дыяпраектарамі, тэлевізарамі, магнітафонамі, нагляднымі дапаможнікамі.

— Думаецца, што будаўніцтва савецкага часу — гэта выключна тыпавыя сумныя будынкі. Ці ўсё ж дазваляўся творчы падыход?

— На гэта ў мяне ёсць адзін эпізод. У абласным цэнтры будаваўся звычайны аб’ект: грамадска-бытавы корпус ПТВ № 34. Вырашылі размясціць у ім абласны Дом настаўніка. Па праекце гэта тыпавы шэры будынак з драўлянай падлогай і простай тынкоўкай сцен. Для Фелікса Рыгоравіча гэта быў не ўзровень, яму хацелася, каб новая пабудова нагадвала палац. І ён адправіў нас у Казахстан на пошукі мармуру. Як бачыце, пры жаданні можна было і з сумнага зрабіць асаблівае.

— Калі гаварыць пра гісторыю адукацыі Гомельшчыны, якая складалася на вашых вачах і часта з вашым асабістым удзелам, то нельга прамінуць год чарнобыльскай катастрофы. Зразумела, што трагедыя змяніла многія планы.

— Так, наступствы Чарнобыля — гэта ўжо іншая гісторыя. Незавершаныя будоўлі, якія апынуліся ў зоне адчужэння, вываз мэблі і абсталявання з закрытых школ, дэзактывацыя тэрыторый… Разам з гэтым неабходна было вырашаць іншую праблему: тэрмінова стварыць інфраструктуру ў новых месцах рассялення пацярпелых людзей. У аператыўным парадку распрацоўвалася праграма будаўніцтва школ і дзіцячых садоў у пасёлках для перасяленцаў. Будынкі праектаваліся і будаваліся адначасова. Ужо праз год пасля аварыі на ЧАЭС у эксплуатацыю былі здадзены 8 школ і дзіцячых садоў. А за наступныя два гады — да 20. З распадам СССР, калі мы засталіся са сваёй бядой сам-насам, аб’ёмы будаўніцтва, вядома ж, скараціліся.

— Як перажывалі цяжкасці постчарнобыльскага перыяду?

— Гэты няпросты час выпаў на долю М.Я.Кобрынскага, прызначанага на пасаду начальніка ўпраўлення адукацыі. Бюджэт пралічваўся з відавочным дэфіцытам, непад’ёмным аказалася ўтрымліваць тую сетку будынкаў, якая была, немагчыма было своечасова разлічвацца за камунальныя паслугі. Пра рамонты размова не ішла наогул, шукалі хаця б магчымасць захаваць матэрыяльна-тэхнічную базу.

Ведаеце, мне здаецца, што час выбірае тых людзей, якія здольны процістаяць розным наступствам. Міхаіл Яфімавіч валодаў унікальнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Ён знаходзіў усе магчымыя і, здавалася, немагчымыя шляхі вырашэння праблем.

Другая палова 90-х гадоў дала палёгку. Гэта быў перыяд кіраўніцтва А.В.Лук’яновіча — моцнага, харызматычнага кіраўніка, які вучыў нас многаму — ад якасці выканання дакументаў да вырашэння складаных задач. Гэта быў перыяд якасці і прарыву.

— Калі не памыляюся, менавіта пад яго кіраўніцтвам Гомельшчына праславілася рэалізацыяй тэхналагічнага інавацыйнага праекта.

— Так. У нас на той час яшчэ было нямала праблем. Пачатак новага стагоддзя прынёс пераход на пяцідзёнку і дзесяцібальную ацэнку ведаў, а разам з гэтым і рэзкае зніжэнне напаўняльнасці школ. Актуальнымі заставаліся фінансавая тэма, праблема выплаты заработнай платы, непагашаная крэдыторская запазычанасць за камунальныя паслугі. І ўсё ж, нягледзячы на велізарныя эканамічныя цяжкасці, мы рэалізавалі інавацыйны праект: стварылі тэлекамунікацыйную карпаратыўную сетку сістэмы адукацыі, аналагаў якой у рэспубліцы на той час не было.

Сам А.В.Лук’яновіч падкрэсліваў, што павышэнне якасці навучання ў вобласці звязваюць у першую чаргу з інфарматызацыяй сістэмы адукацыі. Гомельская вобласць уваходзіла ў тройку лідараў сярод абласцей краіны па колькасці сучаснай тэхнікі.

— Таццяна Фёдараўна, ваша назначэнне на пасаду намесніка начальніка ўпраўлення ў 2005 годзе супала з пачаткам пяцігодкі будаўніцтва аграгарадкоў, з рэалізацыяй дзяржпраграмы развіцця Прыпяцкага Палесся і праграмы “Дзеці Беларусі”, дзякуючы якім адкрыліся новыя магчымасці. Раскажыце, калі ласка, крыху пра гэты час.

— Насамрэч, у гэты час можна было нарэшце ўздыхнуць з палёгкай і адысці ад цяжкасцей, перажытых у паслячарнобыльскі перыяд і перыяд распаду савецкай дзяржавы. Сярод моцных мужчын-кіраўнікоў на чале адукацыйнай сістэмы вобласці мы бачым не менш моцную жанчыну, якая гарой стаіць за кадры і ўмее ацэньваць сітуацыю праз прызму фінансавых рэалій, — штурвал улады ўзяла ў свае рукі М.А.Бондар.

Пачатак гісторыі аграгарадкоў для нас быў жорсткім і канкрэтным. На працягу чатырох месяцаў неабходна было запраектаваць і пабудаваць школу ў аграгарадку Сырад Калінкавіцкага раёна. Калі прытрымлівацца нарматыўнага заканадаўства, неабходна будаваць школу з размахам. Узнікала пытанне: як гэта зрабіць пры безграшоўі? І мы пайшлі на эксперымент. Быў падрыхтаваны праект рашэння аблвыканкама аб будаўніцтве школы на вёсцы з мінімальным наборам памяшканняў, узгоднены з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам будархітэктуры. У выніку нестандартнага аб’ёмна-планіровачнага рашэння мы атрымалі індывідуальную і арыгінальную сельскую школу. Пазней такі падыход з улікам рэальных фінансавых магчымасцей дазволіў правесці рэканструкцыі і рамонты іншых вясковых устаноў адукацыі.

— Чым вам запомніліся апошнія гады дзейнасці?

— На мой погляд, за апошнія 7 гадоў закладзены падмурак найноўшай гісторыі — гісторыі абнаўлення і развіцця сістэмы адукацыі. Гэты перыяд пачаўся з прыходам на пасаду начальніка ўпраўлення адукацыі С.І.Парошына. Настаўнік-практык, кіраўнік раённага і гарадскога маштабу, стратэг і дыпламат, чалавек з выключнымі якасцямі, які змог укараніць дэмакратычны стыль кіраўніцтва. І гэта ўжо ацэнена часам. Імідж устаноў адукацыі вобласці, уключаючы ўпраўленне, змяніўся карэнным чынам, вобласць трывала заняла лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы.

— Таццяна Фёдараўна, нядаўна вы атрымалі ўзнагароду Саюза будаўнікоў Беларусі — медаль “За заслугі ў будаўніцтве”. Што для вас такая ўзнагарода?

— Гэта было для мяне поўнай нечаканасцю. Я не лічу сябе настолькі практыкам, але ж гэта неверагодна прыемна, што прафесіяналы так высока ацанілі мяне. Амаль уся мая прафесійная дзейнасць прайшла ў сістэме адукацыі. Тым не менш я займалася будаўніцтвам — справай, якую выбрала для сябе яшчэ ў раннім юнацтве. А таму гэтая ўзнагарода для мяне вельмі каштоўная.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.