50 праектаў — адна душа…

- 16:17Выхаваўчая прастора, Рознае

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі надоечы адкрылася ІІІ Рэспубліканская выстава “З рога ўсяго многа” калектываў дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія маюць званне “народны”.
З рога ўсяго многа! Як трапна ўсё ж гэта сказана! Сапраўды, так многа-многа! Толькі часта, пішучы пра выставы дзіцячай творчасці, мы міжволі не кажам пра сам рог, а абмяжоўваемся пералічэннем: саломапластыка, мастацкі роспіс па шкле, кераміка, вышыўка, ткацтва, габелен, валенне лямцу, аўтарская лялька, мяккая цацка, выпальванне па тканіне, мадэляванне адзення, кампазіцыі з прыродных матэрыялаў… Як ужо зразумеў чытач, творы дзяцей, вырабленыя ў вышэйпералічаных тэхніках і матэрыялах, можна ўбачыць на ІІІ Рэспубліканскай выставе “З рога ўсяго многа” калектываў дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія маюць званне “народны”. Іншымі словамі, гэта каля 50 творчых праектаў, засяроджаных на той ці іншай тэхніцы або тэме: “Тайны бабульчынага куфэрка”, “Дыханне пшанічнага каласка”, “Лянок”, “Агняцвет”, “Усходняя казка”, “Шлях ад продкаў да нашчадкаў”, “Народныя карані залатога мастацтва”, “Беларуская шляхта”, “Народныя святы”, “Мы — беларусы!”, “Геральдычная кераміка Беларусі”, “Бярозаўскія замалёўкі”, “Віды птушак, якія знікаюць у Беларусі”, “І кветкі ўмеюць гаварыць”, “Вялікае жыццё маленькіх рэчаў” і інш.
А дзе сам рог?
“Рог” у нашым выпадку — бог, корань. Ён, мабыць, пачынае расці з душы педагога і душы дзіцяці, якое ён выхоўвае.
Ці думалі 6—11-гадовыя навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Вясёлка” народнай скульптурна-керамічнай студыі “Крынічка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, выхаванцы Вольгі Мікалаеўны Кашкурэвіч, што будуць калі-небудзь маляваць па шкле Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Вітаўта, Льва Сапегу, Кастуся Каліноўскага, Адама Міцкевіча, Марка Шагала? І што іх калектыўная творчасць некалі выльецца ў асобны самастойны праект “Тузін кітоў”? Як высвятляецца, думалі, верылі, спадзяваліся, бо, як кажа Вольга Мікалаеўна, спачатку яна планавала зрабіць для “рога” нешта не вельмі сур’ёзнае, кшталту нейкіх цацак з лямцу, але дзеці самі захацелі маляваць гістарычныя партрэты, самі вызначыліся з постацямі ў асобах Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны і Льва Сапегі. А дзяцей у “Вясёлцы” — не трое, а ў разы больш. А выбітных асоб у беларускай гісторыі — яшчэ больш. Так, тры спачатку ператварыліся ў дзесяць, а дзесяць — у дванаццаць. Хуценька знайшлася і аналогія: “тузін гітоў — тузін кітоў”.
“Гэта асобы-кіты, на якіх трымаецца наша беларуская культурная спадчына, — тлумачыць Вольга Мікалаеўна. — І варта заўважыць, што дзецям было вельмі цікава шукаць пра іх інфармацыю, даведвацца, што ў нашай гісторыі былі такія выдатныя людзі. Кожны з удзельнікаў праекта зрабіў рэферат пра сваю асобу, для некаторых работ спатрэбіліся нават рэпрадукцыі, у прыватнасці, для М.Шагала (карціны) і К.Каліноўскага (нумар “Мужыцкай праўды”). Адным з маіх патрабаванняў да дзяцей і было якраз звярнуцца да матэрыялаў эпохі той ці іншай асобы, пастарацца дасягнуць стылістычнай праўдабадобнасці. Іншым разам з гэтым былі праблемы. Напрыклад, толькі цяпер на выставе “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі мы ўбачылі пячатку Усяслава Чарадзея з яго выявай. Але дзеці былі маральна гатовы да распрацоўкі такой сур’ёзнай тэмы. Нездарма прыгадалася ўся наша ранейшая работа ў студыі, калі мы знаёміліся то з беларускім павуком, то з каляднай зоркай, то з маляванкай… Я заўважыла, што ў дзяцей, якія выгадаваліся ў маім гуртку, нават зусім іншыя эмоцыі, чым у навічкоў. Ужо той факт, што дзеці самі прапанавалі такую тэму, для мяне быў адкрыццём, а з другога боку, вельмі прыемнай чаканай радасцю”.
Ці думала 20-гадовая армянка Татэвік Кіракасян, што некалі ўвасобіць царкву святой Рыпсіме ў родным горадзе Эчміядзіне, дзе абвянчаліся дваццаць гадоў назад яе бацькі, у нацыянальным беларускім саломапляценні? Можа, і не думала, але, прыйшоўшы сем гадоў назад у народную студыю дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Бусляня” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі да педагога Ірыны Святаславаўны Лялонг, нарэшце-такі надумала… і працавала над сваёй саламянай царквой паўтара года. “Я вельмі хацела захаваць частачку Арменіі ў сябе дома. А тое, што мая Арменія атрымалася ў выглядзе нацыянальнага беларускага мастацтва, якога не існуе ў мяне на радзіме, дадае маёй рабоце пэўны сімвалізм”, — гаворыць Татэвік. “А які націск у вашым імені? ТатЭвік, ТАтэвік ці ТатэвІк?” — цікаўлюся я. — “ТатЭвік. Але ўвогуле я ўжо даўно стала Таняй”. Можа, і гэта таксама дзякуючы народнай студыі “Бусляня” і Ірыне Святаславаўне Лялонг.
“Ірына Святаславаўна, саломапляценне насамрэч не практыкуецца ў Арменіі, як мне сказала Татэвік? І наогул, на ваш погляд, ці цяжка было ёй асвоіць наша нацыянальнае рамяство?” — пытаюся ў кіраўніцы студыі “Бусляня” і чую ў адказ: “Ды не, я не сказала б… Вучацца ўсе аднолькава. Пляценне існавала ва ўсіх народаў. Дзе расло жыта, пшаніца — людзі з іх нешта рабілі… Проста беларусы ўзялі ды акультурылі гэта і ўзвялі ў мастацтва”.
І каму мне верыць? Татэвік Кіракасян або Ірыне Святаславаўне Лялонг? Рогу.
“Рогу, з якога многа”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.