Да акцыі “Дзень без аўтамабіля” актыўна далучыліся школьнікі Гомельшчыны. 22 верасня яны прыехалі да месца вучобы на веласіпедах. Наяўнасць яго была галоўнай умовай экалагічнага квеста, арганізаванага Гомельскім абласным эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі.
Мерапрыемства праводзілася дыстанцыйна. Для ўдзелу трэба было зайсці ў інтэрнэт і зарэгістравацца на сайце. На старт выйшлі 84 каманды з большасці раёнаў вобласці. Самым масавым удзелам адзначылася каманда гомельскай сярэдняй школы № 12 — больш за 30 юных веласіпедыстаў разам з дырэктарам. Усяго ў гульні паўдзельнічала больш за 600 чалавек.
Пасля заканчэння заняткаў на сайце ўключыўся таймер першага задання. Дзеці павінны былі зрабіць крэатыўнае фота з веласіпедам і размясціць яго ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #гомельбезавто і #gomelbezavto. Не прайшло і 10 мінут, як у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца першыя фотаздымкі.
Другім заданнем стала напісанне верша са словамі “веласіпед”, “прырода”, “экалогія”, “паветра”, “школа”. Юныя таленавітыя паэты аказаліся на вышыні. Трэцяе заданне — прыдумаць незвычайны веласіпед і зрабіць яго мадэль з падручных матэрыялаў. У ход пайшлі папера, старыя газеты, ролікі ад скотча, сапсаваныя кампакт-дыскі і нават зламаныя мабільнікі. Наступнае заданне — фотаздымкі на вуліцах сваіх гарадоў і вёсак. Тут фотамадэлямі выступілі каты, сабакі і птушкі. У кадр трапілі як дзікія, так і свойскія жывёлы.
Завяршальным і самым складаным заданнем квеста было інтэрв’ю з веласіпедыстам на вуліцах населенага пункта. Для таго каб разгаварыць прыхільнікаў двухколавага транспарту, дзецям прыйшлося праявіць цуды камунікабельнасці. Інтэрв’ю атрымаліся жывымі і эмацыянальнымі. З творчымі заданнямі паспяхова справіліся ўсе каманды. Вызначыць пераможцаў вела-квеста дапамагла анлайн-віктарына. У старэйшай узроставай групе пераможцай стала каманда Гомельскага гарадскога
ліцэя № 1, у малодшай — каманда гімназіі № 71 Гомеля.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.