500 гадоў стажу

Трэці раз сабраў Гомельскі абласны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі розныя пакаленні настаўнікаў на злёце педагагічных дынастый Гомельшчыны. Штогод злёт праходзіць у сценах Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, і гэта сімвалічна, бо многія ўдзельнікі мерапрыемства — яго выпускнікі.

— Пачатак такой традыцыі паклала работа абкама па зборы інфармацыі аб сем’ях, у якіх прафесія настаўніка перадаецца з пакалення ў пакаленне, пачатая пяць гадоў назад, — расказала намеснік старшыні абласной прафсаюзнай арганізацыі Н.Я.Давыдзенка. — Гомельская вобласць аказалася даволі багатай на педагагічныя дынастыі, і нам хацелася, каб пра гэтыя сем’і ведалі як мага больш людзей, а самі настаўнікі адчувалі ўдзячнасць і павагу за вернасць абранай прафесіі. Вось тады і было вырашана праводзіць злёт педагагічных дынастый.
На папярэдніх дзвюх сустрэчах адбылося знаёмства з 35 дынастыямі з розных рэгіёнаў вобласці. Багатыя настаўніцкімі сем’ямі Петрыкаўскі, Жыткавіцкі, Рэчыцкі, Буда-Кашалёўскі раёны. Шмат дынастый жыве ў Гомелі. Вынікам даследаванняў і сустрэч стала выдадзеная абласным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі кніга “Педагагічныя дынастыі Гомельшчыны”, якая расказвае пра 46 педагагічных дынастый. Многія з іх прадстаўлены трыма, чатырма і нават пяццю пакаленнямі, а агульны педагагічны стаж некаторых складае амаль 500 гадоў.
На трэцім злёце свае гісторыі прадставілі 17 сем’яў. Вядома, што педагогі — людзі творчыя і дапытлівыя, а таму самапрэзентацыі былі не падобныя адна на другую, у самых разнастайных жанрах — вершах, прозе, у форме маналогу і калектыўнага прадстаўлення, нават у музычных кампазіцыях. Але ўсе дынастыі аб’ядноўвае адно — любоў да сваёй справы.
Да ўдзелу ў злёце педагагічных дынастый заўсёды запрашаюцца навучэнцы педагагічных каледжаў, студэнты педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі і маладыя настаўнікі. Для іх гэта добры прыклад, пацвярджэнне важнасці і значнасці настаўніцкай прафесіі.

Наталля ЛУТЧАНКА.