У занальным туры рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, які прайшоў у Гродне, было прадстаўлена 40 праектаў.
Выстава-прэзентацыя праектаў навучэнцаў школ і гімназій, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, студэнтаў УВА і працуючай моладзі разгарнулася ў Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Удзел у маладзёжным праекце — унікальная магчымасць заявіць пра свае распрацоўкі, сустрэцца з аднадумцамі. У рамках конкурсу школьнікі, маладыя даследчыкі, рацыяналізатары, вынаходнікі прадставілі на суд экспертнага савета свае навуковыя і сацыяльныя распрацоўкі, праекты і ідэі. Тэматыка іх разнастайная: сацыяльная сфера і медыцына, аграпрамысловыя, будаўнічыя і нават авіякасмічныя тэхналогіі.
У бягучым сезоне вызначана 10 намінацый, а ўдзельнікі падзелены на дзве ўзроставыя групы. У першую ўвайшлі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у другую — студэнты, працуючая моладзь і маладыя навукоўцы да 35 гадоў. Дарэчы, пачынаючы з 2013 года прадстаўнікі Гродна штогод былі ў ліку пераможцаў як абласнога, так і фінальнага тураў конкурсу.
Адметнасць бягучага года — значна большая, чым раней, колькасць адабраных гарадскім экспертным саветам работ для выставы-прэзентацыі.
— Праект “100 ідэй для Беларусі” — гэта сапраўды кузня выдатных ідэй, — падкрэсліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама старшыня гарадскога экспертнага савета па рэалізацыі рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі” Аляксандр Каваленка. — За гады існавання праекта сотні, а можа нават і тысячы ідэй маладога пакалення нашай краіны рэалізаваны на рэспубліканскім, міжнародным узроўнях.
Першы сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта ГА “БРСМ” Арцём Макарэвіч дадаў, што гэта лакаматыўны праект БРСМ. І гэта не толькі пошук ідэй, але і пошук таленавітай моладзі, магчымасць юнакам і дзяўчатам паказаць сябе, раскрыць свой творчы, тэхнічны, інавацыйны патэнцыял.
— Праект вельмі папулярны сярод школьнікаў і студэнтаў, працуючай моладзі Гродна, пра што сведчыць вялікая колькасць удзельнікаў, — расказала другі сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта ГА “БРСМ” куратар праекта
“100 ідэй для Беларусі” па Гродне Ганна Кісялеўская. — Маладыя людзі выступаюць ужо не першы год, пастаянна нешта новае прыдумваюць, укараняюць свае праекты ў жыццё. Сёлета больш за ўсё праектаў было прадстаўлена ў намінацыях “Грамадства і сацыяльная сфера”, “Экалогія”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”.
Навучэнец сярэдняй школы № 32 Гродна Мікіта Нікулін прадставіў камп’ютарную распрацоўку “Гісторыка-культурная спадчына горада Гродна”, якую можна выкарыстоўваць на ўроках гісторыі або для заняткаў у шосты школьны дзень. Праект выкананы ў выглядзе гульні, што дапамагае лепш запомніць гістарычныя факты, суаднесці іх з помнікамі горада. У планах школьніка — пашырыць сваю распрацоўку, уключыўшы ў яе помнікі не толькі Гродна, але і вобласці, краіны.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы вынес на суд экспертнага журы 7 праектаў, 4 з іх былі адабраны для ўдзелу ў абласным туры. Як расказала метадыст аддзела падтрымкі маладзёжных праектаў і ініцыятыў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Мазайла, універсітэт прадставіў як бізнес-праекты, так і праекты, накіраваныя на сацыяльную сферу. Праект “Handmade-рэінкарнацыя аўтамабільных дэталей” распрацавалі другакурснікі факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Ілья Кужалевіч, Аляксандр Вырко і Віталь Сінкевіч. Авіяцыйны вучэбны трэнажор для набыцця практычных навыкаў пілатавання прапанаваў студэнт першага курса фізіка-тэхналагічнага факультэта Міхаіл Лобач, а кросплатформенны дадатак для мадэлявання сацыяльных сетак і месенджараў Pie-воt — студэнт другога курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Гіржон.
Моладзь прэзентавала свае ідэі і распрацоўкі ў сацыяльнай сферы і медыцыне, аграпрамысловых, будаўнічых і нават авіякасмічных тэхналогіях.
Героіка-патрыятычны праект “Героі не паміраюць: іх подзвігам жыць у вяках” распрацавалі трэцякурснікі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ Дзмітрый Апон, Ангеліна Маркіш, Мікіта Акудовіч і Расціслаў Прывалаў. Маладыя людзі імкнуцца ўвекавечыць памяць воінаў, якія загінулі пры вызваленні Гродна. Раней яны стварылі адукацыйны інтэрнэт-рэсурс з інфармацыяй аб загінуўшых абаронцах горада.
Эксперты ацанілі не толькі актуальнасць і навізну ідэй, але і практычную значнасць работ, магчымасць рэалізацыі конкурснага інавацыйнага праекта. Вызначаны 18 праектаў, якія прадставяць Гродна на абласным туры конкурсу.
Матэрыялы Ірыны АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.