5G-тэхналогіі, электронная адукацыя і ўніверсітэцкі спадарожнік

Міністр адукацыі краіны Ігар Карпенка наведаў XXVII Міжнародную выставу “ТІБО-2021”, дзе азнаёміўся з інавацыйнымі распрацоўкамі ўстаноў адукацыі ў галіне інфармацыйных тэхналогій.

Цікавасц­ь у міністра выклікаў праект “Лічбавы факультэт”, які рэалізуецца на базе факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Ён прадугледжвае стварэнне лічбавай інфраструктуры факультэта, якая вырашае рэальныя задачы, і ў той жа час яна адкрыта для студэнтаў, якія змогуць рэалізоўваць у ёй свае праекты. Створана сістэма адукацыйных парталаў БДУ, дзе на сёння зарэгістравана больш за 20 тысяч карыстальнікаў. На серверах універсітэта з’явілася ўласная карпаратыўная сістэма відэа-канферэнц-сувязі, што дазваляе праводзіць анлайн-заняткі з адначасовым падключэннем да 4 тысяч студэнтаў. Міністру былі прадстаўлены каля 20 распрацовак у розных кірунках. Сярод іх — макет універсітэцкага спадарожніка BSUSat-1, праграмна-апаратныя платформы, якія дазваляюць дыстанцыйна зняць паказанні з розных відаў лічыльнікаў, шматфункцыянальныя “разумныя вокны” — вадкакрышталічныя панэлі, якія засцерагаюць памяшканне ад сонечнага святла, пранікнення ўльтрафіялетавага і часткова інфрачырвонага выпраменьвання.

РІПА прадставіў інфармацыю аб развіцці руху WorldSkills, лічбавыя распрацоўкі тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання аб’ектаў ВІМ, якая шырока прымяняецца ў будаўніцтве, праграмнае забеспячэнне для абслугоўвання аўтамабіляў з элементамі дапоўненай рэальнасці і выкарыстанне ЭАР, праграмны прадукт “Электронны каледж”. Аб распрацоўцы РАС “Электронная адукацыя” расказалі супрацоўнікі ГІАЦ. Сістэма прызначана для павышэння аператыўнасці збору і апрацоўкі статыстычнай справаздачнасці ў сістэме адукацыі, укаранення дзейсных механізмаў кантролю яе дакладнасці, пашырэння спектра аналітычнай інфармацыі. ГІАЦ сумесна з НІА і іншымі ўстановамі адукацыі стварае адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, задача якога — аказаць дапамогу вучням у засваенні вучэбнага матэрыялу, асобных тэм.

БДУІР прапаноўвае праграмы, якія рэалізуюцца ў Акадэміі інфарматыкі для школьнікаў. Дарэчы, 1 чэрвеня ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій універсітэта пачалася пятая адукацыйная змена Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па вучэбнай праграме “Web-дызайн”. Свая экспазіцыя на выставе была і ў Дзіцячага тэхнапарка. У навукова-тэхналагічным парку “Палітэхнік” БНТУ сёння ствараюць 3D-прынтары, ажыццяўляюць 3D-друк у будаўніцтве. Факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі ўніверсітэта і сярэдняя школа № 52 Мінска рэалізуюць інавацыйны праект па ўкараненні адытыўных тэхналогій на ўроках працоўнага навучання. Ва ўніверсітэце дзейнічае студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя робататэхнікі і адпаведная лабараторыя Дзіцячага тэхнапарка, вядзецца падрыхтоўка ў кірунку мабільнай робататэхнікі WorldSkills. На пляцоўцы БДТУ дэманстраваўся вопыт выкарыстання сучасных тэхналогій у лесагаспадарчым і хімічным комплексе, дрэваапрацоўцы і г.д. Прадстаўлены дроны, сімулятар лесанарыхтоўчай сучаснай машыны, элементы дапоўненай рэальнасці, стэнд з 3D-прынтарам і г.д. У рамках дадатковай адукацыі дарослых ва ўніверсітэце ладзяцца курсы па падрыхтоўцы аператараў беспілотных лятальных апаратаў. Беларуска-Расійскі ўніверсітэт прэзентаваў інавацыйныя распрацоўкі для навучання студэнтаў у сферы BIM-тэхналогій праектавання і эксплуатацыі будынкаў, інавацыйных тэхналогій у зварачнай вытворчасці, у сферы праграмавання мехатронных модуляў і робатаў.

Супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы расказалі пра электронныя лічбавыя сэрвісы. Адзін з іх — лічбавы кабінет абітурыента — сістэма, якая дазваляе абітурыентам у аддаленым рэжыме наладзіць узаема­дзеянне з прыёмнай камісіяй. Працягваючы тэму, міністр адукацыі адзначыў неабходнасць стварэння ў краіне адзінай электроннай сістэмы залічэння ва УВА. Выставачная зона кампаніі Huawei была прысвечана перадавой тэхналогіі 5G і глабальным распрацоўкам у гэтай сферы. Наведвальнікі змаглі апрабаваць на сабе акуляры віртуальнай рэальнасці і ацаніць навінкі мабільных прылад кампаніі. Магчымасці выкарыстання мультыбордаў, сэн­сарнай кафедры і інтэрактыўнага стала ў адукацыйным працэсе прадставіў айчынны вытворца і распрацоўшчык інтэрактыўных сэнсарных стэндаў і праграмнага забеспячэння ТАА “Тэхна-Скай”. Цікавасць уяўляла экспазіцыя з эрганамічнай мэбляй, якая рэгулюецца, сталамі-партамі і партамі-трансформерамі.

Пляцоўку рэспубліканскага мала­дзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” з інавацыйным праектам “Жывая рука” прэзентавала яго пераможца Наталля Чырыца, настаўніца адаптыўнай фізічнай культуры сярэдняй школы № 111 Мінска. Педагог вырабіла доследны ўзор мультыпараметрыйнага комплексу для сенсорных секвенцый з мэтай актывізацыі міжпаўшарных сувязей і карэкцыі рухальных дысфункцый рук у дзяцей са спастычнай формай ДЦП. Вучні 111-й школы Аляксандр Мяльгуй і Максім Сувораў перамаглі ў мінскім гарадскім этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі” з праектам “Адукацыйная платформа “Беларуская мова — вучням”, які папулярызуе родную мову і дапаможа якасна падрыхтавацца да ЦТ і выпускных іспытаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.