40 гадоў у страі

- 9:58Людзі адукацыі

Часам мы чуем словы: “Да пенсіі хоць бы дацягнуць…”. А некаторыя гавораць, што пасля пяцідзесяці жыццё толькі пачынаецца. Ад чаго залежыць пазіцыя чалавека? Гэта прыродны аптымізм? Бачанне свету ў светлых тонах? Усвядомлены выбар? Напэўна, усяго патроху. Так лічыць Любоў Віктараўна Карабач, настаўніца бярозаўскай сярэдняй школы № 3.

Працуе ў нашай школе Любоў Віктараўна з моманту яе адкрыцця — з 1991 года. Доўгія гады выкладала геаграфію, адкрываючы сваім вучням краіны і кантыненты. Пасля выхаду на пенсію вядзе ў некалькіх класах прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Нагрузка значна зменшылася, некалькі гадоў педагог працуе без класнага кіраўніцтва, дзякуючы чаму вызваліўся той час, якога настаўніку-прадметніку, класнаму кіраўніку так катастрафічна не хапае. І з’явілася магчымасць адкрыць свой любімы прадмет для сябе зноў, але пад іншым пунктам гледжання.

Любоў Віктараўна ўпэўнена, што толькі тыя веды, якія здабыты даследчым шляхам, становяцца трывала засвоенымі і ўсвядомленымі, таму даўно актыўна прымяняе ў сваёй практыцы работы пошукава-даследчы метад навучання. Гэта ж так цікава — даследуючы, пазнаваць са сваімі вучнямі свет, адкрываць яго таямніцы!

Менавіта з такой тэмай абагульненага вопыту работы — “Развіццё навыкаў пазнавальнай дзейнасці праз прымяненне даследчага метаду навучання ў выкладанні геаграфіі” — пацвердзіла яна вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. З напрацаваным матэрыялам Любоў Віктараўна выступала на пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў-географаў, на раённай навукова-практычнай канферэнцыі, удзельнічала ў раённым семінары кіраўнікоў і даследчых таварыстваў навучэнцаў. З гэтымі ж напрацоўкамі ўдзельнічала і ў рабоце Міжнароднага фестывалю прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сумеснай творчасці”, які праходзіў у кастрычніку 2017 года ў Мінску на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Ужо некалькі гадоў Любоў Віктараўна кіруе школьным даследчым таварыствам “Эўрыка”. Кожны год пад яе кіраўніцтвам вучні праводзяць разнапланавыя даследаванні. І гэта не толькі вывучэнне нейкага пытання з геаграфічнага пункту гледжання (“Вялікая таямніца вады”). Было праведзена сацыялагічнае даследаванне “Сацыяльны партрэт бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Лідскага раёна”, якое дазваляе даць разнапланавую характарыстыку сваёй школе.

Быў і экскурс у гісторыю, дзякуючы якому адкрыты многія не вельмі вядомыя старонкі летапісу нашага горада Бярозаўка і горадаўтваральнага прадпрыемства “Шклозавод “Нёман” — “Гісторыя сям’і Столле”. Разам з педагогам дзеці вывучалі тапаніміку роднага горада, прасочвалі геаграфічныя асаблівасці гербаў Гродзенскай вобласці.

А ці ведаеце вы, як на наша светаадчуванне ўплывае архітэктура горада і яго колеравая гама? Менавіта гэтае пытанне зацікавіла ў мінулым годзе дзевяцікласніцу Вікторыю Аношка і вылілася ў цудоўную даследчую работу “Уплыў колеравай гамы і архітэктуры на здароўе жыхароў горада Бярозаўка”.

За тры апошнія гады ў скарбонцы Любові Віктараўны і юных даследчыкаў чатыры дыпломы як вынік паспяховага ўдзелу ў адкрытых раённых канферэнцыях даследчых работ навучэнцаў “Прыступкі да навукі”. Дыплом І ступені ў 2015 годзе прывезлі з абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Край Гарадзенскі” Кацярына Бухцінава і Рэната Дзяковіч. Дыпломам ІІІ ступені адзначана выступленне Веранікі Снапко на раённым этапе Абласнога краязнаўчага форуму “Гісторыя ў геральдыцы” ў 2017 годзе.

Фраза “Не старэюць душой ветэраны” дакладна пра яе, пра нашу Любоў Віктараўну. Сёння Любоў Віктараўна ў адрозненне ад многіх сваіх равеснікаў на “ты” з камп’ютарам. У складзе творчай групы год назад узялася прадставіць на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” электронны адукацыйны рэсурс па геаграфіі. На раённым этапе конкурсу работа над праектам “Праграмны комплекс “Геаграфія. Дзівосны свет. V—XI клас” была высока ацэнена за актуальнасць і практыкаарыентаванасць, максімальнае выкарыстанне аўтарскага матэрыялу і матэрыялаў даследаванняў і адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс у базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. Лакальныя праекты”. Сёння педагогі рыхтуюцца прадставіць гэты праект на рэспубліканскім конкурсе.

Жаданне працаваць з агеньчыкам, творча, быць неабходнай у роднай школе, рухацца наперад, спасцігаючы новае, — вось яе настаўніцкае крэда. Узрост настаўніка — 40 гадоў у страі! — гэта набыты вопыт, і Любоў Віктараўна ахвотна дзеліцца гэтым вопытам з калегамі.

Алена ГУКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.

Фота Кацярыны КРАМАР,
навучэнкі 11 класа.