Спаборнічалі юныя алімпійцы

- 15:00Нам пішуць

Ліпень — гарачая пара ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Штодня для маленькіх жыхароў горада і раёна арганізоўваюцца разнастайныя мерапрыемствы, дзе кожны можа праявіць сябе.

23 ліпеня ў рамках абласнога марафону актыўнага адпачынку “Лета дзень за днём” у гарадскім парку імя графа Тышкевіча адбылася спартыўная гульнявая праграма “Малыя Алімпійскія гульні” сярод юных спартсменаў горада. Арганізатарамі мерапрыемства былі педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама трэнеры-выкладчыкі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. У спаборніцтвах узялі ўдзел дзеці нашага горада, а таксама госці, якія прыехалі адпачыць на Свіслаччыне, — усяго чатыры каманды.

Традыцыйна свята пачалося з урачыстай лінейкі і знаёмства з камандамі. Дзецям нагадалі пра карысць аматарскага спорту і раздалі маршрутныя лісты са станцыямі. Іх чакала спартыўная эстафета, а таксама спаборніцтвы па дартсе і баскетболе, інтэлектуальная гульня. Кожная каманда змагалася за лідарства, дэманструючы спрыт, кемлівасць і ўменне працаваць у камандзе.

Па выніках малых Алімпійскіх гульняў усе каманды занялі прызавыя месцы і атрымалі граматы. Самай хуткай і спрытнай стала каманда “Клубніцы”, якая складалася з адных дзяўчынак.

З упэўненасцю можна сказаць, што спаборніцтвы прайшлі ў атмасферы дружбы, а алімпійцы атрымалі яркія і пазітыўныя ўражанні ад спартыўных дасягненняў.

А.В.ПЕСНЯК,
педагог-арганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы.