400 метраў да алімпу

- 11:07Выхаванне, Спартыўныя падзеі

Яшчэ ўчора ты мог удзельнічаць у школьных спаборніцтвах, а крыху пазней стаць адным з лепшых юных спартсменаў Еўропы. Менавіта такая гісторыя здарылася з Ігарам Зубко, лёгкаатлетам, які не так даўно заваяваў “золата” на XIII Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі ў Тбілісі.

Сказаць, што гісторыя здарылася, занадта проста. — На самай справе за ёй трэніроўкі да сёмага поту, бегавая дарожка, пра якую не забываешся нават у сне, і не адзін працоўны мазоль. 400 метраў у Тбілісі даліся Ігару Зубко няпроста, але яго “бегавы” медаль — адзін з сямі заваяваных у сталіцы Грузіі — наша надзея на тое, што будучыня ў беларускай лёгкай атлетыкі ёсць!
1Івана Міхайлаўна Храмава заўважыла юны талент падчас Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Тады яшчэ навучэнец сярэдняй школы № 11 Гродна прадэманстраваў бліскучы вынік у бегу на кіламетровай дыстанцыі. Дзякуючы першаму трэнеру, Ігар трапіў у лёгкую атлетыку.
“Зусім хутка я ўжо вучыўся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, — успамінае спартсмен, — дзе працаваў з Уладзімірам Андрэевічам Храмавым. Менавіта пад яго кіраўніцтвам рыхтаваўся да фестывалю ў Тбілісі. А перад гэтым была перамога на першынстве рэспублікі, першым стаў і на Алімпійскіх днях моладзі. Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль — мае першыя спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню”.2
У сувязі з такім адказным стартам была перагледжана сістэма падрыхтоўкі. Для таго каб падцягнуць хуткасную вынослівасць, Ігар прабягаў адрэзкі па 500 метраў: яго запасу павінна было хапіць на асноўныя 400, пры гэтым апошнія 100 метраў ён павінен быў прыбаўляць у хуткасці. З поля зроку трэнера не выходзіла ні адна дробязь. І хоць на трэніроўках усё атрымлівалася выдатна, псіхалагічнага напружання гэта ніколькі не знімала.
“Я не ведаў, хто будзе маімі сапернікамі, — адзначае Ігар. — Памятаю, як перад першым стартам быў упэўнены, што па ўзроўні падрыхтаванасці мы ўсе прыкладна ў аднолькавых умовах. Сказаць, што хваляваўся, — не сказаць нічога. Але калі выйшаў у фінал з лепшым часам, то настройваўся толькі на перамогу.

Між тым прамежкавы вынік дадаваў адказнасці. Таму ў фінале першыя 200 метраў дыстанцыі я нават не паспеў усвядоміць, рвануў што ёсць сілы. Калі зразумеў, што лідзірую, у галаве крыху прасвятлела, але тут падвялі ногі. Ад нагрузкі адбылося закісленне мышцаў. У такія моманты спартсмен можа страціць каардынацыю і лёгка траўміравацца. Я трываў, наколькі хапіла сілы. На шчасце, яе хапіла да фінішу”.
Ігар прызнаецца, што выступленню вельмі паспрыяла надвор’е: забегі праводзіліся пасля сямі гадзін вечара, калі спякота адступала.3
Сёлетні Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль, які аб’яднаў больш за 4000 спартсменаў з 50 краін Еўропы, стаў паспяховым і для іншых прадстаўнікоў Беларусі. Нашы юнакі і дзяўчаты выступілі ў шасці з дзевяці прадстаўленых відах спорту: веласпорце, дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, спартыўнай гімнастыцы, тэнісе. Усяго ў актыве каманды 7 медалёў: 3 залатыя і 4 бронзавыя. Разам з Ігарам Зубко званне чэмпіёнаў заваявалі Таццяна Рамановіч (лёгкая атлетыка, кіданне молата) і Ягор Шарамкоў (гімнастыка спартыўная, апорны скачок). Уладальнікамі бронзавых медалёў сталі Уладзіслаў Булахаў (лёгкая атлетыка, скачкі ў даўжыню), Вадзім Чарнышоў (лёгкая атлетыка, штурханне ядра), Дзмітрый Бараўкоў (лёгкая атлетыка, кіданне молата), Ягор Кухарэнка (дзюдо,+90).
“Мы вельмі падтрымлівалі адно аднаго падчас выступленняў, — усміхаецца мой суразмовец. — Голасу не шкадавалі. Я асабіста хварэў за Улада Булахава і Дзмітрыя Бараўкова. Але перад сваім выступленнем стараўся не растраціць каштоўную энергію. Мне патрэбны былі сілы, каб настроіцца”.
Як вядома, кожны спартсмен шукае і, магчыма, знаходзіць свой спосаб падрыхтоўкі да старту. Ігар у Тбілісі маліўся і настройваў сябе на цяжкую працу.4
“Калі я бягу, то не заўсёды бачу трыбуны, гледачоў, — прызнаецца спартсмен. — Раней нават не чуў рэкамендацый трэнера. Маё цела магло толькі адно — бегчы. Цяпер я больш засяроджаны: пры жаданні магу бачыць не толькі дарожку і сапернікаў, але і трыбуны. Цікава, што ў Тбілісі я дастаткова дакладна вызначаў пазіцыі іншых бегуноў”.
Адзін з куміраў Ігара Зубко — знакаміты Усейн Болт. Шасціразовы алімпійскі чэмпіён, васьміразовы чэмпіён свету, уладальнік трох сусветных рэкордаў — сапраўдная легенда. Яго сакрэт спрабуюць разгадаць трэнеры і спартсмены ўсяго свету. Генетыка гэта ці неверагодны талент? У любым выпадку пакуль дасягненні Усейна Болта не ўдалося паўтарыць. Ігар упэўнены: каб дасягнуць такога ўзроўню, патрэбна трэніравацца гадамі.
Натуральна, што пра рэкорды гаварыць яшчэ рана, а вось мара ў Ігара ёсць. Яму вельмі хочацца стаць удзельнікам Алімпійскіх гульняў 2021 года, якія пройдуць у амерыканскім Бірмінгеме (штат Алабама). Цяпер хлопцу ўсяго шаснаццаць, а значыць, час ёсць!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота НАК Беларусі.