5 прызавых месцаў на ІІІ Маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па сёгі? Проста!

28—30 ліпеня ў Вроцлаве (Польшча) прайшоў ІІІ Маладзёжны чэмпіянат Еўропы па сёгі. Арганізатарамі выступілі Польская асацыяцыя сёгі, польска-японскі фонд сяброўства NAMI і Федэрацыя еўрапейскіх асацыяцый сёгі. У чэмпіянаце прынялі ўдзел спартсмены з Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Украіны і Расіі. Нашу краіну годна прадставілі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

У першы дзень спаборніцтваў спартсмены даказвалі сваё лідарства на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па дабуцу-сёгі (больш просты варыянт сёгі) і камандным турніры. У першым выпадку ім прапаноўвалася гуляць без уліку часу, за кожную перамогу налічвалася 3 балы, за пройгрыш — 1 бал. Лепшым у дабуцу-сёгі стаў беларус Антон Старыкевіч. Хлопец перамог у 22 з 23 партыях, чым зарабіў 67 ачкоў.

У камандным турніры даказала свой прафесіяналізм мінская зборная Belarus 1, у склад якой увайшлі Антон Старыкевіч, Пётр Шчаслёнак і Аляксей Лаўрыновіч. Кожны са спартсменаў гуляў сваю партыю, а вынікі запісваліся ў камандны залік. Нашы хлопцы ў гэтым турніры былі прызнаны чэмпіёнамі. Пётр Шчаслёнак гаворыць, што для такіх відаў турніраў неабавязкова збірацца разам і рыхтавацца, але яны часам усё ж праводзяць агульныя трэніроўкі.

У астатнія два дні праходзіў асноўны турнір па чатырох узроставых катэгорыях: U9, U12, U15 і U18. Навучэнцы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі да 9 гадоў забралі сабе ўсе тры прызавыя месцы. Лепшым стаў Феадосій Буцько, другім — Аляксей Сухоцкі, а трэцім — Цімур Падрэз. У катэгорыі да 18 гадоў 1-е месца заняў Антон Старыкевіч, 2-е — у Аляксея Лаўрыновіча.

З 12 магчымых намінацый беларуская каманда забрала 5, што дазволіла ёй стаць абсалютным лідарам у агульнакамандным заліку. Германія завяршыла чэмпіянат з двума медалямі (“золата” і “серабро”), Расія і Польшча — таксама (у першай — “золата” і “бронза”, у другой — “серабро” і “бронза”), зборная Украіны вярнулася дадому з бронзавай узнагародай.


Сёгі — японская настольная лагічная гульня, падобная да шахмат, у якой прымаюць удзел два чалавекі. З прылад: дошка памерам 9х9 прамавугольнікаў і 20 фігур (так званыя чорныя і белыя).

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена польска-японскім фондам сяброўства NAMI.