Права на звычайнае дзяцінства

Дзеці-сіроты, дзеці-інваліды, дзеці, якія знаходзяцца пад апекай… Думаю, не памылюся, калі скажу, што большасць  з нас лічыць іх незвычайнымі. Хаця, хутчэй, незвычайнымі з’яўляюцца пэўныя акалічнасці іх жыцця, а не яны самі. Клопат пра такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, пра тое, каб, нягледзячы ні на што, у іх было сапраўднае (чытай, звычайнае) дзяцінства, бярэ на сябе не толькі дзяржава, але і дабрачынныя арганізацыі. Адна з іх — Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускі дзіцячы фонд». Неяк у адным з айчынных выданняў у матэрыяле пра БДФ я прачытала: «Фонд надзеі нашай». Усё правільна: гэтая арганізацыя, якой сёлета споўнілася 25 гадоў, многім дала надзею і падтрымку. Сёння мой суразмоўца — дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Васільевіч ТРУХАН.

— Аляксандр Васільевіч, у апошнія гады асаблівая ўвага ўдзяляецца дзіцячым дамам сямейнага тыпу, павялічваецца іх колькасць. На пачатку гэтага руху стаяў менавіта дзіцячы фонд. Я не памыляюся?
— Так, вы маеце на ўвазе праграму “Цёплы дом”. Яе мэта — падбор сем’яў, якія гатовы ўзяць ад 5 да 10 дзяцей-сірот, набыццё і ўладкаванне катэджа для новай сям’і, забеспячэнне яе мэбляй, бытавой тэхнікай, іншымі неабходнымі рэчамі. Акрамя таго, праграма прадугледжвае шэфства над дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу: дапамогу ў лячэнні, аздараўленні, навучанні дзяцей, матэрыяльную дапамогу і г.д. Так, летась фонд выдзеліў на падтрымку гэтым дамам 112 мільёнаў 670 тысяч рублёў.
Такую работу — стварэнне і падтрымку дзіцячых дамоў — пачаў яшчэ савецкі дзіцячы фонд у 1988 годзе. Першых некалькі гадоў дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу займаўся фонд, нават плаціў бацькам-выхавальнікам зарплату. Безумоўна, і тады ўся работа праводзілася разам і пры падтрымцы мясцовых органаў улады. А з 1993 года праграма стала дзяржаўнай, але вы памятаеце сітуацыю ў 90-я гады: рух паступова згасаў. Пазней, у 2000 годзе тады ўжо Беларускі дзіцячы фонд знайшоў замежнага партнёра, які дапамагаў фонду набываць жыллё для такіх дзіцячых дамоў, потым з’явіліся іншыя партнёры. Гэтую работу мы праводзілі разам з органамі адукацыі. З 2000 года з мясцовымі органамі ўлады мы стварылі 41 дзіцячы дом сямейнага тыпу, у выніку чаго больш за шэсцьсот малых атрымалі сям’ю. Дзякуючы гэтаму мы фактычна закрылі шэсць дзяржаўных школ-інтэрнатаў.

— Вы сказалі, што цесна супрацоўнічаеце з органамі адукацыі. Напэўна, і сярод актывістаў фонду нямала педагогаў. Ведаю, што вы і сам педагог па адукацыі.
— У нашым актыве ёсць педагогі, медыкі, псіхолагі, бізнесмены, прадстаўнікі іншых сфер. Але, безумоўна, педагогаў нямала, менавіта на іх і на медыцынскіх работнікаў мы абапіраемся ў сваёй дзейнасці. Гэта валанцёры, людзі, якія не шкадуюць уласнага часу і сіл для дабрачыннай работы. Як, напрыклад, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Людміла Леанідаўна Лазарчук. Або як начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама (Магілёўская вобласць) Наталля Іванаўна Шаўчэнка. З яе дапамогай мы стварылі ў раёне чатыры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Усіх я, канечне, не пералічу, але назаву яшчэ Мікалая Мікалаевіча Гіро, дырэктара сярэдняй школы № 3 Вілейкі Мінскай вобласці, які ўзначальвае раённае аддзяленне дзіцячага фонду. Мікалай Мікалаевіч, між іншым, працуе ў БДФ з першых дзён работы фонду. Не магу не ўзгадаць і Ірыну Міхайлаўну Шкаруба, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Добрушскага райвыканкама Гомельскай вобласці, старшыню раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.
Дарэчы, менавіта педагогі нярэдка становяцца бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Так, я ўзгадваў Асіповіцкі раён, дык вось там у трох дзіцячых дамах сямейнага тыпу працуюць настаўнікі. Адна з маці-выхавальніц — былая настаўніца матэматыкі Валянціна Аляксееўна Багаславец. Акрамя таго, яна год працавала ў школе-інтэрнаце, каб зразумець, ці падыходзіць ёй такая работа, а потым, упэўніўшыся ва ўласных сілах, узяла малых у дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Шкада, праўда, што, як мне здаецца, адносіны да бацькоў-выхавальнікаў у апошні час сталі, так бы мовіць, менш індывідуальнымі. У іх бачаць супрацоўнікаў, а не маці і бацьку для дзяцей. Кантроль, безумоўна, неабходны, але глядзець трэба больш не на пыл на мэблі і шпалеры, а на тое, як жывецца ў гэтай сям’і дзецям. Вельмі важна абуць, апрануць, накарміць малых, але не менш важна навучыць дзіця жыць у сям’і, што і робяць бацькі-выхавальнікі. У пераважнай большасці гэта адказныя людзі, якія жадаюць дапамагчы дзіцяці. Тут важна не памыліцца пры зацвярджэнні іх на такую работу.

— Аляксандр Васільевіч, вы раней сказалі, што БДФ пасля стварэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу працягвае шэфстваваць над імі. Раскажыце пра гэта крыху падрабязней.
— Мы супрацоўнічаем з Рэспубліканскім цэнтрам рэабілітацыі і бальнеалячэння. Скажам, летась хлопчыкі і дзяўчынкі з дзесяці дзіцячых дамоў сямейнага тыпу па накіраванні БДФ прайшлі там поўнае медыцынскае абследаванне, а малыя яшчэ з двух дамоў разам з мамамі адпачылі ў Цэнтры маці і дзіцяці імя Г.Гмайнера ў Бараўлянах. А яшчэ ў мінулым годзе мы пачалі аздараўленчы праект разам з Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. На базе дзіцячага санаторыя “Случ” у мінулую восень прайшло аздараўленне 21 дзіця. І далей штогод у санаторыі “Случ” будуць аздараўляцца і лячыцца групы дзяцей-сірот з дамоў сямейнага тыпу па захворваннях органаў дыхання і страўнікава-кішачнага тракту.
Да таго ж мы імкнёмся спрыяць развіццю творчых, інтэлектуальных здольнасцей дзяцей, арганізоўваем сацыяльныя экскурсійна-пазнавальныя праекты, дабрачынныя святы, напрыклад, да Міжнароднага дня абароны дзяцей, да 1-га верасня і г.д. І мы, і бацькі-выхавальнікі робім усё, каб жыццё малых у дзіцячых дамах сямейнага тыпу не было горшым, чым у іх равеснікаў. Дарэчы, летась у Маскве ўпершыню бацькам-выхавальнікам такіх дамоў, якія плённа працавалі не менш за 10 гадоў, былі ўручаны ўзнагароды Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў “Высакароднаму бацькоўству — удзячнае дзяцінства”. Пяць сем’яў з Беларусі атрымалі гэтую ўзнагароду: Кундзікавы, Рубан, Палявыя, Гудкоўскія, Кавальскія.

— Яшчэ адна з вядомых праграм фонду — “Дзіцячае сэрца”. Раскажыце, калі ласка, як усё пачыналася, як праграма “адчувае” сябе зараз.
— Праграма ажыццяўляецца ў рамках сумеснага праекта Беларускага дзіцячага фонду, Дзіцячага кардыяхірургічнага цэнтра РНПЦ “Кардыялогія”, Міністэрства аховы здароўя і Міжнароднага дабрачыннага фонду “Дзіцячае сэрца” (ЗША). У пачатку 90-х мы адпраўлялі дзяцей на аперацыі за мяжу, бацькоў там часта не прымалі. Уяўляеце, як гэта было цяжка? Але ішлі і на гэта, што было рабіць? На той час нашы хірургі выконвалі далёка не ўсе віды неабходных аперацый. Праблема была вялікая, але ў 2000 годзе мы пачалі супрацоўнічаць з кардыяхірургам са Злучаных Штатаў Амерыкі Вільямам Новікам. Спачатку ён са сваёй брыгадай, а гэта 14-15 чалавек, прыязджаў да нас 4-5 разоў на год, працаваў з беларускімі спецыялістамі. Сёння ўжо беларускія ўрачы выконваюць найскладанейшыя аперацыі, выязджаюць з доктарам Новікам у іншыя краіны, дапамагаюць не толькі нашым пацыентам, але і замежным, праходзяць там добрую стажыроўку. Мы ганарымся, што ў станаўленні Дзіцячага кардыяхірургічнага цэнтра РНПЦ “Кардыялогія” ёсць уклад і нашай арганізацыі.
Важна яшчэ і тое, што БДФ арганізоўвае рэабілітацыйна-аздараўленчыя змены для цяжка хворых дзяцей. Адна з іх — “Вясёлыя сэрцайкі” для дзяцей ад 10 да 16 гадоў, якія перанеслі аперацыі на сэрцы, маюць цяжкія сардэчна-сасудзістыя захворванні. Як жывуць такія дзеці? Яны пастаянна адчуваюць сябе хворымі, вучацца дома, мала кантактуюць з равеснікамі. А мы імкнёмся зрабіць іх жыццё больш змястоўным, цікавым, пашырыць кола іх зносін. Паверце, пасля рэабілітацыйна-аздараўленчых змен дзіця або падлетак вяртаецца дадому зусім іншым, у яго пачынаецца новае, больш поўнае жыццё.
Дадам, што на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” ўжо шмат гадоў запар мы арганізоўваем аздараўленчыя змены “Вясёлка надзеі” для дзяцей, якія перанеслі анкалагічныя захворванні. І таксама, як і з “Вясёлымі сэрцайкамі”, атрымліваем не толькі аздараўленчы, але і станоўчы псіхалагічны эфект.
Ёсць у нас і новая праграма “Я бачу!”, якую фонд рэалізоўвае пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя, з дапамогай урачоў і студэнтаў Паўднёвага каледжа оптаметрыі (ЗША). Спецыялісты прыязджаюць у аддаленыя куточкі Беларусі, з якіх не зусім проста дабрацца да райцэнтраў, каб наведаць афтальмолага. Пры гэтым медыкі праводзяць дыягностыку не толькі дзяцей (хаця гэта — перш за ўсё), але і дарослых. Вось прыклад: за чатыры дні работы ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці ў гэтым годзе амерыканскія і беларускія спецыялісты праверылі зрок больш чым у 900 дзяцей, і ўсім, каму гэта было неабходна, бясплатна выдалі акуляры.

— Якія цудоўныя гісторыі вы расказваеце, Аляксандр Васільевіч. Упэўнена, што іх яшчэ многа набярэцца. Ці не так?
— Канечне, усіх не перакажаш. Але не дарую сабе, калі не скажу некалькі слоў пра падтрымку таленавітых дзяцей з сацыяльна неабароненых катэгорый. Так, мы ўжо даўно праводзім семінары для таленавітых дзяцей-сірот. Удзельнікам першага такога семінара быў Іван Казіміроўскі з Бялыніцкай школы-інтэрната Магілёўскай вобласці. Цяпер уся краіна ведае гэтага хлопца як спевака Івана Буслая. Тут важна, каб у дзіцяці, у якога няма бацькоў ці бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, была магчымасць развіваць свае здольнасці, як гэта робіцца ў любой нармальнай сям’і. Любая мама назірае за сваім сынам ці дачушкай і вядзе яго ці яе ў секцыю, гурток. А дзецям, з якімі працуем мы, мы самі ж і дапамагаем. Безумоўна, гэта робяць таксама супрацоўнікі школ-інтэрнатаў, але наша падтрымка, паверце, не лішняя.
Раскажу і аб праекце “Дзеці вітаюць дзяцей”. Раней па нашым запрашэнні ў Беларусь прыязджаў нямецкі мастак Маціас Юрке і яго памочнікі. Яны вучылі дзяцей асаблівай тэхніцы работы з акрылавымі фарбамі па дрэве. Потым адбылася выстава работ у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Там былі прадстаўлены работы не толькі беларускіх дзяцей, але і юных мастакоў з Польшчы, Украіны, іншых краін. А зараз выхаванцы аднаго з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу (з Бабруйска) едуць на тыдзень у Германію на заняткі да Маціаса і для ўдзелу ў Міжнароднай мастацкай выставе.
Дазвольце яшчэ расказаць крыху цудоўных гісторый. У 2012 годзе Беларускі дзіцячы фонд выдаў кнігу таленавітага юнага аўтара Алёны Дэбіш “Замак тайн”. Дзяўчынка за год да гэтага стала пераможцай рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Дзеці пішуць для дзяцей”, які праводзіць БДФ. А кніга, што выйшла ў свет, — першая для дзяўчыны-інваліда, якую фонд падтрымліваў шмат гадоў. Алёна, дарэчы, атрымала стыпендыю “Мы верым у цябе!” Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ёсць гісторыя аб іншай дзяўчыне-інвалідзе Наталлі Астанінай, якая вельмі хацела займацца бальнымі танцамі. Фонд набыў для яе спецыяльную інвалідную каляску, Наталля потым перамагала на конкурсах, паступіла ў ВНУ ў Маскве, дзе вучыцца ўжо на 2 курсе.
Зразумела, нашы магчымасці не бязмерныя, але мы робім усё, што можам. Выконваем задачу, якая адзначана ў Статуце нашай арганізацыі: “…Абарона правоў і інтарэсаў дзяцей, аказанне ім матэрыяльнай, маральнай і іншай дапамогі і падтрымкі, і ў першую чаргу — дзецям-сіротам, дзецям, якія знаходзяцца пад апекай, пацярпеўшым ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, з мнагадзетных і няпоўных сем’яў, хворым і дзецям-інвалідам”.

Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.