5 уменняў для поспеху

- 11:19Людзі адукацыі

Кацярына Мікалаеўна Віткоўская-Салагуб — яркі прадстаўнік маладога пакалення перспектыўных кіраўнікоў. Паўгода назад яна была назначана на пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 3 машынабудавання.

Нядаўна яна стала адной з лепшых на першым этапе гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Выхаванне ў асобах”.

Стук яе абцасаў чуецца ў калідорах ліцэя задоўга да пачатку рабочага дня. А пасля яго заканчэння яе нярэдка можна знайсці ў інтэрнаце ці рэпетыцыйнай зале. У спісе яе спраў на дзень — некалькі дзясяткаў пунктаў. І практычна ўсе яны да вечара будуць выкананы. Вось такая мая сураз­моўніца Кацярына Мікалаеўна Віткоўская-Салагуб.

Ёй усяго крыху за 30, аднак ёй даручылі такі няпросты і важны напрамак работы, як выхаваўчая работа ва ўстанове прафесійнай адукацыі. Яна заўзята ўзялася за справу, і вынікі работы заўважылі не толькі ва ўстанове, але і на гарадскім узроўні. У першым этапе конкурсу “Выхаванне ў асобах”, які праводзіўся сярод работнікаў сістэмы ПТА і ССА, К.М.Віткоўская-Салагуб стала адной з пераможцаў у намінацыі “Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце”. Пагаварылі з Кацярынай Мікалаеўнай аб яе падыходзе да работы, кіраўніцкіх рашэннях і аб тым, як сёння выбудоўваць выхаваўчую работу, каб яна была эфектыўнай. 

У пошуках лепшай версіі сябе

Яна заўсёды хацела дапамагаць людзям. Менавіта такі запавет пакінуў маленькай Кацярыне тата, які быў ваеннаслужачым. Дзяўчына разважала аб тым, як сумясціць гэтае жаданне з імкненнем да творчасці (а наша гераіня з малых гадоў любіла спяваць, танцаваць, яшчэ і на скрыпцы іграла). І нарэшце знайшла выйсце.

— Кажуць, прафесію трэба выбіраць па душы, каб атрымліваць пачуццё задавальнення і радасць ад работы. Свой занятак у жыцці я выбірала менавіта па такім прынцыпе. Якраз у той год, калі заканчвала школу, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў пачыналі набор на новую спецыяль­насць “Сацыяльная педагогіка. Выхаваўчая работа ва ўстановах сацыякультурнай сферы”. Гэтая спецыяльнасць увабрала ўсё тое, што мне падабалася і да чаго я імкнулася. Я зрабіла свой выбар на ка­рысць складанай, але выдатнай прафесіі і ніколі аб гэтым не пашкадавала, — расказвае аб пачатку свайго прафесійнага шляху Кацярына Мікалаеўна.

Першым працоўным месцам для маладога сацыяльнага педагога стаў Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання.

І гэты вопыт Кацярына Мікалаеўна лічыць надзейным пунктам апоры — непасрэдная штодзённая работа з дзецьмі дазваляе добра разумець іх патрэбы, жаданні, чаканні і выбудоўваць работу, зыходзячы з гэтага.

— Мая формула поспеху: “Рабіць лепшае з таго, што я магу, з тым, што ў мяне ёсць”. Мой поспех — гэта мой асабісты стандарт: шукаць самае лепшае, што ёсць ува мне, і стаць тым, кім я магу стаць. Усё гэта я і раблю з вялікім задавальненнем і стараннем, — расказвае пра свой падыход да работы наша гераіня.

Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 3 машынабудавання рыхтуе кадры для такіх прамысловых гігантаў, як Мінскі трактарны завод, Мінскі маторны завод, Мінскі механічны завод імя С.І.Вавілава, Мінскі завод колавых цягачоў, і іншых прадпрыемстваў.

У пошуках лепшай версіі сябе яна шмат вучылася і развівалася. Атрымлівала дадатковыя веды па такіх тэмах, як работа з моладдзю, якая мае розныя віды залежнасцей ці праблемы сацыялізацыі ў грамадстве, вывучала аспекты стварэння інклюзіўнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі, стала суаўтарам праекта па сацыяльнай адаптацыі і падрыхтоўцы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, да самастойнага жыцця “Усё ў тваіх руках”.

Новыя гарызонты

Кацярыну Мікалаеўну заўсёды адрознівалі шчырая неабыякавасць да дзяцей, высокая актыўнасць і прадукцыйнасць, якія не засталіся незаўважанымі. У жніўні мінулага года яна атрымала прапанову ­стаць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў ліцэі № 3 машынабудавання.

— Безумоўна, я ставіла перад сабой задачу стаць добрым намеснікам кіраўніка. У маім ра­зуменні гэта значыць стаць рухаючай сілай, якая дае імпульс магутнай плыні пад назвай “выхаваўчая работа”, весці за сабой людзей і быць для іх прыкладам, — расказвае наша гераіня. За гэты час яна сістэматызавала выхаваўчую работу ва ўстанове і намеціла некалькі новых прыярытэтаў для далейшага развіцця. Першы — зрабіць так, каб дзеці былі не проста ўдзельнікамі актыўнасцей, а іх ініцыятарамі. Абудзіць у іх цікавасць і актыўнасць — найбольш правільны, хоць і не самы лёгкі шлях. Намеснік дырэктара пачала са стварэння навучэнскага актыву. Разам з калегамі яна знайшла і аб’яднала таленавітых і крэатыўных лідараў. У іх запалілі агеньчык ініцыятыўнасці, і цяпер яны распаўсюджваюць гэты агеньчык сярод сваіх таварышаў. Любая ініцыятыва падтрымліваецца, навучэнцы адчуваюць сябе гаспадарамі сітуацыі і становяцца яшчэ больш ініцыятыўнымі. Сёння навучэнцы ліцэя ахвотна ўключаюцца ў гарадскія і рэспубліканскія праекты, акцыі, мерапрыемствы.

— Для мяне галоўны паказчык паспяховай работы — гэта вынікі дзяцей, — адзначае К.М.Віткоўская-Салагуб. — Безумоўна, радуе, што па многіх напрамках работы назіраецца станоўчая дынаміка. Аднак лепш за любыя лічбы гаворыць само жыццё. Мяне перапаўняюць эмоцыі, калі ўвечары, нават пасля завяршэння працоўнага дня, навучэнцы пішуць мне ў месенджарах прапановы і пытанні. Гэта значыць, што яны ўключыліся ў працэс і ў іх ёсць шчырае жаданне чымсьці займацца, што мала­дзёжнае жыццё кіпіць.

Таксама Кацярына Мікалаеўна скіравала ўвагу калектыву на абнаўленне форм работы з дзецьмі, каб зрабіць яе больш сучаснай. З’явіліся старонкі ў сац­сетках, у ліцэі запускаюць чэленджы, праводзяць спічрайтынгі, квесты, здымаюць відэаролікі для ТіkТоk і інш. 

Сярод важных задач — пашырыць колькасць аб’яднанняў па інтарэсах, што прапануюцца навучэнцам, з улікам таго, што большасць навучэнцаў ліцэя — хлопцы. Зараз яны мо­гуць наведваць заняткі па цяжкай атлетыцы, стральбе, валейболе, турызме. У хуткім часе пачнуцца заняткі па агульнафізічнай пад­рыхтоўцы з элементамі паркура і чырлідынгу.

— Увогуле, наша звышзадача — загрузіць выхаваўчы працэс максімальна і разнастайна, каб навучэнцы кожную свабодную хвіліну прысвячалі свайму развіццю як асобы і грамадзяніна і каб кожны мог знайсці для гэтага магчымасці, — пераканана Кацярына Мікалаеўна.  

Работа па сістэме

Падчас работы ў Кацярыны Мікалаеўны сфарміраваліся трывалыя прафесійныя ўменні, якія сёння дапамагаюць ёй выра­шаць пастаўленыя задачы. Самымі важнымі яна лічыць 5 з іх. Першае — гэта стратэгічнае мысленне.

— Я лічу, што вельмі важна першапачаткова мець стратэгію, бачыць агульную карціну, якую трэба стварыць, і, зыхо­дзячы з гэтага, прадумваць кожны крок, каб кожнае дзеянне, кожнае мерапрыемства, акцыя набліжалі да галоўнай мэты, быццам кавалкі мазаікі, кожны з якіх дапамагае сабраць выніковую выяву. Хаатычныя і непрадуманыя дзеянні не прыносяць карысці, а толькі забіраюць рэсурсы, — адзначыла Кацярына Мікалаеўна.

Другое важнае ўменне нашай гераіні — уменне арганіза­ваць рабочы працэс. Пачынае яна, канечне, з сябе. На кожны дзень у яе складзены дакладны план работы, спіс задач, які, дарэчы, заўсёды вельмі вялікі. Гэта дапамагае структураваць работу, усведам­ляць яе аб’ём і разумець, каму і што трэба дэлегаваць. І яна не супакоіцца, пакуль насупраць кожнай задачы не будзе стаяць птушачка.

Трэцяе важнае ўменне — матывацыя персаналу. Сакрэт гэтага ўмення для Кацярыны Мікалаеўны ў індывідуальным падыходзе і імкненні зразумець і пачуць кожнага. У кожнага чалавека свой склад характару, свая жыццёвая сітуацыя і прыярытэты. Каб гэта ведаць, трэба шчыра цікавіцца людзьмі, тым, чым яны жывуць, і ўмець камуніка­ваць з імі. Калі па-сапраўднаму ведаеш чалавека, то разумееш, што можа стымуляваць яго.

— Людзі — гэта найбольшая каштоўнасць, менавіта ад калектыву залежыць эфектыўнасць работы. Ніколі не шкадую часу на камунікацыю з калегамі. Я рада, што мяне акружаюць кампетэнтныя спецыялісты, у нас ёсць поўнае ўзаемаразуменне і ўсе мы рухаемся ў адным напрамку, — дзеліцца наша гераіня.

Ва ўстанове можна атрымаць такія прафесіі, як токар, фрэзероўшчык, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, кантралёр станочных і слясарных работ, слесар механазборачных работ, слесар-інструментальшчык, слесар-рамонтнік, электраманцёр па рамонце складанага электраабсталявання, слесар па рамонце аўтамабіляў, электразваршчык. Навучанне ажыццяўляецца на базе 9 і 11 класаў.

Уменне прымаць рашэнні — яшчэ адно важнае ўменне, якім валодае Кацярына Мікалаеўна. Каб прымаць рашэнні аператыўна і якасна, трэба ў першую чаргу не баяцца браць на сябе адказнасць. Гераіня кажа, што пры­маць правільныя рашэнні ёй дапамагае інтуіцыя. Але, думаецца, справа не толькі ў гэтым, але і ў вопыце, глыбокім веданні сітуацыі, шырокім кругаглядзе і ўменні мысліць стратэгічна. Усё гэта дапамагае нават на падсвядомым узроўні рабіць правільны выбар.

І нарэшце, творчы падыход. Уменне ў любыя формы работы прыўнесці яркія фарбы, безумоўна, моцны бок нашай гераіні. Кацярына Мікалаеўна прызнаецца, што без творчасці не можа. Ра­біць штосьці суха і па шаблоне — не для яе. Ці то гэта звычайная прэзентацыя, ці то маштабны праект — яна заўсёды знахо­дзіць магчымасць зрабіць нешта новае, арыгінальнае. Так становіцца больш цікава ўсім, гэта адкрывае новыя гарызонты і выводзіць выхаваўчую работу на новы ўзровень.

Усе гэтыя ўменні, а таксама тое, што Кацярына Мікалаеўна літаральна жыве сваёй справай, робіць яе выбітным прафесіяналам, у якога, відавочна, яшчэ шмат поспехаў наперадзе.

— Мне цікавая мая работа. Ліцэй — гэта месца вялікіх здзяйсненняў, і не толькі для навучэнцаў, але і для мяне таксама. Тут не бывае сумна і руцінна. Я выхоўваю дзяцей і вучуся сама, дапамагаю ім самаўдасканальвацца і расту разам з імі. Мае вучні — гэта маё натхненне, — прызнаецца на завяршэнні нашай размовы Кацярына Мікалаеўна.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.